Піянерыя – новы фармат

Главное Молодежный курьер

З нагоды 30-годдзя грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна адбылося пасяджэнне Школы піянерскага актыву “Лідар” “Піянерыя – новы фармат”.

Самых актыўных і ініцыятыўных рабят, лідараў піянерскіх дружын, а таксама педагогаў-арганізатараў школ раёна віталі педагог-арганізатар установы Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская і дырэктар, старшыня раённага савета БРПА Марыя Валянцінаўна Кушнір.

У сваім выступленні Антаніна Уладзіміраўна распавяла пра вынікі апошняй перарэгістрацыі. На 1 чэрвеня 2020 года колькасць раённай піянерскай арганізацыі, якая ўключае ў сябе 15 дружын, склала 2487 чалавек, а гэта 96,2% ад усіх школьнікаў ва ўзросце 7-14 гадоў. Сярод іх – 921 акцябронак і 1566 піянераў.

На працягу 2019-2020 навучальнага года грамадская арганізацыя паслядоўна рэалізоўвала асноўныя праграмы сваёй дзейнасці: “Акцябраты”, “Сем Я”, “Дзіцячы ордэн міласэрнасці (ДОМ)”, “Спадчына”, “Гульня – справа сур’ёзная”, “Грамадзянін краіны Піянерыя”.

Раённая арганізацыя падтрымлівала рэспубліканскую працоўную акцыю “Наша піянерская праца табе, Айчына!” па зборы другаснай сыравіны. Па выніках года рабяты здалі 11515 кг макулатуры, 296 кг пластыку. На разліковы рахунак ЦС ГА “БРПА” быў пералічаны 361 рубель 80 капеек.

Традыцыйнай стала дабрачынная акцыя “Цуды на Каляды”. За лістапад-студзень мінулага навучальнага года піянерамі сабраны ці набыты 92 падарункі на суму 1285 рублёў, якія былі падораны дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, рабятам з нядобранадзейных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама выхаванцам сацыяльнага прытулку.

У  раённым этапе патрыятычнай піянерскай квэст-гульні “Па слядах Перамогі” найлепш паказалі сябе каманды “Патрыёт” і “Нашчадкі Перамогі” сярэдняй школы № 2 г. Валожына. Яны прадставілі раён на занальным этапе, дзе занялі 2-е месца. У рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Агеньчык збірае сяброў” у намінацыі “Піянерскія гонкі” прадстаўнікі гэтай установы зноў сталі першымі ў раёне. На іх рахунку і перамога на раённым этапе інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі квіз”. Дружына СШ № 2 зняла ролік пра работу валанцёрскага атрада.

За ініцыятыўную творчую работу, прафесіяналізм і педагагічнае майстэрства ў выхаванні падрастаючага пакалення Марыя Валянцінаўна Кушнір уручыла граматы педагогам-арганізатарам СШ № 2 г. Валожына Святлане Барысаўне Макоўскай, Івянецкай СШ Святлане Юр’еўне Сасункевіч, гімназіі № 1 Ілоне Леанідаўне Макарэвіч, Пяршайскага ВПК Марыне Вікенцьеўне Жамойдзінай. За актыўную творчую працу ў органах вучнёўскага самакіравання і падтрымку дзіцячых маладзёжных ініцыятыў грамату атрымала старшыня раённай дзіцячай палаты Школы піянерскага актыву “Лідар”, вучаніца Івянецкай СШ Аліна Княжэвіч.

Далей рабятам была прапанавана інтэрактыўная квэст-гульня “Шлях да Перамогі”, якая была створана да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Дзяўчынкі падзяліліся на тры каманды, кожная з якіх атрымала свой маршрутны ліст і накіравалася на станцыі “Героі сярод нас”, “Частка гісторыі”, “Яны змагаліся за Радзіму”, “Абарані блізкага”, “Ім памяць увекавечана”. Для таго, каб атрымаць заданні, неабходна было счытаць QR-код, які знаходзіўся пад кожнай назвай станцыі. Рабяты паказалі добрыя веды і атрымалі сапраўднае задавальненне ад гульні. Пасля ўзнагароджання яны адправіліся на майстар-клас па вырабе паштовак “Краіна Піянерыя”.

У гэты час адбыўся пленум раённага савета ГА “БРПА”, на якім педагогі-арганізатары зацвердзілі планы работ, абмеркавалі палажэнне ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах.

Напярэдадні юбілейнай даты з Дня нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ў кожнай піянерскай дружыне раёна прайшлі зборы і ўрачыстыя лінейкі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара