Што ні асоба, то сусвет

Главное Общество

Талстой сцвярджаў, быццам усе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной, а няшчасныя – няшчасныя кожная па-свойму. Зыходзячы з уласных назіранняў, з класікам не згаджаюся. Бяда – яна заўсёды бяда. Якія тут могуць быць адценні? А вось у шчасця столькі складальнікаў: любоў, павага, здароўе, дабрабыт, узаемаразуменне, творчасць… Узяць хаця б ЛІНКЕВІЧАЎ з Валожына. Менавіта ў іх утульным, хоць і зусім не шыкоўным доме можна душой адпачыць і адначасова адчуць, што ж аб’ядноўвае двух дарослых і семярых нашчадкаў у той неразбуральны маналіт, імя якому – сям’я.

Гаспадыня ў гэтай ячэйцы грамадства – невысокая, вельмі прывабная жанчына. Яе нізашто не прымеш за шматдзетную маці, настолькі маладжава выглядае. Прыемная ўсмешка на вуснах адразу дае ўстаноўку: табе шчыра рады, не турбуйся, тут умеюць прымаць гасцей. З Ганнай мы сустракаліся раней, таксама як і з галоўным мужчынам у сям’і Сяргеем (айцом Сергіем) – праваслаўным святаром двух прыходаў.

Пра колькасць дзяцей у пары ведала даўно, а вось, што ўсе яны такія цікавыя, зразумела толькі пасля таго, як атрымала магчымасць пагутарыць з кожным. І што гэта была за гутарка! Юнакі і дзяўчынкі адкрыта расказвалі пра сябе. Дапаўнялі адзін аднаго. Прычым каментарыі ў асноўным былі жартоўнымі і настолькі трапнымі, што ўся кампанія раз-пораз пакатвалася ад смеху. Нягледзячы на лёгкі сумбур – вельмі ж шмат субяседнікаў адначасова выказвалі думку, мне даволі хутка ўдалося разабрацца, хто ёсць хто, і якія асаблівасці характару іх адрозніваюць.

Пачнём са старэйшых. Жонка і маці – з Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Вырасла ў шматдзетнай сям’і. З дзяцінства марыла стаць урачом, аднак абставіны склаліся так, што атрымала дыплом фельчара-акушэра. У яе не вельмі працяглы стаж работы – каля 10 гадоў (не дзіўна пры такой колькасці дзяцей). І ўсё ж прафесію сваю любіць, нават лічыць самай высакароднай у свеце. А сёння яна – матушка, а гэта асобны статус для жанчыны. Каб мець яго, мала выйсці замуж за святара, трэба па-сапраўднаму стаць яго саратніцай, прывучыцца жыць інтарэсамі розных людзей, любіць іх, як родных.

Сяргей – з Піншчыны. Пра чалавека з семінарскай адукацыяй нельга сказаць, быццам заўсёды бачыў сябе лідарам праваслаўнага прыхода. Хоць матуля яго была адданай верніцай, пакуль не трапіў у войска, з выбарам будучыні не вызначыўся. А, апрануўшы салдацкую форму, адчуў: хачу служыць Богу і тым, хто створаны па яго падабенстве. Служэнне няпростае, але бацюшка Сергій ніколі нават думкі не дапускае, каб скардзіцца. З будучай жонкай будучы святар пазнаёміўся на вяселлі знаёмых. З той пары яны разам.
то тычыцца моладзі, усе яны розныя, але рознасць не раз’ядноўвае, наадварот, дазваляе ім існаваць не проста як сям’і, а як дружнаму калектыву, дзе адна асоба цудоўным чынам дапаўняе іншых.

Першынца Уладзіміра дома не застала. Юнак, дарэчы, ужо дыпламаваны інжынер, выконвае грамадзянскі абавязак у валожынскай часці. Аднагалосна Лінкевічы менавіта яго прызнаюць самым адказным і сур’ёзным, і амаль кожную хвіліну спасылаюцца на яго меркаванні.
Пакуль Валодзя маршыруе па пляцы, за старэйшага застаецца дзевятнаццацігадовы Раман. Па прыкладзе брата ён, студэнт БДАТУ, таксама асвойвае інжынерную спецыяльнасць і разам з тым з’яўляецца ўдзельнікам арт-фольк гурта “Велес”. Акрамя творчасці, хлопцаў аб’ядноўвае і зацікаўленасць тэхнікай. Валодзя – апантаны матацыкліст, а вось Раман аддае перавагу аўтамабілям.

Васямнаццацігадовы Іван любіць чытаць. Як і матуля, добра малюе (наведваў заняткі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі). Але, нягледзячы на мастацкія здольнасці, з’яўляецца сямейным майстрам на ўсе рукі. Родныя сцвярджаюць: тое, што не зможа зрабіць Ваня, і рабіць не трэба.
Усмешліваму Серафіму – 17. Ён цікавіцца фотамастацтвам, гісторыяй, грамадазнаўствам, філасофіяй. Хоць валодае адметным пачуццём гумару, здольны на даволі сур’ёзныя разважанні. І гэта адзіны з дзяцей святара, які імкнецца да прызвання бацькі.
Васілію споўнілася 15. Усе, хто ўваходзіць у яго акружэнне, ведаюць: перад імі чалавек з сапраўдным спартыўным характарам і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Рухавы, нават імклівы, ён стварае ўражанне згустка энергіі.

