У вёску медыцынскі комплекс завітаў

Безопасность и здоровье Главное

З мэтай паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва пры УАЗ “Валожынская цэнтральная раённая бальніца” ўжо некалькі месяцаў працуе перасоўны медыцынскі комплекс.

Медустанова на колах курсіруе між населенымі пунктамі раёна згодна з графікам, за дакладнасць якога нясе адказнасць загадчык райпаліклінікі Аляксандр Аляксандравіч Бурак. Менавіта ён патлумачыў сэнс работы, якую па-сапраўднаму можна лічыць аператыўнай. Мабільны комплекс дапамагае супрацоўнікам амбулаторый і фельчарска-акушэрскіх пунктаў наведвацца да пацыентаў па месцы іх жыхарства, забяспечвае высокі працэнт дыспансерызацыі.

З выгляду ён нагадвае звычайны аўтобус, але, зазірнуўшы ўнутр, разумееш, што трапіў у сучасную міні-паліклініку. Тут ёсць невялікі пакой, дзе пацыенты могуць прысесці ў чаканні сваёй чаргі. Затым – галоўны кабінет. Гэта ўжо паўнацэнная прыёмная, дзе маюцца стол, месца для ўрача і пацыента, кушэтка, на якой з дапамогай пераноснага кардыёграфа здымаецца кардыяграма. Яшчэ адзін кабінет разлічаны на прыём жанчын, дзе для работы акушэркі ёсць усё неабходнае абсталяванне. Комплекс аснашчаны ўмывальнікамі, ацяпляльнымі прыборамі, вентылятарам. Да таго ж кіраўніцтва паліклінікі клапоціцца і пра тое, каб у наяўнасці пастаянна былі і неабходныя дэзсродкі.

На мінулым тыдні мы разам з супрацоўнікамі Вішнеўскай амбулаторыі наведаліся ў вёску Ганчары Вішнеўскага сельсавета. Загадчык амбулаторыі, урач Аліна Уладзіміраўна Круцько, акушэрка Наталля Уладзіміраўна Рагачэвіч, медыцынскія сёстры Ядвіга Іосіфаўна Клінцэвіч і Яна Іванаўна Буйко за паўдня прынялі дваццаць пацыентаў. Кожнаму з іх замяралі артэрыяльны ціск, рабілі кардыяграму, праводзілі іншыя неабходныя маніпуляцыі, задавалі мноства пытанняў адносна самаадчування і прыёму прэпаратаў. Аліна Уладзіміраўна літаральна кожнага з людзей ведае ў твар, у памяці трымае ўсе скаргі, што запісаны ў картках амбулаторных хворых, цудоўна арыентуецца ў схемах лячэння, што прызначала раней. Да наведвальнікаў – толькі індывідуальны падыход. Дадзеная формула – адно з галоўных правіл вішнеўскіх медыкаў. Дарэчы, у час візіту ў вёскі яны абавязкова прывозяць і неабходныя лякарствы, за што атрымліваюць асаблівую ўдзячнасць ад сваіх бабуль і дзядуляў. І на гэты раз жыхары Ганчароў не скупіліся на добрыя словы ў адрас любімых “дакторак” – ад шчырага сэрца хвалілі ўрача і яе памочніц.

Ванда Казіміраўна Круцько больш за сорак гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў, Ганна Міхайлаўна Пілейка – загадчыцай фермы ў калгасе. Граматныя жанчыны зрабілі дэталёвы расклад карысці медыцынскіх паслуг з дапамогай мабільнага комплексу (галоўнае – нікуды не трэба ехаць, што для пажылых людзей найбольш актуальна). Дарэчы, яны, таксама як і іншыя актывісткі, часта бяруць на сябе клопат пра абвяшчэнне аднавяскоўцаў адносна даты прыбыцця белага аўтамабіля. Як патлумачыла Аліна Уладзіміраўна, спецыялістамі Вішнеўскай амбулаторыі са жніўня бягучага года па месцах жыхарства абследаваны больш за 100 жыхароў навакольных вёсак. Перасоўная ўстанова дазваляе перыядычна наведваць на даму тых пацыентаў, якія маюць сур’ёзныя праблемы з рухам. Да такіх людзей медработнікі заходзяць у дом. Увогуле прыезд белай медыцынскай машыны ў вёску дысцыплінуе яе жыхароў. Вядома, што большасць сельскіх жыхароў не схільныя без асаблівай неабходнасці турбаваць людзей у белых халатах. Заставіць іх наведацца ў ФАП ці, тым больш, у райпаліклініку, каб прайсці абследаванне, здаць аналізы – сапраўдная праблема. Калі ж медыкі завітаюць самі, людзі лічаць не ветлівым праігнараваць іх работу. Да таго ж, як заўважылі медыкі, збор на прыпынку медкомплексу аўтаматычна ператвараецца ў культурнае мерапрыемства. Людзі, пераапрануўшыся ў лепшае адзенне, спяшаюцца не толькі на сустрэчу з тымі, хто турбуецца пра іх здароўе, але і для таго, каб пабачыць сяброў і сваякоў, абмеркаваць з імі апошнія навіны, напрыклад, ураджайнасць бульбы, надвор’е і іншыя надзённыя пытанні.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара