Пра ўзрост без шкадавання

Важное Культура Общество

У адноўленым памяшканні аддзялення дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшла ўрачыстасць да Дня пажылых людзей.

Спецыялісты ТЦСАН сумесна з работнікамі культуры і супрацоўнікамі РАНС падрыхтавалі для паважаных грамадзян Валожына цікавую праграму. Вядучай выступіла загадчык аддзялення Ірына Кавяза. Ірына Валер’еўна на працягу многіх гадоў падтрымлівае сувязь з большасцю жанчын нашага раёна, якія аддана працавалі на адказных пасадах і зараз вызначаюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Многія з іх – у авангардзе дзейнасці клубаў “Залатая восень” (лідар – Ганна Трухоўская) і “Лэдзі” (лідар – Алена Барахоўская), лёгка арыентуюцца ў прыярытэтах і інтарэсах сваіх аднадумцаў. Таму, дзякуючы агульным намаганням, атмасфера ва ўтульнай зале, упрыгожанай асеннімі кветкамі, панавала па-сапраўднаму шчырая і цёплая.

Адкрыла сяброўскую сустрэчу намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Пракопчык. Яна пачала прывітанне словамі: “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!” Вольга Генрыхаўна адзначыла, што асабіста яна ўспрымае прысутных не як прадстаўніц старэйшага пакалення (вельмі ж маладжавым бляскам свецяцца іх вочы, а энергічнасці можна нават пазайздросціць), яны для яе – настаўніцы, чые вопыт, уменне працаваць і пастаяннае жаданне захоўваць у душы юначы запал – годны прыклад для пераймання.

Прадстаўніцы раённай бібліятэкі Марыя Шынгер (дырэктар) і Ірына Зянько (былы дырэктар) таксама ад душы віталі паважаных жанчын. Вядома, што ўстанова культуры даўно і прадукцыйна супрацоўнічае з сацыяльнай установай. Літаральна да апошняга часу многія мерапрыемствы ТЦСАН праходзілі ў актавай зале бібліятэкі. У бліжэйшых планах – працяг сумеснай дзейнасці. Марыя Зыгмундаўна скарыстала магчымасць і звярнулася да прысутных, большасць з якіх з’яўляюцца пастаяннымі наведвальнікамі ўстановы, з напамінам пра паслугу “Кніга на дом”.

Лідар легендарнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч па традыцыі прыйшла на мерапрыемства разам са сваімі аднадумцамі – паэткамі Марыяй Шакун, Надзеяй Агіевіч, Галінай Гражынскай. Жанчыны склалі праграму выступлення з твораў на асеннюю тэматыку. Цікава, але вершы, дзе большасць вобразаў тычыліся пажоўклага лісця, павуцінак, што лунаюць у паветры, і іншых прыкмет восені, не выклікалі ў слухачоў адчування самоты. Наадварот, шчырыя выступленні творцаў натхнілі некаторых таксама далучыцца да дэкламацыі ўласнай творчасці. Напрыклад, упершыню на прысуд публікі вынесла першы твор на беларускай мове Вольга Пракопчык. Яе лірычны верш атрымаў адабрэнне і прафесіяналаў – членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, і аматараў паэзіі, а такімі можна смела назваць кожную з сарака жанчын, што завіталі на свята.

Дружнымі апладысментамі аддзячылі ўдзельнікі сустрэчы Дзмітрыю Завацкаму і Ірыне Зянько за шчырае выкананне любімых песень. З цікавасцю ўключыліся і ў гульню-казку, якую разам з удзельнікамі клуба юных выратавальнікаў-пажарных прэзентавалі выратавальнікі. Выканаўцы роляў адноўленай казкі “Калабок” на супрацьпажарную тэматыку актыўна дэманстравалі свае артыстычныя здольнасці, за што таксама былі ўзнагароджаны апладысментамі.

Завяршылася сустрэча шыкоўным салодкім сталом, які падрыхтавалі самі ўдзельніцы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара