Гісторыя з фатаграфіяй

Важное Люди и судьбы

Сёння прапаную нашым чытачам два фотаздымкі і адну гісторыю. На першай фатаграфіі – былы жыхар Валожына Абрагам Бярковіч, на другой – пажарная каманда, якая размяшчалася па вуліцы Савецкай (Старавіленскай) каля возера. Цікава, што можа быць агульнага ў розных па сюжэце здымках?
А вось што…

Абрагам Бярковіч трапіў у мястэчка Валожын у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён быў вельмі прыгожы, статны і кемлівы чалавек, заўсёды з гумарам, таму ў хуткім часе стаў прыкметнай і важнай асобай у мястэчку. Пра такіх людзей кажуць, што ўсявышні пацалаваў іх у цемечка. Калі б наш герой змог атрымаць належную адукацыю, то стаў бы вялікім вынаходнікам, бо галава ў яго была светлая, а рукі залатыя.

Любую справу Абрагам выконваў на самым высокім узроўні. Ён прыдумаў круглую печ, пакрытую бляхай. Яна вельмі доўга трымала цяпло. Уся мэбля ў доме Бярковіча была зроблена сваімі рукамі. Местачкоўцы прыходзілі палюбавацца хатнімі дзівосамі гаспадара. Звонку дом Абрагама быў упрыгожаны кветкамі і арнаментам. Усё, за што браўся гэты чалавек, ператваралася ў сапраўдны мастацкі цуд.

Яшчэ Бярковіч быў нядрэнным прадпрымальнікам: адкрыў аптэку ў цэнтры мястэчка ў доме Мушкі Перскага (пекара). Аптэка была аформлена з вельмі добрым густам. Лекі ў слоічках акуратна расстаўляліся на прыгожых паліраваных паліцах. Падлогу гаспадар пакрыў чырвоным лакам і засцяліў дыванамі, якія выткалі мясцовыя майстры. Жыхары паважалі аптэкара, заўсёды прытрымліваліся яго парад.

Галоўным жа хобі Абрагама была «Пажарная каманда». Ён быў яе заснавальнікам і кіраўніком да 1935 года, пакуль польскі ўрад не адабраў у яўрэяў кіраванне аб’яднаннем і не аддаў яго губернскаму кіраўніку. Але і пасля гэтага Бярковіч застаўся кансультантам і ганаровым членам каманды.

Абрагам быў творчым чалавекам. Яму захацелася падарыць валожынцам сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне. Для гэтага выбралі пастаноўку “Продажа Йосефа”. Галоўным рэжысёрам спектакля стаў сам Абрагам Бярковіч. Доўгі час падрыхтоўку спектакля трымалі ў вялікай тайне. Хадзілі па Валожыне чуткі, што нешта грандыёзнае задумаў Абрагам, але дакладна ніхто нічога не мог сказаць.

І вось каля возера ўстанавілі сцэну. З пажарнай казармы вынеслі вадзяную помпу і сталі рыхтавацца да спектакля – устанаўліваць неабходнае абсталяванне. Цікаўных блізка не падпускалі, каб не раскрыць сюрпрыз. Інтрыгавалі жыхароў горада яркія, прыгожыя афішы, якія былі развешаны паўсюдна і запрашалі на спектакль. Іх афармляў сам Бярковіч. Білеты на прадстаўленне раскупілі імгненна. Жыхарам мястэчка вельмі хацелася хутчэй паглядзець гала-шоу.

Нарэшце доўгачаканы дзень настаў. Гледачы прыйшлі на спектакль, як на вялікае свята. Усе былі апрануты па-святочнаму. Калі адкрылі заслону, людзі ахнулі. Такую дэкарацыю нават у тэатры нельга было ўбачыць! Пасярэдзіне сцэны гарэў сапраўдны касцёр. Касцюмы артыстаў уражвалі. Абрагам Бярковіч прадумаў кожны элемент і ў дэкарацыі, і ў падрыхтоўцы спектакля. Валожынцы глядзелі на сваіх землякоў, якія ператварыліся ў сапраўдных артыстаў, і не маглі паверыць, што такі цуд адбываецца на іх вачах. Ад вялікага эмацыянальнага напружання ў вачах гледачоў стаялі слёзы. Доўгі час жыхары Валожына ўспаміналі спектакль і былі вельмі ўдзячныя Бярковічу за яркі і незвычайны падарунак.

Абрагам любіў творчых людзей і па магчымасці падтрымліваў іх талент. Вялікай папулярнасцю ў горадзе карыстаўся духавы аркестр пажарнай каманды (на групавой фатаграфіі на першым плане). Кіраваў гэтым калектывам пан Ратнер. Тут жа мы бачым і тэатралізаванае дзейства, якое падрыхтавалі члены гэтага цудоўнага калектыву.

Вось такі неардынарны і таленавіты чалавек жыў у нашым горадзе ў міжваенны перыяд. Знаёмства з ім адбылося, дзякуючы двум старым фотаздымкам пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Можа вы, шаноўныя чытачы, ведаеце іншыя гісторыі пра нашых землякоў. Падзяліцеся імі.

Ніна БОБРЫК,
навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея