Навучыцца размаўляць ясна

Важное Общество

Трохдзённы трэнінг “Ясная мова для прафесіяналаў” у рамках праекта “Я разумею – я выбіраю” з удзелам спецыялістаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з райцэнтраў Міншчыны прайшоў на базе Валожынскага ТЦСАН.

Работа ў праекце ажыццяўляецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі (праграма рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця германскага таварыства па міжнародным супрацоўніцтве) грамадскім аб’яднаннем “Гід па жыцці”, Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам у партнёрстве з іншымі арганізацыямі і ўстановамі пры падтрымцы Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта – пашырэнне даступнасці і забеспячэнне якасці інфармацыйнага поля ў Беларусі для людзей з цяжкасцямі ў навучанні і разуменні інфармацыі.

 Арганізатарамі і спонсарамі сустрэчы ў Валожыне выступілі Мінскі абласны камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і БелАДДІіМІ. Прадстаўніцы гэтай грамадскай арганізацыі Таццяна Грышан і Вераніка Кавалёва, што з’яўляюцца спецыялістамі па яснай мове, патлумачылі спецыялістам раённых цэнтраў асаблівасці і неабходнасць выкарыстання яснай мовы пры рабоце з людзьмі з інваліднасцю.   Вядома, ясная мова працуе на стварэнне безбар’ернага камунікацыйнага асяроддзя. Таму ўдзельнікі на працягу двух дзён вучыліся пераўтвараць тэксты, напісаныя даволі складана, у паведамленні, якія б змаглі зразумець людзі, што маюць разумовыя адхіленні. Правілы выкарыстання зразумелых тэкстаў і выяў падаваліся аўдыторыі з дапамогай яскравых прыкладаў, што спрыяла засваенню практычных навыкаў па адаптацыі тэкстаў для прымянення іх у прафесійнай дзенасці. На трэці дзень да спецыялістаў далучыліся іх выхаванцы – маладыя людзі з інваліднасцю. Яны выступілі ў ролі ацэншчыкаў выкананых заданняў.

У кастрычніку і лістападзе плануецца правесці яшчэ два этапы трэнінгу. На бліжэйшай сустрэчы будзе весціся работа па стварэнні спецыялістамі ўласнага матэрыялу на яснай мове (гэта можа быць інструкцыя па карыстанні пэўнымі інструментамі, што задзейнічаюцца падчас гуртковай работы, ці сцэнарыі заняткаў, мерапрыемстваў і г. д.). На заключным этапе запланавана прэзентацыя створанага прадукту.

З валожынскага боку ў трэнінгу прынялі ўдзел спецыяліст аддзялення Ларыса Мытнік і выхаванец Дзмітрый Канановіч. Пасля завяршэння трэцяга этапу Ларыса Альбертаўна атрымае спецыяльны сертыфікат. Дакумент дасць права на правядзенне заняткаў па навучанні асновам правільнай мовы для калег, што працуюць з людзьмі з інваліднасцю.

Дарэчы, пакуль дарослыя прадстаўнікі васьмі раённых цэнтраў засвойвалі азы яснай мовы, іх выхаванцы і партнёры далучыліся да групы валожынскай моладзі, што наведвае адзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Спецыялісты аддзялення пастараліся, каб госці адчувалі сябе запатрабаванымі. Для іх наладзілі экскурсійную паездку ў Налібоцкую пушчу. Госці і адзінаццаць валожынскіх дзяўчат і юнакоў пабывалі на чаяпіцці ў аграсядзібе “Налібоцкія васількі”, паўдзельнічалі ў спартландыі на тэрыторыі экалагічнай сцежкі. Прыезджыя маладыя людзі змаглі таксама стаць удзельнікамі трэнінгу па самаадвакатаванні, што праводзіўся кіраўнікамі і наведвальнікамі клуба “Я дарослы”, які працуе пры аддзяленні.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара