Гісторыя з фатаграфіяй

Важное Кругозор Люди и судьбы

Супрацоўнікі Валожынскага краязнаўчага музея працягваюць рубрыку “Гісторыя з фатаграфіяй”. Вашай увазе прапануем фотаздымак 1958 года. Багатае кукурузнае поле калгаса “Перамога” Валожынскага раёна. “Царыца палёў” – так называлі гэту культуру ў тыя часы.

На фатаграфіі камісія ў ліку першага сакратара ЦК КПБ К. Т. Мазурава (першы злева), сакратара Валожынскага райкама партыі Ф. Ф. Крыўцова (другі злева), старшыні Маладзечанскага аблвыканкама Г. Ф. Барысава (трэці злева), сакратара Маладзечанскага абкама КПБ Г. У. Кавалёва (у другім радзе першы злева) і сакратара Маладзечанскага РК КПБ С. В. Прытыцкага (у другім радзе другі злева) задаволена аглядае кукурузны палетак. Багаты ўраджай гэтай культуры вырас на палях каля вёскі Філіпіняты.

Сапраўдны “кукурузны бум” пачаўся ў нашай краіне ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі першым сакратаром ЦК КПСС быў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Наведаўшы ЗША, ён загадаў паўсюдна, ад поўдня і да самай поўначы, вырошчваць кукурузу. Пра гэту расліну складалі вершы, спявалі песні. “Царыца палёў” заваявала ўсю краіну. “Кукуруза, кукуруза, ты гібрыдная. Па ўсяму ты па Саюзу стала відная!” – разносіліся словы песні з рэпрадуктара. Пісаў пра гэту культуру і вядомы беларускі класік Якуб Колас: “Кукуруза – гэта мяса, кукуруза – гэта сала, кукуруза – скарб калгаса! Дык гадуйся, кукурузка: ты для ўсіх жывёл закуска!”

Але ў рэальным жыцці ўсё было не так проста, як у песнях і вершах: на поўдні краіны расліна давала добрыя ўраджаі, а на поўначы хваліцца не было чым. З-за кукурузы рэзка скараціліся плошчы пад зерневыя культуры: пшаніцу, жыта, ячмень, авёс. Узнікла пагроза голаду ў краіне. З прылаўкаў магазінаў стаў знікаць белы хлеб і розныя крупы. Часова былі ўведзены прадуктовыя картачкі, продаж хлеба быў абмежаваны. Паўсюдна сталі выпякаць хлеб з кукурузы, але ён па сваіх якасцях значна ўступаў ржаному і пшанічнаму.

Кукурузная кампанія ў СССР, якая праводзілася спантанна, неабдумана, без уліку кліматычных і прыродных умоў, правалілася. Мода на гэту культуру прайшла, але не закончылася.

Сёння на нашых палях сцяной стаіць кукуруза. Яна лічыцца адной з самых распаўсюджаных і важнейшых сельскагаспадарчых культур. Знайшліся спецыялісты, якія разабраліся з тэхналогіяй вырошчвання цеплалюбівай расліны. Селекцыянеры вывелі новыя сарты злака, якія добра прыстасаваліся да нашых умоў. Кожны з нас ведае, што кукуруза – важны кампанент харчавання, які па сваіх якасцях уступае толькі пшаніцы і рысу. І сёння зноў набылі актуальнасць словы беларускага класіка Якуба Коласа: “Бо гаворыць медыцына, проста ў козыр ходзіць з туза: няма лепей вітаміна, чым дае нам кукуруза!”