Педагогі прымалі віншаванні

Главное Общество

Цудоўнае свята, прысвечанае Дню настаўніка, адбылося ў кінатэатры “Юнацтва”. Сюды сабраліся шматлікія работнікі сістэмы адукацыі Валожыншчыны. Павіншаваць іх на мерапрыемства завітала кіраўніцтва вертыкалі ўлады вобласці і раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Пасля прыгожага ўступу, які яшчэ раз падкрэсліў высокае грамадскае значэнне педагогаў у фарміраванні будучыні нашай краіны, слова ўзяў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Віктаравіч Ляўковіч. Ён адрасаваў шчырыя віншаванні з прафесійным святам усім, хто шмат гадоў аддае веды вучням, ветэранам працы і тым, хто сёлета ўпершыню сустрэўся з дапытлівымі і гарэзлівымі вачамі выхаванцаў. На завяршэнні сваёй прамовы Сяргей Віктаравіч выканаў прыемную місію ўзнагароджання. Ганаровыя граматы Мінаблвыканкама за шматгадовую плённую працу, прафесіяналізм і значны ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення атрымалі дырэктары Ракаўскай СШ Ганна Генадзьеўна Віктаровіч, Івянецкай СШ Юзэфа Іосіфаўна Кулак, Вішнеўскага ВПК Ала Віктараўна Клімкова, педагог-арганізатар Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Наталля Фадзееўна Жылевіч. Падзякі Мінаблвыканкама за шматгадовую выніковую прафесійную дзейнасць па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення аб’яўлены дырэктару Сівіцкага ВПК Людміле Іосіфаўне Бібік, настаўніку фізікі Ракаўскай СШ Ірыне Францаўне Уласавай, выкладчыку Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Вользе Вікенцьеўне Жылевіч і метадысту гэтай установы адукацыі Алене Уладзіміраўне Рамановіч, настаўніку пачатковых класаў Суднікаўскай СШ Святлане Зіноўеўне Зуй, намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД “Расінка” Алене Юр’еўне Нахай і намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 2 г. Валожына Кацярыне Анатольеўне Паўлюк.

Затым вялікая настаўніцкая сям’я прымала словы віншавання і прызнання ад старшыні райвыканкама Яўгена Міхайлавіча Круковіча, які адзначыў, што прафесія педагога адна з самых высакародных. Яна дзіўна спалучае ў сабе маладосць душы і мудрасць слова, штодзённую нялёгкую працу і свята перамогі ведаў. Нельга пераацаніць ролю настаўніка ў жыцці кожнага чалавека. Менавіта гэтыя людзі фарміруюць інтэлектуальную і маральную аснову грамадства. Асобныя словы ўдзячнасці ён адрасаваў ветэранам працы, што з’яўляюцца прыкладам для маладых педагогаў, узорам глыбокай вернасці свайму прызванню. Яўген Міхайлавіч уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама настаўніку беларускай мовы і літаратуры Івянецкай СШ Вользе Міхайлаўне Бібік, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Сакаўшчынскага ВПК Алене Алегаўне Буклыс, дырэктару Пяршайскага ВПК Святлане Леанідаўне Ламака, а таксама Падзякі райвыканкама трынаццаці работнікам сферы адукацыі. Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама за добрасумленную плённую працу, дасягнутыя поспехі ў арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў атрымалі галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Валянціна Валер’еўна Башаркевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ракаўскай СШ Вольга Чаславаўна Багарэвіч, настаўнік хіміі СШ № 1 г. Валожына Святлана Мікалаеўна Рубацкая, настаўнік гісторыі Івянецкай СШ Ірына Мікалаеўна Чуйко.

Старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік узгадаў, што людзі, якія нясуць веды і перадаюць іх маладому пакаленню, заслугоўваюць асаблівай павагі і пашаны. Ён пажадаў педагогам поспехаў у іх нялёгкай, але такой важнай працы, міру і дабра і ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Марыю Валянцінаўну Кушнір і дырэктара СШ № 2 г. Валожына Аляксандра Мікалаевіча Уланчыка.

Прысутным у зале было прыемна пачуць у свой адрас шчырыя словы віншавання ад начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяны Мікалаеўны Крыкала. Яна адзначыла, што прафесія настаўніка патрабуе высокага прафесіяналізму, душэўнай чысціні і шчодрасці, бацькоўскай спагады і невычэрпнай любові да выхаванцаў, і ўсімі гэтымі якасцямі, несумненна, валодаюць педагогі Валожыншчыны, і ўзнагродзіла дванаццаць з іх Ганаровымі граматамі і Падзякамі ўпраўлення.

З найлепшымі пажаданнямі да педагагічнай грамадскасці раёна звярнулася старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская. Яна ўручыла Ганаровыя граматы Мінскага абкама  і Валожынскага райкама прафсаюза члену прэзідыума райкама, дырэктару СШ № 2 г. Валожына Аляксандру Мікалаевічу Уланчыку і старшыням пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў: настаўнікам інфарматыкі СШ № 2 г. Валожына Наталлі Фёдараўне Маркевіч і Сакаўшчынскага ВПК Святлане Іванаўне Гішман, педагогу дадатковай адукацыі ДЦРД “Расінка” Любові Генадзьеўне Кербедзь.

Адзінаццаць педагогаў раёна атрымалі памятныя падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” з рук члена савета Вікенція Мікалаевіча Адамовіча, які яшчэ раз адзначыў, што настаўнік – не проста прафесія, а вялікі гонар і высокая адказнасць за будучыню нашай краіны.

На заканчэнні работнікам адукацыі падарылі цудоўныя музычныя віншаванні работнікі культуры раёна – інструментальны ансамбль педагогаў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў “Ars Longa” і арт-група “Новыя сваякі” раённага Цэнтра культуры.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара