Салодкі прыбытак

Аграрный сектор и промышленность Важное

Нягледзячы на тое, што сёлетні год выдаўся не самым удалым для пчалаводаў, планы па нарыхтоўцы салодкага прадукту на Валожыншчыне выкананы. Як паведаміла галоўны пчаляр раёна Святлана Міхайлаўна Крамянецкая, кожная пчаліная сям’я сабрала ў сярэднім 10 кілаграмаў мёду, што на 2 кілаграмы больш, чым разлічвалі.

Пасекі маюць усе сельгаспрадпрыемствы. Асноўная задача, якая ставіцца аграрыямі перад пчоламі, – апыляць сельгаскультуры. Вельмі адгукаецца высокім ураджаем на руплівых крылатых працаўніц такая расліна, як рапс. Ды і рапсавы мёд мае выдатныя характарысткі па ўтрыманні спажыўных рэчываў.

Напрыканцы жніўня “намалот” агульнага рою быў падлічаны. Старанна папрацавалі пчаляры і іх падапечныя з Пяршаяў – на рахунку тона мёду. Гэты паказчык перакрыў толькі індывідуальны прадпрымальнік, які валодае трыма сотнямі пчаліных сем’яў. Акрамя мёду, ён рэалізуе і матак. Прыватны сектар прадстаўлены яшчэ і фермерскай гаспадаркай “Мядовае багацце” – тут карысны здабытак склаў 600 кілаграмаў. Дубінскія і падбярэзскія пасекі “намалацілі” адпаведна 320 і 350 кілаграмаў мёду. Астатнія сельгаспрадпрыемствы накачалі бурштынавага багацця ў межах ад 100 да 200 кг.

Хацелася б напомніць кіраўнікам аграпрамысловага комплексу, што верасень – сам час падкарміць пчолак цукрам. Гэта дазволіць пчаліным сем’ям бестурботна перазімаваць. Здараецца, што нехта і адмаўляецца набываць цукар. Маўляў, лепш мядку ў сотах пакінуць. Аднак простая арыфметыка даказвае нерацыянальнасць такога падыходу: кілаграм цукру каштуе 1 рубель 50 капеек, а кілаграм мёду – 10 рублёў…

Наш кар.