Мары збываюцца

Важное Общество

На днях здзейснілася даўняя, самая жаданая мара жыхара Валожына, наведвальніка аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валерыя Саевіча. Ён стаў шчаслівым уладальнікам веласіпеда.

Недзе гадоў 10 таму мужчына застаўся без транспартнага сродку і ўвесь гэты час яго не пакідала думка, як набыць новы. Маці-пенсіянерка не магла дазволіць сабе такую дарагую пакупку, таму за дапамогай звярнулася ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік установы Галіна Фадзееўна Рай з разуменнем аднеслася да просьбы. Яна напісала пісьмо на Мотавелазавод, дзе згадзіліся прадаць веласіпед са зніжкай, а таксама знайшла спонсараў. Частку пакупкі аплаціла маці. Здавалася б, справа зроблена, але прыйшлося яшчэ вырашаць пытанне з тармазным механізмам.

І вось нарэшце доўгачаканы веласіпед у Валожыне. Нельга перадаць пачуцці, якія ўзніклі ў Валерыя, калі яму паведамілі радасную навіну. Галіна Фадзееўна гаворыць, што дзеля такіх імгненняў варта жыць і працаваць. Шчаслівы мужчына не мог нацешыцца сваім новым трохколавым сябрам, адразу пачаў яго абкатваць. Пажадаем жа яму заўсёды ўдалай дарогі.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара