Пажылым – даніна павагі

Главное Общество

Па цудоўнай традыцыі, што даўно склалася ў раёне, напярэдадні Дня пажылых людзей прадстаўнікі органаў улады, сацыяльных устаноў, грамадскіх арганізацый знаходзяць час, каб павітаць самых паважаных жыхароў раёна, уручыць ім падарункі.

Вось і на гэты раз да грамадзян, якія паспелі адзначыць стагадовыя юбілеі, накіраваліся намеснік старшыні райвыканкама Вольга Сяргееўна Багатырова і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Леанідаўна Ракавец. Яны наведалі Марыю Вікенцьеўну Канановіч (116 гадоў) з вёскі Лістапады і Ганну Емяльянаўну Рагачэвіч (102 гады) са Слайкоўшчыны. Абедзве жанчыны з цудоўным настроем сустрэлі візіцёраў, з радасцю выслухалі пажаданні здароўя, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця і самі перадалі ўсім валожынцам пажаданне далучацца да ліку доўгажыхароў.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Фадзееўна Рай пабывала ў Алены Францаўны Сушкевіч (вёска Міхалова). Гэта жанчына таксама нядаўна справіла соты дзень нараджэння, але ўзрост не адчувае, выключна добра выглядае і з аптымізмам глядзіць у будучыню.

Завіталі прадстаўнікі сацыяльнай службы і да жыхара Сазонаўшчна Аляксандра Аляксандравіча Ермака. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны таксама адчувае сябе бадзёра. Жыве з сынам – былым афіцэрам і, хоць зусім не бачыць, з задавальненнем унікае ў падрабязнасці жыцця раёна і краіны ў цэлым.

У Манькаўшчыне жыве сям’я Таццяны Васільеўны і Уладзіміра Васільевіча Сушаў, якая ўзяла на сябе адказнасць за догляд пажылой сваячкі, інваліда першай групы Галіны Паўлаўны Стахоўскай. Шаноўныя госці не мінулі і іх дом.

Разам з падарункамі ад райвыканкама пажылым людзям уручаны прадуктовыя наборы і памятныя паштоўкі ад Міністэрста па працы і сацыяльнай абароне і камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

Група прадстаўнікоў ТЦСАН у складзе Аксаны Аляксандраўны Жук, Таццяны Аляксандраўны Рубацкай (загадчык і спецыяліст аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі) і Ларысы Сяргееўны Ермаловіч  (спецыяліст аддзялення для пажылых грамадзян) таксама пабывалі ў гасцях у многіх пажылых людзей. Большасць з іх – былыя малалетнія вязні, якія пацярпелі ад фашызму. Некаторыя з’яўляліся непасрэднымі ўдзельнікамі праекта “Прафілактыка ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых грамадзян Валожынскага раёна”, які падрабязна асвячаўся карэспандэнтамі “Працоўнай славы” і іншых выданняў.

Кожнаму герою гэтага дня былі ўручаны падарункі, над фарміраваннем якіх працавалі спецыялісты ТЦСАН, валанцёры (наведвальнікі аддзялення для пажылых грамадзян), ГА “Беларускі фонд “Міласэрнасць і здароўе”. Як адзначылі самі паважыныя пенсіянеры, яны бязмежна рады ўвазе і клопату, які пастаянна адчуваюць.

Кацярына Іосіфаўна Савіна з Сівіцы, нягледзячы на ўзрост, захоўвае аптымізм. Сёння з жанчынай яе дачка, але яна з расцю карыстаецца і паслугамі сацыяльнай службы.

Тарэса Францаўна Капуста з Івянца вызначаецца сваёй гасціннасцю. Хоць жыве самастойна, але ганарыцца падтрымкай трох сыноў, дом аднаго побач.

Жыхарцы гарадскога пасёлка Галіне Афанасьеўне Касцючэнка мінула 90 гадоў. Жанчына зведала страты самых блізкіх людзей. Сёння яна жыве адна, але адзінокай сябе не лічыць – навокал безліч цудоўных людзей.

Пра жыхарак Ракава Валянціну Пракопаўну Паўлоўскую, якая працавала ўрачом у Івянцы і Ракаве, былых настаўніц Ганну Каспераўну Янушкевіч, Ларысу Уладзіміраўну Халявінскую і былога вязня Леаніду Лявонцьеўну Кукліс мы ўжо пісалі. Паважаныя жанчыны заўсёды з радасцю сустракаюць кожнага (у тым ліку і журналістаў), хто завітае ў іх утульныя дамы, шчодра дзеляцца жыццёвай мудрасцю і пазітыўнай энергетыкай.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара