ПРЫЁМНАЯ СЯМ’Я ДЗЕЦЯМ НАДЗЕЮ НА ШЧАСЦЕ І ДОЛЮ ДАЛА

Официально

Па бясконцай рацэ жыцця пад ветразямі шчаслівай надзеі плыве лодка дзяцінства. І вяслуюць на ёй двое: маці і бацька. Пад апекай дбайных бацькаў дзецям спакойна, надзейна і радасна. Але так, на жаль, не ва ўсіх сем’ях. У многіх ушчэнт разбілася жаданае шчасце, бо гэту лодку раскачалі халодныя хвалі  п’янства, маральнага падзення і незваротнай дэградацыі дарослых. Многім дзеткам  усё ж, дзякуй Богу, удаецца выбрацца на надзейны, выратавальны бераг дабрыні, міласэрнасці, велікадушнай любові. Ёсць і канкрэтны адрас такога шчасця: вёска Багданава, дом № 21.

Як прыгожы белы карабель  велічна стаць гэты прасторны дом на  фоне вясковых зялёных пейзажаў. У фасаднай частцы жылога будынка ўзведзена веранда акруглай формы, а над ёй – невялікая мансарда са скульптуркай Багародзіцы, якая сваім лагодным позіркам сустракае ўсіх, хто прыходзіць у гэты дом, дзе жыве незвычайная па многіх звыклых канонах прыёмная сям’я.

У клапатлівым доглядзе, чуласці  выхоўваюцца тут дзеткі. Да нядаўняга часу дзесяць, а цяпер восем. Ахвярна служаць высакароднай справе Алена Феліксаўна Дварэцкая і Тарэса Дамінікаўна Чарняўская. Першая родам з беларускага Палесся, другая – з Гродзеншчыны.   Так склалася ў жыцці, што яны не стварылі ўласных сем’яў, але разам з тым нельга сказаць, што жанчыны не зведалі сапраўднага мацярынскага шчасця. Наадварот, гэтае пачуццё тут дамінуючае. Шмат дзяцей, абдзеленых лёсам, сагрэлі тут свае сэрцы, і не толькі дзяцей…

Надоечы з адной з гаспадынь гэтага міласэрнага дома – Аленай Феліксаўнай Дварэцкай – і адбылася наша размова. На пачатку інтэрв’ю мы традыцыйна папрасілі расказаць пра тое, як усё пачыналася…

–  Жыву ў Багданаве 10 гадоў. Нарадзілася на Гомельшчыне ў пасёлку Брацкае Нараўлянскага раёна. З дзяцінства мама і тата навучылі нас, траіх дачок, дапамагаць людзям. Мы раслі ў багатай сям’і, ні ў чым не мелі матэрыяльнай  патрэбы. Тата часта гаварыў нам: “Што маеш, тым трэба падзяліцца з іншымі. Нельга ўсё трымаць толькі для сябе. Свет будзе існаваць да таго часу, пакуль будуць на зямлі добрыя людзі”. І гэта жыццёвае настаўленне я ўзяла за свой галоўны дэвіз. Яшчэ ў школе спецыяльна старалася зберагчы цукеркі, каб потым  імі кагосьці пачаставаць.

–      Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя моманты сваёй біяграфіі.

–      Скончыла медвучылішча, па спецыяльнасці я фельчар. Потым была вучоба ў  музычнай установе Польшчы, дзе спасцігала асновы прафесіі арганіста. Ужо ў маладосці я  ўсвядомлена хацела прысвяціць сваё жыццё службе іншаму чалавеку. Гэта не высокія словы. Я шукала такое месца. І мне здавалася, што знайшла яго ў горадзе Жытоміры ва Украіне, дзе працавала фельчарам “хуткай дапамогі”. Прафесія медыка мне вельмі падабалася. Прыязджала да хворых людзей, дапамагала ім, і хоць за гэта атрымлівала зарплату, аднак  адчувала, што людзям магу служыць самаахвярна. Але лёс зрабіў нечаканы паварот…

–      …і вы апынуліся на Валожыншчыне. Алена Феліксаўна, як гэта адбылося?

–      Адзін святар  аднойчы сказаў, што ў вёсцы Багданава ёсць дзве старыя жанчыны, якіх трэба дагледзець да смерці. Ён ім паабяцаў, што пра іх паклапоціцца, але таму ксяндзу трэба было вяртацца на радзіму – у Польшчу. Разлічылася з працай і прыехала сюды.  Ніколі дагэтуль не жыла на вёсцы, не была знаёма з сялянскім бытам, таму трэба было вучыцца і паліць печку, і карову даіць, і палоць агарод, выконваць іншыя работы. Я чалавек веруючы. І вера надала сэнс майму жыццю, маёй новай працы. Напачатку прыходзілася вельмі цяжка. Ды і дом не выглядаў так дагледжана, як цяпер. Думала, што як толькі дагледжу гэтых дзвюх самотніц, зноў вярнуўся на сваю малую радзіму. Я ні ў якім разе не планавала на пастаянна застацца ў Багданаве. У жніўні памерла адна з бабулек. Дом быў паўразвалены. Я была ў вялікай разгубленасці і нават у нейкім адчаі. І Бог паказаў мне сэнс жыцця…

–      Як Вы адчулі ў сваёй душы прызванне стаць прыёмнай мамай?

–      У жніўні дзесяць гадоў таму я, можна сказаць, падабрала на вуліцы дзяўчынку Алесю. З яе выхавання і пачалася гэта вялікая справа, якой мы займаемся цяпер.  Сімвалічнае дрэва міласэрнасці разраслося і дало добрыя плады. У гэтым доме растуць і выраслі 10 дзяцей. У гэтым доме дастойна сустрэлі сваю смерць 7 бабулек. Мы іх клапатліва дагледзелі. Пераканана, што да апошняга дня яны адчувалі, што іх любяць, што пра іх  непакояцца, што яны некаму патрэбныя. Чалавеку ў любым узросце патрэбна суцешнае слова, добры позірк, падтрымка. Дабрыня ў нас час важней, відаць, за хлеб…

– Алена Феліксаўна, пазнаёмце нас, калі ласка, са сваімі дзецьмі.

–      Самая старэйшая наша выхаванка – Аня. Гэтым летам ёй споўнілася дваццаць пяць гадоў. Яна ўжо дарослая, а прынялі мы яе, калі Ані было трынаццаць. Скончыла мясцовую школу. Паступіла ў Гродзенскі каледж лёгкай прамысловасці, атрымала спецыяльнасць. Фактычна яна не адышла ад нас. Гэта яе дом назаўсёды. Хаця афіцыйна тут дзеці павінны жыць, пакуль не скончаць школу. Я ім кажу, што іх  заўсёды чакаю, што ім заўсёды рада. Калі вучылася ў Гродне, Аня кожны месяц прыязджала да нас. Мы яе заўсёды гасцінна сустракалі. Такія дзеці не маюць адвагі папрасіць, што ім трэба. Але я, мне здаецца, заўсёды адчуваю, у чым яны маюць найперш патрэбу і стараюся дапамагчы. Мы дапамаглі зладзіць яе вялікае асабістае свята – вяселле ў Гродне. Там яна прадставіла мяне ў якасці мамы. Аня папрасіла, каб менавіта я благаславіла яе на шчаслівае сямейнае жыццё.

Жыве ў нас і Ваня  Косыраў – зводны брат Ані. Яна – грамадзянка Расіі. Некалі тут працавалі яе бацькі, затым пераехалі ў Слонім. Калі для Вані рабілі дакументы, то праз суд мы даведаліся, што іх маці лічыцца прапаўшай без звестак. У гэты годзе наш Ваня паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт на фізіка-механічны факультэт. Мы ім заўсёды ганарыліся, ён вельмі здольны хлопец. Да таго ж Ваня прыгожа спявае. Ён мае ў сваім характары штосьці такое, што ўсім падабаецца. Ваня заўсёды з усмешкай. Ён такі далікатны і вельмі добры. Радуе, што ён паспяхова скончыў 11 класаў. Шэсць  гадоў яму было, калі мы яго забралі сюды з вуліцы. Сядзеў на плоце і спяваў “На полі танкі грукаталі…”  Людзі, як звычайна на вёсцы, давалі яму хлеба, сала, агуркоў.   І вось аднойчы гэтыя брат і сястра прыйшлі  да нас і сказалі, што ім няма дзе жыць. Астатніх  сваіх падапечных забралі афіцыйна з Вішнеўскага, цяпер ужо Валожынскага, прытулкаў. Бацькі такіх дзяцей, як правіла, пазбаўлены сваіх правоў.

Выхаванкай наша дома была і  Алеся Васілеўская, ёй споўнілася 18 гадоў. Дзяўчына вучыцца ў Вілейскім каледжы. У нас знайшлі надзейны прыстанак дванаццацігадовы Дзяніс Савіцкі і яго дзевяцігадовая сястрычка Аляксандра. Прытуліся тут і дзевяцігадовы Мікалай і шасцігадовая Таня Хаванскія. Жывуць браты – пяцігадовы Вадзім і васьмігадовы Аляксей Звярынскія. Знайшлося месца ў нашай вялікай сям’і і для дзевяцігадовай Паліны Шчарбачэвіч. Дзеці, якіх мы выхоўваем, у сваёй біялагічнай сям’і ніколі не былі “желанные”.  Іх  часта крыўдзілі. Іх не любілі. Мы стараемся стварыць ім самыя  спрыяльныя ўмовы для шчаслівага дзяцінства, клапоцімся, каб яны мелі абсалютна ўсё. Вечарамі мы часта супольна молімся за здароўе іх біялагічных бацькоў, просім дапамогі ва Усявышняга, каб гэтыя бацькі нарэшце перасталі піць, каб навярнуліся на лепшага, пабожнага жыцця. І некаторыя дзеткі плачуць, і адмаўляюцца маліцца. Бо вельмі баяцца, што бацькі  прыйдуць і забяруць іх дахаты і яны зноў  акажуцца ў ранейшым “пекле”.

Гутарыла

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий