Піянерскія інавацыі

Важное Молодежный курьер

II рэспубліканскі форум лідараў ГА “БРПА” “Піянерскія інавацыі”, прысвечаны 30-годдзю Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, прайшоў нядаўна ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Удзел у ім прыняла педагог-арганізатар Дорскага НПК Айна Савітаўна Султанава.

Мерапрыемства доўжылася на працягу трох дзён. За гэты час адбыліся трэнінг “ДНК лідара”, адукацыйны модуль “Важацкі коўчынг”, дзе працавалі ў групах па тэмах: “Інавацыйныя падыходы ў арганізацыі дзейнасці піянерскай арганізацыі”, “Лідары Піянерыі новай фармацыі”, “Праца ў сацыяльных сетках і інтэрнэт-прасторы”, “БРПА – новыя праекты, як рэалізаваць”, “Лепшыя практыкі працы з дзецьмі НДЦ “Зубраня”, “Ліга важатых РДШ – вопыт работы”, “Усё пра анлайн”, а таксама спартыўная праграма “Лідарскія гонкі”. Айна Савітаўна ўвайшла ў каманду з 10 чалавек, якая прадстаўляла Мінскую вобласць. Асабліва шмат эмоцый выклікаў “Бег з перашкодамі”, што адбываўся на батуце. Прыемна, што па выніках спаборніцтваў каманда заняла 1-е месца.

У прысутных была магчымасць пагутарыць, абмяняцца вопытам са сваімі калегамі, здзейсніць экскурсію па Нацыянальным дзіцячым цэнтры. Да спадобы прыйшліся ўсім мерапрыемствы на свежым паветры – open-air “Каля вогнішча”, дзе займаліся калектыўнай творчай дзейнасцю, напрыклад, будавалі горад з кардону і паперы. Затым кожная вобласць прадстаўляла свой праект, выбірала мэра, назву і інш. Айна Савітаўна гаворыць, што гульні на згуртаванне, якія тут праводзіліся, абавязкова будзе выкарыстоўваць у сваёй працы. Гэты від дзейнасці асабліва зацікавіць яе выхаванцаў.

Пасля падвядзення вынікаў і цырымоніі ўзнагароджання лідараў ГА “БРПА” адбылося ўрачыстае закрыццё форуму. Яго ўдзельнікі вярнуліся дадому з новымі набыткамі, добрым настроем і планамі на будучае.

Анжэла РАДЫНА