На раённых «Дажынках-2020» назвалі імёны лепшых хлебаробаў бягучага года

Главное Культура

Мерапрыемства прайшло ў суботу на базе сядзібы
«Хата Адася» непадалёк вёскі Родзеўшчына.

Урачыстасць сёлетняга свята раздзялілі з хлебаробамі Валожыншчыны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Алег Аляксеевіч Семянчук, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Віктараўна Якубіцкая, кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Сяргей Анатольевіч Хільман, ганаровыя госці са Стаўбцоўскага і Клецкага раёнаў.

Сярод тых, каму ўручаў узнагароды старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Міхайлавіч КРУКОВІЧ, быў і вадзіцель КСУП «Сакаўшчына-Агра» Аляксандр Георгіевіч РУСІНОВІЧ. Прафесіянал на аўтамабілі «ГАЗ-САЗ-3507» перавёз 2635 тон зерня і заняў першае месца ў раённым спаборніцтве.

Як адзначыў у сваім выступленні кіраўнік Валожыншчыны Яўген Міхайлавіч Круковіч, сёлета работнікам аграпрамысловага сектара, якія добрасумленна працавалі, адказна і гаспадарліва ставіліся да зямлі-карміцелькі, удалося дасягнуць нядрэнных вынікаў. Гаспадаркі раёна сабралі 77 тысяч тон зерневых пры сярэдняй ураджайнасці 34 ц/га. Гэта на 11 тысяч тон больш, чым у 2019 годзе. Атрымана 7 тысяч тон рапсу – плюс 2,2 тысячы тон да леташняга намалоту з сярэдняй ураджайнасцю па раёне 17 ц/га.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7 склікання Алег Аляксеевіч СЕМЯНЧУК уручыў Падзяку інжынеру па ахове працы і тэхніцы бяспекі ААТ “Валожынскі льнокамбінат” Тамары Аляксандраўне КАРСАКОВАЙ.

Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, аддаючы даніну глыбокай павагі ўсім, хто прымаў удзел ва ўборцы ўраджаю, шчыра прывітаў камбайнераў, вадзіцеляў, спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак і ўсіх, хто, дзякуючы сваёй працавітасці, прафесійнаму майстэрству і высокай адказнасці, адданасці роднай зямлі, зрабіў усё магчымае, каб хлебны каравай Валожыншчыны стаў больш важкім.

Неўзабаве Яўген Міхайлавіч выканаў ганаровую місію, узнагародзіўшы лепшых на сёлетнім жніве. Пераможцамі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў прызнаны:

1-е месца – экіпаж камбайна «Лексіён-560» КСУП «Пяршаі-2014» у складзе Аляксандра Ліпеня і Дзмітрыя Андросенкі, якія намалацілі 1994 тоны; 2-е месца – экіпаж «КЗС-1218» ААТ «Лоск» (старшы камбайнер Аляксандр Гасціловіч) з намалотам у 1613 тон; 3-е месца – экіпаж «ДОН-1500Б» ААТ «Агра-Дубінское» ў складзе Івана Саломкі і Паўла Несцярэнкі (1491 тона).

Галоўнага інжынера СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» Сяргея Анатольевіча НАЙДЗЁНА павіншавала старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Віктараўна ЯКУБІЦКАЯ.
Пераходны Кубак пераможцаў раённага спаборніцтва па жніве дырэктар ААТ «Агра-Дубінское» Генадзь Вацлававіч КАСПЯРОВІЧ перадаў сёлета дырэктару СГУ «Бабаровічы» УП «Мінскаблгаз» Юрыю Генрыкавічу БЯЛЯЎСКАМУ.

Сярод маладзёжных экіпажаў 1-е месца заняў камбайнер ААТ «Валожынскае» Павел Паляшчук, які на «Лексіёне-770» намалаціў 2923 тоны. На 2-м месцы – экіпаж «КЗС-1218» КСУП «Пяршаі-2014» у складзе Дзмітрыя Гуда і Яўгена Ражка. Разам яны намалацілі 1457 тон. Тройку лідараў замкнуў камбайнер з ААТ «Лоск» Уладзіслаў Ярота. На «КЗС-1218» ён намалаціў 1376 тон.

Сярод вадзіцеляў 1-е месца належыць Аляксандру Русіновічу з КСУП «Сакаўшчына-Агра»: на аўтамабілі «ГАЗ-САЗ-3507» ён перавёз 2635 тон зерня. На 2-м месцы – Аляксей Ванслаў з КСУП «Валожынскае», які працуе на «МАЗе-5551» (2615 тон), а на 3-м – вадзіцель ААТ «Агра-Дубінское» Аляксандр Саломка («МАЗ-555142», 2107 тон).

Лепшымі маладымі вадзіцелямі сталі Сяргей Голуб з КСУП «Пяршаі-2014» («ГАЗ-САЗ-35071», 2416 тон), Аляксандр Голуб («Пяршаі-2014», «МАЗ-555142», 1999 тон) і Андрэй Інфаровіч з КСУП «Валожынскае» («МАЗ-6501», 1370 тон).

Сярод звёнаў аператараў зернесушыльных установак лепшым прызнана звяно СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» (аператары Аляксандр Анікін і Уладзімір Бойка): умоўная колькасць апрацаванага зерня склала 9210 тон. За імі – звяно КСУП «Пяршаі-2014» (Валянцін Халевіч і Юрый Загорскі) з паказчыкам 6898 тон. На 
3-м месцы звяно ААТ «Агра-Дубінское» (Дзмітрый Мамонька і Сяргей Бялоў), апрацаваны 4184 тоны зерня.

Лепшымі галоўнымі аграномамі прызнаны Мікалай Пярловіч (СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз»), Пётр Язерскі (ААТ «Агра-Дубінское») і  Віктар Трус (ААТ «Багданаўскае»). Лепшым галоўным інжынерам стаў Казімір Багуслаўскі з ААТ «Агра-Дубінское».

Сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна  1-е месца заняло СГУ «Бабровічы» (на 1 верасня 2020 года валавы збор зерня на адзін бала-гектар пасяўной плошчы склаў 177,5 кг), 2-е месца – ААТ «Агра-Дубінское»  (валавы збор 144,6 кг) і 3-е месца – ААТ «Багданаўскае» (144,1 кг).

Падарунак Валожыншчыне ад кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Сяргея Анатольевіча ХІЛЬМАНА.
Генеральны дырэктар УП «Мінскаблгаз» Юрый Віктаравіч КУКЛІЦКІ (злева) і артысты з ліку супрацоўнікаў гэтай структуры творча віншавалі хлебаробаў…

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Віктараўна Якубіцкая, якая таксама павіншавала работнікаў сельскай гаспадаркі нашага раёна з важкім караваем, шчыра падзякавала за плённую працу працаўнікам хлебнай нівы. Яна ўручыла Ганаровую грамату за подпісам старшыні Мінскага аблвыканкама галоўнаму інжынеру СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» Сяргею Найдзёну: па выніках уборачнай кампаніі 2020 года ў гаспадарцы гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў на 1 жніўня 2020 года склала 100%, сезонная выпрацоўка на 1 умоўны збожжаўборачны камбайн 787,74 тоны. А Падзяка старшыні абласнога выканаўчага камітэта аб’яўлена Івану Бандаровічу, камбайнеру КСУП «Пяршаі-2014». Падчас жніва ён рупіўся на камбайне «КЗС-1218», умоўны намалот склаў 1460,89 тоны.

Справіць свята караваю дапамагалі работнікі культуры нашага раёна.

Узнагароды ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь уручыў парламентарый Алег Аляксеевіч Семянчук. Падзякі за подпісам старшыні Палаты атрымалі вядучы эканаміст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святлана Мількота і інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі ААТ “Валожынскі льнокамбінат” Тамара Карсакова.

Прыемныя моманты на гэтым не закончыліся. На імправізаваную сцэну выйшла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Фадзееўна Рай. Падзякі БСЖ атрымалі  вадзіцель ААТ «Багданаўскае» Ганна Пальчэўская, аграном СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» Аксана Анікіна, бухгалтар ААТ «Лоск» Святлана Гасціловіч, памочніцы камбайнера ААТ «Агра-Дубінское» Ніна Троцкая і Людміла Рагачэвіч, а таксама загадчык склада КСУП «Валожынскае» Надзея Астапава.

 

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА