Дапамога заўсёды дарэчы

Важное Молодежный курьер

У рамках акцыі “Моладзь за бяспеку” актывісты клуба юных выратавальнікаў-пажарных “Ліквідацыя” з сярэдняй школы № 2 г. Валожына аказваюць штогадовую шэфскую дапамогу жыхарам горада, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу.

Роўна пяць гадоў прайшло з таго часу, як школьнікі, што з’яўляюцца членамі клуба, пазнаёміліся з выдатнай жанчынай Верай Уладзіміраўнай Коцік. Час ідзе, адны рабяты сталеюць і пакідаюць установу адукацыі, на замену ім прыходзяць новыя актыўныя і мэтанакіраваныя юныя выратавальнікі. Кожную восень яны наведваюцца ў дом Веры Уладзіміраўны, як да роднага і блізкага чалавека. Ведаюць, што тут іх заўсёды чакаюць.

Бягучы год не стаў выключэннем. Паколькі жанчына жыве ва ўласным доме, работы на двары і агародзе хапае. Таму любая дапамога заўсёды дарэчы. Юныя выратавальнікі з выдатным настроем і разуменнем, што робяць вельмі патрэбную і важную справу, дружна ўзяліся за працу. Яны ўскапалі агарод, прыбралі тэрыторыю ад сухой расліннасці, а таксама заняліся нарыхтоўкай яблыкаў на зіму.

Вера Уладзіміраўна раней працавала настаўнікам у школе, таму агульную мову з моладдзю знаходзіць вельмі хутка. Яе цікавыя аповеды і павучальныя гісторыі падабаюцца рабятам.

Наш кар.