Прыгажосць – сваімі рукамі

Важное Общество

 

Навучальны год толькі пачаўся, а ў Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця атрымалі першыя ўзнагароды. Калектыў стаў пераможцам у двух абласных конкурсах. Сумленна кажучы, гэта невялікая навіна, бо да ўзнагарод тут прывыклі. Але ўсё роўна прыемна, калі тваю працу заўважаюць і адзначаюць, ставяць у прыклад калегам.

У абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па добраўпарадкаванні, азеляненні і санітарным утрыманні тэрыторый устаноў сацыяльнага абслугоўвання івянчане перамаглі ў намінацыі “Лепшае афармленне тэрыторыі малымі архітэктурнымі формамі”. Вось тут, што называецца, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Афармленне тэрыторыі прыпала на пік каранавіруснай інфекцыі, калі калектыў апынуўся на каранціне. Быў час папрацаваць над добраўпарадкаваннем і рэалізаваць новыя задумы ў жыццё. У работу ўключыліся ўсе – ад дырэктара, адміністрацыі да настаўнікаў, выхавальнікаў, тэхработнікаў і саміх выхаванцаў.

Выгляд тэрыторыі сёлета змяніўся цалкам, пачынаючы ад прахадной. Прыгожая клумба ў форме кнігі з’явілася ля музея, непаўторная кампазіцыя – ля медыцынскага корпуса, і ўвогуле клумбы на працягу лета і зараз радуюць вока багаццем кветак, каляровай гамай. Запатрабаванымі сталі непрыдатныя для язды веласіпеды, конная павозка, якія ператварыліся ў міні-кветнікі. Прапісаўся на тэрыторыі паравозік з кветкамі ў гаршках. Сваё прымяненне знайшоў кожны каменьчык. З іх зроблены яркія божыя кароўкі, фігуркі, некаторыя проста пафарбавалі, з іншых выклалі экасцяжынку. Увогуле, усе знаходкі проста немагчыма пералічыць. Але яны кідаюцца ў вочы, ствараюць настрой, надаюць утульнасць тэрыторыі, дзе дзеці праводзяць большую частку жыцця.

Яшчэ ў адным конкурсе – “Святло міласэрнасці” – івянецкі калектыў прызнаны пераможцам у намінацыі “Лепшы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. На працягу дзесяцігоддзяў сама ўстанова прасякнута святлом міласэрнасці, дзе дзеці растуць, вучацца, лечацца, рэалізуюць свае таленты і нават застаюцца жыць пасля заканчэння школы. Тут іх сапраўдны дом.

Наталля ШТЭЙНЕР