Залаты колер творчасці

Главное Культура

У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” адбылася прэзентацыя выставы “Заглянула саламянае сонца ў нашае ваконца” майстра па саломапляценні Святланы ЯРАШЭВІЧ.

Прадставіла гэту цудоўную жанчыну кіраўнік Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Хрысціна Лямбовіч. Яна характарызавала Святлану Віктараўну як чалавека творчага, ініцыятыўнага, лёгкага на пад’ём, які мае шмат інтарэсаў і захапленняў, і расказала прысутным, што тая нарадзілася і вырасла ў вёсцы Турэц Чэрвеньскага раёна. У школе вучылася добра, але няўрымслівая душа цягнулася да музыкі. Дзяўчынка прасіла маці запісаць яе ў музычную школу, а тая па нейкіх сямейных прычынах адмаўляла. Асабліва падабалася малой Святлане скрыпка. Напэўна, гэта пачуццё перадалося ёй на генетычным узроўні, бо прапрадзядуля не толькі слыў выдатным скрыпачом, але і сам майстраваў інструменты. Калі трохі падрасла, наша гераіня самастойна прынесла ва ўстанову неабходныя дакументы, аформіла ўсе паперы і была залічана на вучобу па класе баяна, бо на любімы інструмент набору не было.

Далейшае сваё жыццё Святлана Ярашэвіч звязала з музыкай. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Мінскі каледж мастацтваў на аддзяленне народных музычных інструментаў. Працоўную дзейнасць пачала мастацкім кіраўніком у Чэрвеньскім раённым Цэнтры культуры, куды трапіла па размеркаванні. Затым перайшла на тую ж пасаду ў Смілавіцкі ДК. Дзяўчына выдатна спраўлялася з адказнай творчай работай. Яна ўжо мела вопыт вядучай на сцэне, развівалася як музыкант, добра спявала. Неспадзявана кіраўнік установы Зінаіда Пятроўна Наронская адпраўляе Святлану Віктараўну на курсы па саломапляценні. Там змаглі зацікавіць, навучылі нейкім асноўным навыкам, далі кірунак для самаразвіцця. З гэтага моманту новае захапленне грунтоўна ўвайшло ў жыццё. Напэўна, яно сапраўды кранула душу таму, што продкі жанчыны былі ўсе людзьмі творчымі, майстравымі. У свой час бацька нашай гераіні заняў 3-е месца на рэспубліканскім конкурсе па лозапляценні. Яго аўтэнтычныя лапці і кошык былі вельмі высока адзначаны доктарам гістарычных навук, мастацтвазнаўцам і этнолагам Яўгенам Сахутам, які вельмі беражліва ставіцца да традыцыйнага мастацтва і робіць усё, каб захаваць яго для будучых пакаленняў.

Праз паўгода пасля заканчэння курсаў Святлана ўжо прадстаўляла Чэрвеньскі раён на абласным конкурсе па саломапляценні, дзе выдатна паказала сябе. Гэта ўдача на першапачатковым этапе дала штуршок для далейшага развіцця. З таго часу дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ідзе ў яе жыцці поруч з музыкай. Зараз жанчына працуе музычным работнікам у дзіцячым садку і вядзе гурткі па саломапляценні ў агульнаадукацыйнай школе і ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці.

Хрысціна Станіславаўна заўважыла, што спачатку пазнаёмілася са Святланай Віктараўнай як са сваячкай. А пазней прапанавала ёй месца кіраўніка гуртка, бо даўно хацелася, каб з’явіўся ва ўстанове такі майстар. І ўжо 3 гады, як наша гераіня з задавальненнем тут працуе. Асноўныя кірункі работы цэнтра – выхаванне і папулярызацыя традыцыйнага мастацтва ў розных яго праявах. На занятках у гуртку дзеці вучацца саломапляценню. Ён вельмі запатрабаваны ў маленькіх наведвальнікаў, у выкладчыка з рабятамі наладжаны добры кантакт. Відавочны і вынікі дзейнасці: дзве выхаванкі Святланы Віктараўны бралі ўдзел у абласным конкурсе, дзе прадставілі свае вырабы – птушачку і капялюш. Адна з іх заваявала 1-е месца, другая – 2-е месца, што было вельмі прыемна і радасна.

Свой працяг жанчына знаходзіць у чатырох дачушках. Усе яны любяць майстраваць з саломкі, вучацца ў музычнай школе. Старэйшая ўжо паступіла ў каледж мастацтваў, дзе спасцігае прамудрасці ігры на скрыпцы. Меншыя з задавальненнем наведваюцца ў Ракаўскі цэнтр народнай творчасці, дзе ткуць паясы, займаюцца ў “Чыжыках” ці “Вянку” ў залежнасці ад узросту. Муж заахвочвае захапленне жонкі, дапамагае ў нарыхтоўцы матэрыялу для работы.

Выстава ў “Скарбніцы” прадстаўлена ў выглядзе каляндарнага цыклу і складаецца з трох частак. Па цэнтры размясцілася жніўная, вельмі актуальная на сённяшні дзень, кампазіцыя. Тут можна ўбачыць сонца, жніўную бабу, дажыначны сноп, такі важны элемент, як барада – падзяка духам поля за ўраджай. Вырабы, прысвечаныя вясне і лету, аб’яднаны разам і знаходзяцца злева. Увагу прыцягваюць саламяныя капелюшы, картуз, стылізаваная мастацкая лялька, сухарніца, велікодныя яйкі, птушачкі, у тым ліку па абразку Алены Лось. Калі перавесці позірк направа, то акунешся ў атмасферу галоўнага зімовага свята. Гэтаму спрыяюць Калядная зорка, елка з саламянымі цацкамі – зорачкамі, званочкамі і нават авечкай, анёлы.

На заканчэнне сустрэчы Святлана Віктараўна дала майстар-клас па вырабе сувеніраў, падчас якога падзялілася з прысутнымі сакрэтамі саломапляцення.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара