Дзе пасееш густа, там не будзе пуста

Аграрный сектор и промышленность Главное

Гаспадаркі раёна актыўна займаюцца сяўбой азімых зерневых культур. На 21 верасня засеяны 9204 гектары, што складае 54,6 працэнта да запланаванага.

Усяго ж аграрыі ўвосень плануюць засеяць амаль 17 тысяч гектараў. Самыя вялікія плошчы адведзены пад азімае трыцікале – 7340 гектараў, азімай пшаніцай будуць заняты 6510 гектараў, 3 тысячы гектараў зойме азімае жыта.

Разам з сяўбой распачата і ўборка кукурузы – пакуль яе выкарыстоўваюць на сілас і на зялёны корм жывёле. Уборку вядуць усе сельгаспрадпрыемствы. Убраны 3733 гектары, ці 40,6 працэнта да запланаванага. Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы па раёне складае 196 цэнтнераў з гектара.

З 7 верасня ў КСУП “Валожынскае” першымі ў раёне прыступілі да ўборкі цукровых буракоў, якія займаюць 400 гектараў. Праз тыдзень да іх далучыліся аграрыі з ААТ “Агра-Дубінское” і КСУП “Пяршаі-2014”. У ААТ “Багданаўскае”, апошняй з чатырох гаспадарак, дзе сеялі гэту культуру, пакуль справу не распачыналі. Ужо накапаны 14742 тоны салодкіх караняплодаў пры ўраджайнасці 400 цэнтнераў з гектара. Усяго па раёне вясной цукровыя буракі размясціліся на плошчы ў 1500 гектараў. Самыя вялікія палеткі ў “Агра-Дубінскім” – 650 гектараў. Астатнія сельгаспрадпрыемствы адмовіліся ад сяўбы цукровых буракоў у сувязі з непрыдатнымі для іх вырошчвання землямі і нізкай ураджайнасцю.

Таксама працягваецца і нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка, пагалоўе якога складае 26088. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы па раёне назапашана па 20,19 цэнтнера кармавых адзінак (летась на гэту дату было па 18,61). З плюсам працуе большасць гаспадарак. Сена маецца 8473 тоны (67 працэнтаў да неабходнага), сенажу закладзена 126402 тоны (88), сіласу – 46824 тоны (35).

Наш кар.