Стартавала масавая вакцынацыя супраць грыпу

Безопасность и здоровье Важное

«У гэтым годзе вакцынацыя пачынаецца крыху раней. Звычайна мы пачынаем з 1 кастрычніка. Гэта абумоўлена цыркуляцыяй у бягучым годзе каранавіруснай інфекцыі. Для таго каб забяспечыць больш лёгкае праходжанне вірусных інфекцый, вырашылі пачаць вакцынацыю крыху раней. У тым ліку гэта звязана і з прагнозамі надвор’я. Лепш цяпер зрабіць, пакуль няма даволі халоднага надвор’я, і для таго, каб да масавага ўздыму захваральнасці на ВРВІ паспеў выпрацавацца імунітэт», — расказала начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Для вакцынацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў закуплена вакцына расійскай вытворчасці «Грыпол Плюс». «Мы ёй карыстаемся на працягу многіх гадоў. Яна зарэкамендавала сябе як дастаткова эфектыўная вакцына, добра пераносіцца дарослымі і дзецьмі. Для аказання платных паслуг будуць закуплены вакцыны «Ваксігрып Тэтра», «Ультрыкс Вакцына», «Інфлювак». Усе вакцыны пры паступленні ў краіну праходзяць кантроль бяспекі і якасці», — адзначыла начальнік аддзела.

Іна Карабан падкрэсліла, што ў 2019 годзе вакцынацыя дала магчымасць прадухіліць больш за 140 тыс. выпадкаў захворванняў грыпам, у тым ліку каля 17 тыс. — ва ўскладненай форме. «Эфектыўнасць вакцынацыі даволі высокая, і людзі павінны разумець, што гэты сезон у нас асаблівы. Таму мы заклікаем усіх вакцынавацца. Мой прыклад: я ўжо больш за 10 гадоў вакцынуюся кожны год і лабараторна пацверджанага грыпу ў мяне не было. Калі і былі прыкметы ВРВІ, то яны ў даволі лёгкай форме і хутка праходзілі», — дадала яна.

Як і ў мінулыя гады, плануецца вакцынаваць не менш як 40 працэнтаў насельніцтва Беларусі. «Асаблівая ўвага — асобам старэйшым за 65 гадоў, якія маюць хранічную паталогію, для таго каб яны ў гэтым годзе не адмаўляліся ад вакцынацыі. Паколькі наслаенне захворвання грыпам і каранавірусам можа вельмі негатыўна паўплываць на стан іх здароўя», — дадала начальнік аддзела.

Як растлумачыла кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе і іншых вострых рэспіраторных захворваннях Наталля Шмялёва, састаў вакцыны штогод карэкціруецца ў залежнасці ад антыгенных уласцівасцей вірусаў, якія цыркулявалі. «Характэрнай асаблівасцю вірусаў грыпу з’яўляецца тое, што ім уласціва актыўная мутацыя. Вакцына, якая будзе прымяняцца ў гэтым сезоне, ужо з абноўленым антыгенным саставам па ўсіх трох кампанентах. Таму, калі нам задаюць пытанне «ці трэба мне прышчэплівацца ў гэтым годзе, калі я прышчэпліваўся ў мінулым?», то адназначна трэба, паколькі новая вакцына забяспечыць больш поўную ахову», — рэзюмавала яна.

Згодна з інфармацыяй БелТА