Адпачынак для душы

Важное Культура

Цудоўная танцавальна-забаўляльная вечарынка “Адпачываем разам!” адбылася нядаўна ў раённым Цэнтры культуры.

Людзі пажылога ўзросту з задавальненнем наведваюць падобныя мерапрыемствы і актыўна прымаюць удзел ва ўсіх конкурсах, што ім прапануюць работнікі ўстановы. Тыя ж, у сваю чаргу, рады прымаць гасцей. Яшчэ да пачатку асноўнай дзеі кіраўнік народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Наталія Кліменак дала жадаючым майстар-клас па саломапляценні. У кожнага, хто браўся за работу, абавязкова атрымаўся прыгожы выраб. І гэта зразумела. Рукі жанчын, што завіталі на мерапрыемства, не баяцца працы, многае ўмеюць і могуць.

Падчас музычна-забаўляльнай праграмы госці з задавальненнем паслухалі песенныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў раённага Цэнтра культуры. Калі ім прапанавалі песенны бад, прысутныя з дзіцячай непасрэднасцю прынялі ўдзел у конкурсе: яны разбіліся на дзве каманды і па чарзе прыгожа выконвалі куплеты з твораў на зададзеную тэму. Удзельніцы імгненна ўспаміналі радкі пра птушак, імёны, кветкі, поры года і інш.

Цікавым для бабуль аказаўся конкурс, дзе трэба было перакласці гаворку ўнукаў і праўнукаў на зразумелую дарослым мову. Жыццёвы вопыт дапамог не разгубіцца і знайсці правільныя адказы. Не менш займальна было адгадваць загадкі, што прапанавала вядучая мерапрыемства Вольга Дзедуль.

А як жа перамяніліся дарагія жанчыны падчас конкурсу-дэфіле “Арэнбургская хустка”. Кожная з іх атрымала заданне, для якой мэты ёй неабходна хустка, і выбрала самую прыдатную з тых, што прапанавалі арганізатары. Потым пачалося шыкоўнае шоу: жанчыны, кожная на свой манер, надзелі, або накінулі шалік ці хустку і прэзентавалі ўборы. Для гэтага адны чыталі вершы, іншыя спявалі, танцавалі.
Закончылася вечарынка дыскатэкай. Усе, хто завітаў у той дзень у РЦК, з задавальненнем патанцавалі пад добрую музыку.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара