НАШ СПАКОЙ – ІХ КЛОПАТ

Закон и порядок

Ва ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама прайшла прэс-канферэнцыя начальніка ўпраўлення І. А. Саўчыца для прадстаўнікоў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ. Такія сустрэчы сталі традыцыйнымі, што даказвае ўзаемавыгаднасць супрацоўніцтва журналістаў і міліцыі. І з кожным разам атмасфера мерапрыемства робіцца больш цёплай і непасрэднай, хаця пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра прыемнае. 

Радуе, што супрацоўнікі міліцыі вобласці намацалі шляхі да паляпшэння стану грамадскага правапарадку. Гэта яскрава пацвярджае статыстыка за першае паўгоддзе: зніжэнне злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, павелічэнне колькасці раскрытых крадзяжоў, махлярстваў, угонаў аўтамабіляў, стабілізацыя абстаноўкі на дарогах і ў сямейна-бытавой сферы. І толькі адна лінія графіка паказчыкаў злачыннасці імкліва рвецца ўверх – незаконны абарот наркотыкаў. Ананімнае анкетаванне, праведзенае сярод школьнікаў вобласці, паказала, што трыццаць працэнтаў дзяцей або ўжывалі наркатычныя рэчывы, або ведаюць асоб, якія гэта робяць.

Іван Аляксандравіч Саўчыц не хаваў ад прысутных заклапочанасці. Па роду службы яму неаднаразова даводзілася бачыць наркаманаў. Гэта патэнцыяльна вельмі небяспечныя людзі, якія ў перыяд “ломкі” нават могуць забіць родную маці. І такія выпадку ўжо рэгіструюцца. І. А. Саўчыц з’яўляецца прыхільнікам прымусовага выяўленне асоб на прадмет ужывання наркотыкаў. Дарэчы, такая практыка ўжо апрабуецца ў свеце. Вучоныя падлічылі, што распаўсюджанне наркагандлю, выпадкі гвалтоўных смярцей, алкагалізацыя могуць прывесці да таго, што нацыя згіне за паўтара стагоддзя…

Прэс-канферэнцыя адбывалася ў час, калі ўся краіна сочыць за ходам жніва, то тут таксама не аддаліліся ад разгляду гэтай надзённай падзеі. Супрацоўнікі ўнутраных спраў вобласці актыўна дапамагаюць вяскоўцам як ва ўборцы, так і ў падтрымцы грамадскага правапарадку.

Многія міліцыянеры  – выхадцы з сельскай мясцовасці, а значыць, справу ведаюць не па кніжках.

Сёлета ў вобласці адбылося некалькі выпадкаў узгарання сена. Версія аб падпальванні разглядалася, але ў ходзе следства не знайшлі пацвярджэння. Было даказана, што сена самазагарэлася ў выніку няправільнага захоўвання – яго скірдавалі сырым. Гора-спецыялісты, па віне якіх дапушчаны ўрон, панясуць адказнасць.

Фігураваў у час гутаркі і наш раён. І. А. Саўчыц расказаў, што сумесна са старшынёй аблвыканкама Барысам Батурам наведалі некалькі магазінаў  райспажыўтаварыста. Іх непрыемна ўразілі пустыя паліцы і няветлівасць прадаўцоў.

Закраналася і такое пытанне, як змяненне крымінальнай абстаноўкі ў святле апошніх, не вельмі прыемных эканамічных падзей. Вяртаюцца крадзяжы такой маёмасці, як веласіпеды, прадукты харчавання, нават абутак прападае з лесвічных пляцовак… А значыць, спакой міліцыі будзе зноў толькі сніцца.

З 8 па 23 жніўня праходзіць абласная акцыя «Шкодным звычкам – не, жыццю – так!» па папярэджанню і прадухіленню п’янства ў маладзёжным асяроддзі. Пастаўлены задачы па выяўленню фактаў рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім, прымяненне карных мер у адносінах да дарослых, якія не забараняюць дзецям і падлеткам ужываць спіртное, а таксама правядзенне выхаваўча-прафілактычных мерапрыемстваў сярод той часткі моладзі, якая схільная да антыграмадскіх паводзін.

 

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий