«Трэба дома бываць часцей»:

Важное Молодежный курьер Общество

у Валожыне з’явіўся новы мурал у стылі «стрыт-арт», галоўная ідэя якога – любоў да малой радзімы і духоўнае яднанне з ёй.

Вялікую і прыгожую работу ў рамках арганізаванага райвыканкамам фестывалю графіці і Года малой радзімы пакінулі валожынцам мастакі Аляксандр Благій, Марыя Рудакоўская, Юлія Лазоўская, Раман Янотаў, Сяргей Высоцкі і Яўген Сасюра. Усе яны – выхадцы з розных куткоў Беларусі, аднак аб’яднаны агульнай ідэяй: няма лепшага месца на свеце, чым тое, дзе ты нарадзіўся. Нездарма дэвізам мурала стаў радок з вядомага і любімага беларусамі верша Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей»…

Увесь мурал займае плошчу 216 квадратных метраў. Як расказаў Аляксандр Благій (мы ведаем гэтага таленавітага мастака са сталічнага дуэта «ТАКТАК» па стрыт-арт праекце на сцяне дома па вуліцы Партызанскай у райцэнтры, а яшчэ раней студыя займалася роспісам сцен дома па вуліцы Савецкай і раённай бібліятэкі, дзе адлюстравана птушка-сімвал Валожыншчыны – зімародак), на шчыльную трохдзённую работу пайшло, акрамя старання мастакоў, 20 літраў грунтоўкі, 180 спецыяльных балончыкаў фарбы-спрэя і 65 літраў фасаднай фарбы. Усе гэтыя кампаненты, прадастаўленыя камандзе РУП «Валожынскі жылкамунгас», прызначаны для выкарыстання ў вулічных умовах, таму можна смела разлічваць, што бліжэйшыя гадоў 10, а то і больш, малюнак не выцвіце і не «паплыве».

«Дзякуем Валожыншчыне за прадастаўленую магчымасць праявіць сваю творчасць, увасобіць у жыццё вялікі праект, – ад імя каманды мастакоў гаворыць
Аляксандр. – Усім нам вельмі блізкая тэма роднага дому. У большасці з тых, хто рэалізоўваў задумку, вясковыя карані. Мы і адлюстравалі ў агульнай карціне вёску як выток спакойнага, размеранага жыцця. Арнаменты, восеньскія кветкі, фантастычныя звяры і птушкі звязваюць работы розных людзей у адзінае палатно. Галоўнае, што нам была прадастаўлена поўная свабода творчасці. Даўно мы не рэалізоўвалі такія маштабныя праекты. Спадзяёмся, жыхарам і гасцям горада спадабаецца».

А мы дзякуем мастакам за яшчэ адзін падораны яркі момант сярод шэрані будняў.

Сяргей САДОЎСКІ