Што тычыцца дзяўчынак. Па-першае, іх у сям’і дзве, па-другое, яны вельмі розныя. Варвара ўжо амаль дарослая. У адрозненне ад хлопчыкаў, якія наведваюць СШ № 2, вучыцца ў гімназіі. Юная гімназістка сябруе з усімі школьнымі прадметамі, займаецца спортам, з радасцю ўдзельнічае ў творчых праектах, да таго ж у любыя моманты застаецца прыгажуняй і модніцай. Прызнаецца, што гуляць у лялькі кінула толькі ў 11 гадоў, а зараз, калі споўнілася 12, зноў пачала. І не таму, што засумавала па пакінутых сяброўках, – узнікла неабходнасць забаўляць малодшую сястрычку.

Кацюшы тры гадкі, і яна агульная любіміца. Для свайго ўзросту заўважна кемлівая і вельмі гаваркая. Амаль абагаўляе старэйшых, інтуітыўна імкнецца ад кожнага браць усё самае лепшае. Таму, відавочна, як і браты, будзе спявачкай, мастаком, спартсменкай і выдатнай расказчыцай, як будучы журналіст Варвара.

У гэтай сям’і кожны адчувае сябе свабоднай і незалежнай асобай, якая мае права займацца толькі тым, што цікава, што атрымліваецца лепш за ўсё. Але пры гэтым абавязкова ўносіць свой асабісты ўклад у агульнасямейны дабрабыт. Напрыклад, памагатымі па кухні тут часцей выступаюць Іван, Васіль і Серафім. Першы – сапраўдны кухар, галубцы ў яго выкананні ўсе прызнаюць неверагоднай смакатой. Але ж і фірменны малочны суп другога, і знакаміты боршч трэцяга таксама разыходзяцца на ўра.

Рамонт у доме, добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка, мыццё посуду, уборка пакояў… Гэта справы агульныя, таму нікому ў галаву не прыходзіць нейкім чынам іх пазбягаць. Самастойна юныя Лінкевічы клапоцяцца нават пра тое, каб дазволіць сабе прыстойны гардэроб і многія іншыя рэчы – увесь ягадны сезон нарыхтоўваюць чарніцы. Дзякуючы ўласным намаганням, набылі батут. Апошнім часам ён замяняе ім спартыўную залу. Скачкі, розныя выкрутасы, сальта, нібы сапраўдныя акрабаты, робяць і дзеці, і дарослыя.
Некаторыя з Лінкевічаў вельмі музыкальныя. Валодзя, Раман, Серафім і Іван іграюць на фартэпіяна. Да таго ж Валодзя асвоіў гітару, а Раман – акардэон. Спявае ж кожны без выключэння.

Падчас нашай сустрэчы я пацікавілася, ці ўсе сямейныя аднолькава сябруюць між сабой. Кожны выдаў уласную версію наконт фарміравання міні-груп. Хтосьці сцвярджаў, што Серафім больш сябруе з маці, старэйшыя браты – між сабой, а таксама з бацькам і гэтак далей. Версій было настолькі шмат, што я заблыталася. На выручку прыйшла мудрая матушка. Яна патлумачыла:“Адчуваць аднолькавыя пачуцці да розных людзей увогуле немагчыма. Таму сябруюць між сабой, любяць, шкадуюць усе па-рознаму. Іншая справа – моц гэтых пачуццяў і спосабы іх праяўленняў…”

Цікава, але бацюшка Сергій, які карыстаецца безумоўным аўтарытэтам у сваіх прыхаджан, сярод тэмпераментных родных сціплы маўчун. Увесь вечар ён перыядычна акідваў ласкавым позіркам дзяцей і жонку, што размясціліся за вялікім сталом з неверагодна апетытнымі пірагамі, устаўляў некалькі трапных слоў, а большасцю ўважліва слухаў. Я ж разумела яго імкненне даць дзецям свабоду нават у такой дробязі і проста сэрцам адчувала яго бацькоўскі гонар за іх дарослыя і разам з тым яшчэ ў многім наіўныя выказванні.

Каб напісаць дакладна пра кожнага члена гэтай вялікай сям’і, цэлай газеты не хопіць. Настолькі шматграннымі, адкрытымі і рознымі яны мне падаліся. Што ні асоба, то сусвет – вось так бы ахарактарызавала каманду, з якой правяла цудоўны вечар, напоўнены сур’ёзнымі разважаннямі прагматыкаў, фантазіямі летуценнікаў і чароўным гумарам шчырых і бясконца добрых дарослых і дзяцей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара