Сімвалічны ключ ад установы ўручыў калектыву генеральны дырэктар ААТ «Палессежылбуд» Сяргей Лаўнік. Запаветная мара івянчан, якую жыхары гарпасёлка чакалі амаль 10 гадоў, збылася!
Дзіцячы сад, а дакладней – дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці на 230 месцаў абышоўся рэспубліканскаму і абласному бюджэтам у 10,4 мільёна рублёў. Як адзначыў старшыня Мінаблвыканкама, гэта інвестыцыі ў нашу агульную будучыню, на якіх эканоміць нельга.
Новая ўстанова адукацыі адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. У рабоце будуць задзейнічаны 24 педагогі. Ужо сфарміраваны 11 груп дзетак. 222 малышы ў хуткім часе пачнуць актыўна і з вялікім задавальненнем рыхтавацца да школы.
У цэнтры развіцця дзіцяці створаны ўмовы для ўсебаковага развіцця дашкольнікаў. Малышы будуць займацца ў фізкультурным, трэнажорным, музычным, харэаграфічным залах, а таксама наведваць басейн. Для іх аснашчаны камп’ютарны клас, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Тут арганізавана работа пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, функцыянуе сэнсарны пакой, студыя канструявання, цэнтр пазнавальнага развіцця, арт-студыя, падрыхтаваны памяшканні для адаптацыйнай групы, лаунж-зона для выхаванцаў. А для педагогаў створаны рэсурсныя і інфармацыйна-метадычны цэнтры. У двары ўстановы – гульнявыя пляцоўкі з верандамі і ценявымі навесамі, а таксама агульная фізкультурная пляцоўка і пляцоўка для вывучэння Правіл дарожнага руху. Ва ўстанове тэхналагічна абсталяваныя на сучасным узроўні харчаблок і медыцынскі пакой. Таксама тут прадугледжаны ўмовы для аказання шырокага спектра дадатковых адукацыйных паслуг.
Новая дашкольная ўстанова – сапраўдны падарунак ад дзяржавы для Івянца і ўсёй Валожыншчыны ў цэлым. Сёння ў гарадскім пасёлку сем’і выхоўваюць 332 дашкольнікаў. Да верасня адзіны на ўвесь населены пункт дзіцячы сад размяшчаўся ў будынку 1938 года, які даўно і безнадзейна састарэў і перастаў адпавядаць цэламу комплексу нормаў. Новы садок, згодна з Праграмай развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі, было запланавана пабудаваць яшчэ ў 2012 годзе, аднак па шэрагу прычын да ўзвядзення гмахаў так і не прыступілі.
Актыўныя работы ў гэтым кірунку пачаліся ў снежні мінулага года. Надворныя ўмовы не перашкаджалі весці будоўлю, і генеральная падрадная арганізацыя (ААТ «Палессежылбуд») не толькі справілася з заказам, але і апярэдзіла графік здачы аб’екта. Цяпер і самі івянчане, і жыхары блізкіх населеных пунктаў могуць засппакоіцца: іх дзеткі будуць займацца ў выдатных, камфортных умовах, а месцаў, напэўна, цяпер хопіць усім жадаючым.
Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА