Жыву, каб любіць

Важное Люди и судьбы

Алена Іванаўна СЕМЯНЯГА з гонарам носіць тытул самага старэйшага жыхара вёскі Ганчары Вішнеўскага сельсавета.

Невялікага росту, хударлявага складу,  яна ў свае 94 гады даволі спрытна рухаецца. Няпроста паверыць, але ўсё жыццё даволі кволая з выгляду жанчына адпрацавала на будоўлі – падавала майстрам раствор. Цяжкая праца з аднаго боку загартавала яе характар, з іншага – адняла здароўе. Некалькі гадоў таму адчула першыя прыкметы хваробы Паркінсона. Зараз менавіта яны яе галоўныя ворагі. Усё ж, нягледзячы на тое, што трасуцца рукі, і таму ёй складана штосьці рабіць, наша гераіня не паддаецца ўзросту. Ганарыцца выдатнай памяццю. У адрозненне ад большасці людзей саліднага ўзросту помніць і даўнія, і самыя апошнія падзеі. Яна даволі падрабязна можа расказаць пра фашысцкую акупацыю, пасляваенны час, росквіт савецкай эпохі. Наконт сённяшняга этапу развіцця грамадства таксама мае ўласную думку, каб адстаяць якую, гатова спрачацца. 

Алена Іванаўна – вялікая аматарка тэлевізара. Яе цікавяць палітычныя, эканамічныя і культурныя навіны. А вось тэлесерыялы глядзець не любіць. Там вельмі часта “разжэньваюцца” і не ведаюць, ад каго нарадзілі дзяцей. Паважаную жанчыну такія моманты раздражняюць. Сама яна зусім маладой выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей, якія ў свой час падарылі бабулі чатырох праўнукаў. Зараз любячае сэрца прабабулі радуецца новаму пакаленню – у вялікай сям’і падрастаюць сямёра прапраўнукаў.

“З песняй па жыцці іду, песня жыць мне дапамагае”, –  разважае адна з лепшых спявачак наваколля (зараз са шкадаваннем прызнаецца, што на спевы ўжо даўно не мае сіл). І тут жа тлумачыць: спевакоў любіць не ўсіх. Тыя, хто ў пер’і і блішчыць, – не яе. Падабаюцца толькі самыя лепшыя – Яраслаў Еўдакімаў, Анатоль Ярмоленка, Софія Ратару, Ала Пугачова і падобныя да іх.

Пра тое, каб матулі жылося камфортна, больш за ўсіх клапоціцца дачка Тамара (жанчыны жывуць разам), якая, хоць і мае ўласныя погляды на жыццё, з вялікай павагай ставіцца да думкі роднага чалавека, ганарыцца ёй як выключным працаўніком, добрым чалавекам, сапраўднай жанчынай, што на ўсё жыццё галоўным для сябе вызначыла любоў да бліжніх.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара