Калі хочаш, каб жыццё палюбіла цябе, спачатку сам паспрабуй палюбіць яго…

Важное Люди и судьбы

Так лічыць паспяховы прадпрымальнік, дабрачыннік, былы воін-афганец, шматдзетны бацька, цікавы суразмоўца са сваім непаўторным светапоглядам і часам непрадказальнымі суджэннямі, жыхар Ракава Анатолій Аляксеевіч БЕЛАКАБЫЛАЎ. Менавіта ён сёння згадзіўся падзяліцца з чытачамі некаторымі думкамі.

– Анатолій Аляксеевіч, калі ласка, раскажыце, якім чынам трапіў на Валожыншчыну чалавек з неўласцівым для нашага краю прозвішчам?
– Прозвішча маё ўкраінскае, але сёння на прасторах суседняй краіны яго не знойдзеш. Ёсць некалькі сваякоў у Казахстане і Германіі. У нас жа ў Беларусі толькі пяць Белакабылавых – я, двое маіх сыноў і двое ўнукаў.

– Наколькі добра арыентуецеся ва ўласным радаводзе?
– Гэта тое, што цікавіла з дзяцінства. Калі коратка, то паходжанне маю наступнае. Маці – беларуска, нарадзілася і вырасла на Магілёўшчыне. Маладой дзяўчынай паехала зарабляць грошы на шахту ў Данбас. Там сустрэла бацьку – украінца з казацкімі каранямі. Яго радзіма – Палтаўшчына. Калі я быў зусім маленькім, бацькі пераехалі ў Казахстан, а затым – у Беларусь, дзе і пражылі ўсё жыццё. У нашай сям’і нарадзіліся чацвёра дзяцей, зараз засталіся трое.

– Востра адчуваеце той факт, што ў Вашых жылах – кроў двух народаў?
– Добра ўсведамляю: і беларусы, і ўкраінцы – блізкія і зразумелыя мне людзі. Хоць жыву ў Беларусі, часта бываю на радзіме бацькі. Там таксама – усё сваё. Стараюся, каб кожны раз мой візіт супадаў з шыкоўным святам, што праходзіць у сяле Вялікія Сарочынцы, – Сарочынскім кірмашом. Вось дзе відовішча!

– Хто са сваякоў найбольш адчувальна паўплываў на фарміраванне Вашай асобы?
– Самай адметнай персонай у нашым родзе з’яўляецца прабабуля Матрона Аляксееўна. Гэта была жанчына з незвычайным лёсам. Мела дваранскае паходжанне. У сталінскія часы яе мужа рэпрэсіравалі. Але яна стойка вытрымала гэта выпрабаванне, як, дарэчы, і ўсе астатнія. Якія б кірункі не набываў жыццёвы шлях, старанна клапацілася пра кожнага, хто быў побач. Любіла і ўмела лячыць людзей. Лічылася таленавітай траўніцай, сапраўднай знахаркай.

– Вам тыя здольнасці перадаліся?
– Даволі развітая інтуіцыя ды ўменне арыентавацца ў народнай медыцыне – безумоўна ад яе. Прафесія ў пэўнай ступені – таксама. Спачатку скончыў тэхнікум, а пасля і інстытут па спецыяльнсці “Ветэрынарыя”. Маю яшчэ дыплом эканаміста. Адукацыя дазволіла займаць розныя пасады на дзяржаўных прадпрыемствах, а пазней і ў камерцыйных структурах.

– У нашай газеце ўжо друкаваліся матэрыялы, дзе мы расказвалі пра Ваш асабісты ўклад у добраўпарадкаванне Ракава. Скажу чэсна, мяне ўразіла імкненне наводзіць парадак і ўпрыгожваць населены пункт, у якім жывяце не вельмі працяглы час. Прычым усё гэта за ўласныя сродкі і, што асабліва кранае, сваімі рукамі.
– Я па паходжанні селянін, чым ад душы ганаруся. Люблю зямлю. Лічу, што жыць на ёй добра, хаця б таму, што можна пастаянна наводзіць парадак. А для мяне гэта – як дыхаць. Мне мала, што толькі на маім пляцы будзе хораша. Таму, як магу, пашыраю поле дзейнасці. А грошы? Ды яны на тое і зарабляюцца, каб расходаваць на выкананне жаданняў. Я ж жадаю, каб там, дзе жыву, панавала прыгажосць.

– Упэўнена, ганарыцеся сваім утульным домам. Як атрымалася, што вырашылі пасяліцца менавіта ў Ракаве?
– Са знакамітым мястэчкам знаёмы даўно. Калісьці працаваў дырэктарам санаторыя “Дружба”. Улюбіўся ў маляўнічыя мясціны з першага погляду. Што тычыцца дома, на яго месцы быў закінуты пустыр. Сёння цяжка ўявіць тыя моманты, з якімі сутыкнуўся, пакуль усё не ўсталявалася так, як ёсць.

– У асноўнага дома, іншых збудаванняў, двара цікавы, незвычайны дызайн. Гэта прыдумкі спецыялістаў?
– Калі маеце на ўвазе архітэктараў, дызайнераў, дэкаратараў, то іх не было нават у паміне. Спатрэбілася толькі адпусціць фантазію, а там падключыўся малодшы брат – вопытны будаўнік.

– Мяне ўразіла майстэрня. Зараз патлумачу чытачам, што там убачыла. Шыкоўнае памяшканне, дзе пануе выключны парадак. Мноства інструментаў размешчаны не толькі зручна, але і з пэўным ухілам у эстэтыку. А безліч невялікіх слоічкаў, падвешаных да паліц і запоўненых рознымі дэталямі, падаўся нерэальным. На адной са сцен намалявана карціна. Можна палюбавацца і на інсталяцыі з прыродных матэрыялаў, якія выкананы рукамі гаспадара. Анатолій Аляксеевіч, скажыце: адкуль такі перфекцыянізм, і дзе знайсці столькі часу, каб яго на ўсё хапала?
– Я, сапраўды, як цяпер кажуць, “завернуты” на тым, каб усё знаходзілася на належных месцах. Паверце, так жыць шмат лягчэй, чым у хаосе. Недарэмна ў старажытнасці казалі: “Зберагай парадак і парадак зберажэ цябе”. А час… Усім раю ўпусціць у жыццё мой любімы прынцып: тое, што можаш зрабіць менш чым за дзве хвіліны, ніколі не адкладвай на пасля.

– Што яшчэ адносіце да сваіх захапленняў?
– Ну, у майстэрні Вы былі, таму ведаеце: калі-нікалі штосьці майструю. Не раўнадушны да музыкі. Часам бяру ў рукі баян ці гармонік. Хоць самавучка (нават нот не ведаю), іграю з душой. Пры магчымасці купляю з рук інструменты, даводжу іх да належнага стану і дару музычнай школе. Акрамя таго, часта даводзіцца падарожнічаць. Пабываў у больш чым дваццаці краінах свету. Так бы мовіць, імкнуся да здзяйснення дзіцячых мар. Дарэчы, родам з дзяцінства і яшчэ адно хобі. Я – збіральнік. Маю калекцыю мініяцюрных дэкаратыўных слонікаў у розных варыянтах выканання. Іх ужо каля тысячы. Не нашмат меншая і калекцыя значкоў.

– Для Вас вельмі важна адчуваць сябе ўладальнікам розных рэчаў?
– Рэчы самі па сабе шчаслівым не зробяць, а вось стварыць належны настрой для таго, каб чалавек імкнуўся да шчасця, могуць. Я з радасцю акружаю сябе такімі прадметамі. Увогуле ўпэўнены: прыгажосць прыносіць у сэрцы і ў розумы мір.

– Пасля наведвання Вашага дома ўзнікае ўражанне, быццам гаспадар – выключны сібарыт, які літаральна трызніць камфортам.
– Ведаеце, мяне жыццё пакідала. Таму сёння хочацца ўтульнасці, атмасферы, што спрыяе адпачынку. Спадзяюся, я гэта заслужыў. Аднак не сібарыт. Доўга без справы не магу. На сто працэнтаў падтрымліваю ідэю, што рух і ёсць жыццё. Стараюся як мага больш гарманічна спалучаць фізічную, эмацыянальную нагрузкі з нячастымі хвілінамі рэлаксу.

– Вам важна ўсё трымаць пад кантролем?
– Для мяне важна, каб жыццё было напоўнена падзеямі, рухалася наперад. А яшчэ, каб у ім не панавала блытаніна.

– Магчыма закрану балючую тэму, але, калі можна, некалькі слоў пра службу ў Афганістане…
– Мне было ўжо трыццаць гадоў, меў сям’ю. Служыў начальнікам занальнай ветэрынарнай лабараторыі, якая ажыццяўляла кантроль за якасцю харчавання. Таму ў планавых баявых аперацыях удзелу не прымаў.

– А ў няпланавых?
– Вы ж разумееце: выратаванне тых, хто тоне, заўсёды ў руках іх саміх… Толькі паглыбляцца ў гэту тэму не хацелася б.

– Думаю, тыя, хто зведаў вайну, як ніхто, даражаць дружбай…
– Сапраўды так. Без сяброў я асабіста жыцця не ўяўляю. Іх у мяне няшмат, але гэта людзі, з якімі смела можна ісці ў разведку.

– А з жанчынай сябраваць можна?
– Канешне можна, калі гэта жанчына твая каханая (смяецца). Калі без жарту, упэўнены: гендэрныя адрозненні ў такой справе значэння не маюць.

– А што мае?
– Еднасць душ, уменне глядзець у адным кірунку і бачыць адно і тое ж, адчуванне надзейнасці і ўпэўненасць у тым, што цябе разумеюць.

– Жадаеце, каб Вашы прынцыпы былі безумоўна прыняты блізкім чалавекам?
– О, да гэтага, думаю, імкнецца кожны. Я ж спадзяюся хаця б толькі на разуменне таго, што і ёсць “я”. А калі б мой асабісты свет захапіў кагосьці настолькі, каб яго падзяліць, гэта было б сапраўдным падарункам.

– Як лічыце, у наш складаны, імклівы час можна быць шчаслівым?
– Роўна настолькі, наколькі самі сабе дазволіце. Большасць людзей шчасце проста не заўважаюць. Іншыя ж у любых абставінах знойдуць нагоду для радасці. Я – з такіх.

– Вы – цэльная асоба са сваім разуменнем наваколля і дакладна акрэсленымі суджэннямі. Памяняць думку адносна нейкіх важных момантаў можаце?
– Магу, калі будзе важкая падстава. Напрыклад, моцная аргументацыя субяседніка, які значна лепш разбіраецца ў прадмеце спрэчкі. Справа ў тым, што ўсё вакол нас пастаянна мяняецца. Мы не павінны адставаць. На мой погляд, той, хто ніколі не мяняе думку, – чалавек тупіка.

– Што можаце назваць самым загадкавым у жыцці?
– Нараджэнне новага жыцця. Гэта так складана і разам з тым так проста. А яшчэ прыгожа і вечна, як свет.

– А да самага галоўнага ў лёсе чалавека што б аднеслі?
– Існаванне ў ладзе з уласным сумленнем.

– У Вас гэта атрымліваецца?
– Практычна. Хоць патрэбна ўлічваць: як у прыродзе не сустракаюцца выключна чыстыя рэчывы, так і нашы паводзіны не бываюць без адценняў. На Ваша пытанне добра адказаў Уладзімір Высоцкі, які напісаў: “А безгрешных не знает природа”.

– Што пажадаеце тым, хто прачытае наша інтэрв’ю?
– Не растрачвайце сябе на непатрэбных людзей. Цаніце і любіце толькі тых, хто цэніць і любіць вас. Не дарыце сваё жыццё асобам, якія нават не ведаюць, што з падобным падарункам рабіць.

– Анатолій Аляксеевіч, шчырае дзякуй за цікавыя адказы. Я ў сваю чаргу зычу Вам здароўя і абавязковага здзяйснення як усіх рэальных планаў, так і самых запаветных мар.
Гутарыла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара