Ад Віслы да Эльбы

Культура

Наводчык мінамёта прарыўной дывізіі 1-га Беларускага фронту Фёдар Унучак прыняў баявое хрышчэнне пры фарсіраванні Віслы. Атаку пачала авіяцыя, затым па ўмоўнаму сігналу ўдарыла цяжкая артылерыя, яе падтрымалі мінамётчыкі. Фашысты нечакана адказалі шквальным агнём. Пачалося сапраўднае пекла. Камандзір, жадаючы падтрымаць баявы дух навабранцаў, прыбыў на перадавую: “Сынкі, родненькія, дайце агню! Нельга дапусціць контратакі!” І сынкі не падвялі… Фашысты не вытрымалі напору нашай артылерыі і, панёсшы вялікія страты ў тэхніцы і жывой сіле, пачалі адступаць. Не баючыся сустрэчнага агню, чырвонаармейцы будавалі пантонныя масты, без перашкоды нашы танкі і пяхота перабіраліся на супрацьлеглы бераг Віслы. Вось толькі перамога дасталася неймаверна вялікай цаной. Фёдар Рыгоравіч і сёння не можа без хвалявання ўспамінаць свой першы бой, у якім загінуў іх бясстрашны камандзір…
Сялянскі хлопец, ураджэнец вёскі Капусціна, ваяваў у складзе інтэрнацыянальнага разліку. Разам з ім грамілі ворага якуты і літоўцы, украінцы і татары. Паміж імі ўсталяваліся сапраўды братэрскія адносіны. Шэсць чалавек з разліку не раз дзялілі пароўну апошні кавалак хлеба, курылі адну на ўсіх цыгарэту. Часам жартавалі. Падтрымаць настрой, выклікаць хвалю смеху Фёдар Унучак умеў, як ніхто іншы, і за гэта яго асабліва любілі. Аптымізм, як паспелі заўважыць салдаты, на вайне захоўваў не горш, чым жалезная каска ці ўкрыцце.
Сам жа ён быў у баях, як загавораны. Пры вызваленні Лодзі немцы аказвалі адчайнае супраціўленне. Фёдар Рыгоравіч і там быў на перадавой. Кулі свісталі над галавой бесперапынна. Адзін з чырвонаармейцаў паспрабаваў кінуць гранату, але ледзь падняўся, як руку ў момант перасекла аўтаматная чарга…
Маладым уласціва бравада, часам залішне дзёрзкая і неапраўданая. Здаралася такое і на фронце. Неяк раз Фёдара падбухторыў саслужывец з Украіны праверыць удачу: падняцца ва ўвесь рост на адкрытай прасторы пад кулямётнымі чэргамі. Хлопцы ажыццявілі гэту шалёную задуму. Нават драпіны не атрымалі, але затое ледзь на гаўптвахту не трапілі.
За баі, якія ішлі на тэрыторыі Германіі Фёдар Рыгоравіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Разам з разлікам яго накіравалі ў дазор. Яны дакладна вывучылі ўсю тэрыторыю, запомнілі месцы дыслакацыі снайпераў, размяшчэнне дотаў і дзотаў. У час чарговай атакі гэтыя веды дазволілі нашым войскам своечасова абясшкодзіць скрытыя сілы праціўніка і паспяхова, з малымі стратамі завяршыць баявую аперацыю.
Пры штурме Берліна камандаванне прыдумала нестандартную атаку – пад прыкрыццём пражэктараў. Нашы войскі маглі выдатна бачыць, што адбываецца ў праціўніка, а вось немцы, аслепленыя магутнымі патокамі святла, стралялі, куды прыйдзецца. Калі над рэйхстагам залунаў чырвоны сцяг, на некалькі хвілін наўкола ўсталявалася цішыня, якая затым, як па камандзе, разарвалася аўтаматнымі чэргамі. Стрэлаў за чатыры крывавыя ваенныя гады гучала шмат. Наслухаліся іх дастаткова. Але гэтыя апошнія выстралы выражалі нястрыманую радасць і здаваліся найлепшай у свеце музыкай…
У тым квітнеючым, поўным радасці і шчасця маі Фёдар Рыгоравіч быў сведкам легендарнай сустрэчы саюзных войск на Эльбе. Тут адбылася і яшчэ адна важная падзея ў жыцці радавога Унучака – ён стаў камсамольцам, а праз даволі кароткі час яго абралі камсоргам дывізіі. Пасля Перамогі камандаванне прапанавала Фёдару Унучаку звязаць лёс з ваеннай справай. «Ты быў харошым салдатам, табе лёгка даецца любая навука, ты ўмееш ладзіць з людзьмі!» – агітавалі афіцэры. Чаму не паддаўся на тыя ўгаворы, Фёдар Рыгоравіч і сёння любіць паразважаць:
– Селянінам нарадзіўся – селянінам гэты свет і пакіну. Зямля – наш галоўны скарб, таму і баранілі ад ворага, не шкадуючы ні сіл, ні самога жыцця. Не наракаю на лёс, што менавіта нашаму пакаленню выпала столькі выпрабаванняў, суцяшаюся надзеяй, што мы аплацілі за мірнае жыццё нашчадкаў на многія стагоддзі наперад. Трэба, каб яны не забывалі пра гэта…

Алена ЗБІРЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий