Зямля і неба фердынанда

Главное Культура

У мінулую суботу ў Багданаве распачаў сваю работу X Міжнародны конкурс-пленэр юных мастакоў “Зямля і неба Фердынанда”, прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння знакамітага земляка – мастака, графіка, сцэнографа, прафесара жывапісу Фердынанда Рушчыца.

У гэты дзень сваю творчасць змаглі паказаць выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў Валожыншчыны ў дзвюх узроставых катэгорыях: ад 7 да 11 гадоў і ад 12 да 15 гадоў. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце многія партнёры і сябры з Беларусі і іншых краін не змаглі прыехаць у Багданаў. Для іх з 19 верасня стартаваў анлайн-конкурс “Зямля і неба Фердынанда”, які будзе доўжыцца да 19 лістапада, а 20 лістапада адбудзецца падвядзенне яго вынікаў. Арганізатары спадзяюцца, што, дзякуючы гэтаму новаўвядзенню, знойдзецца яшчэ больш прыхільнікаў, аматараў жывапісу і даследчыкаў неўміручай спадчыны Фердынанда Рушчыца.

Па традыцыі мерапрыемства распачалося малебнам у касцёле Святога Міхаіла Арханёла ў Багданаве. Затым арганізатары, у ролі якіх выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, Вішнеўская дзіцячая школа мастацтваў, раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”, удзельнікі і госці наведалі фамільныя могілкі сям’і Рушчыцаў, дзе запалілі лампадкі і ўсклалі кветкі.

У Багданаўскім філіяле Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў прайшло ўрачыстае адкрыццё пленэру. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч і старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна” Ала Аляксандраўна Макарэвіч выступілі з музычна-тэатральнай прадмовай, дзе распавялі пра жыццё і творчасць вядомага земляка. Ала Аляксандраўна таксама прэзентавала прысутным кнігу Альжбеты Інеўскай “Фердынанд Рушчыц. Грамадзянін Незалежнай” і падарыла экзэмпляр Вішнеўскай дзіцячай школе мастацтваў. З прывітальным словам да канкурсантаў звярнуўся член Беларускага саюза мастакоў Кастусь Качан. Ён пажадаў ім у поўнай меры паказаць свае здольнасці, талент і заўважыў, што кожны ўдзельнік такога прэстыжнага конкурсу ўжо з’яўляецца пераможцам.

Затым юныя мастакі адправіліся на месцы напісання малюнкаў – на сядзібу, да касцёла і інш. Кожны з вялікай адказнасцю падышоў да пошуку найлепшага ракурсу і зафіксаваў на паперы нейкі цудоўны момант. У гэты час вучні 8-10 класаў Багданаўскага ВПК складалі з пазлаў карціны Фердынанда Рушчыца “Зямля” і “Каля касцёла”. Дарэчы, гэта справа аказалася не такой простай, як здавалася на першы погляд. Агульнымі намаганнямі рабяты дасягнулі пастаўленай мэты і атрымалі сувеніры ад арганізатараў мерапрыемства.

Пакуль журы, у склад якога ўвайшлі члены Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Грышкевіч, Алесь Суша, Віктар Сагановіч і Кастусь Качан, ацэньвала работы, педагогі правялі для рабят забаўляльную квэст-гульню, дзе кожнай камандзе неабходна было прайсці чатыры станцыі: “Багданава на карцінах Рушчыца”, “Свет мастацтва”, “Пашыраем кругагляд”, “Юныя мастакі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі выдатна справіліся з усімі заданнямі і ў добрым настроі адправіліся на падвядзенне вынікаў пленэру-конкурсу.

1-е і 2-е месцы ў старэйшай узроставай катэгорыі атрымалі прадстаўнікі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Станіслаў Лоўчы і Софія Радзівілка, 3-е – Марыя Грывіцкая з Гародзькаўскага філіяла Валожынскай ДШМ. У малодшай катэгорыі 1-е месца заваявала работа выхаванца Гародзькаўскага філіяла Валожынскай ДШМ Максіма Губіча, 2-е – выхаванкі Вішнеўскай ДШМ Аксаны Гардынец, 3-е – юнай мастачкі з Валожынскай ДШМ Кацярыны Аўсіенка.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ад арганізатараў і з выдатным настроем і новымі ўражаннямі адправіліся дадому, а іх работы будуць выстаўлены ў будынку Багданаўскага філіяла Вішнеўскай ДШМ, дзе плануецца адкрыць музей Фердынанда Рушчыца.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара