Застаюцца душой маладыя

Главное Культура

Да Дня пажылых людзей у раённым Цэнтры культуры адбылася канцэртна-забаўляльная праграма “Жыцця восень залатая”.

Гэта асаблівае свята! Яно заўсёды выклікае пачуццё павагі да людзей, што шмат гадоў працавалі, ствараючы дабрабыт нашай краіны. Работнікі ўстановы культуры з самымі шчырымі віншаваннямі звярнуліся да ўсіх, хто завітаў на мерапрыемства і прапанавалі іх увазе цудоўны канцэрт. Добры настрой і бясконцы пазітыў у гэты дзень гледачам дарылі салісты раённага Цэнтра культуры Ірына Зянько, Вольга Дзедуль, Дзмітрый Завацкі, Таццяна Луганская.

З вітальным словам да прысутных звярнулася бібліятэкар аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Сугака. Яна адзначыла, што ў зале знаходзіцца шмат актыўных, адданых установе чытачоў, і падзякавала ім за захопленасць кнігай і любоў да літаратуры. Дарэчы, да Дня пажылых людзей работнікі ЦРБ падрыхтавалі кніжную выставу “Душы не хочацца спакою”, дзе можна было знайсці выданні на любы густ.

Тое, што сталыя гады – час росквіту творчых сіл і новых здзяйсненняў, прадэманстравалі народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” і клуб пажылых людзей “Верас”. Сваімі выступленнямі яны даставілі несумненную асалоду ўсім, хто сабраўся ў зале. Шмат добрых слоў з нагоды свята было сказана кіраўнікамі калектываў Галінай Філяноўскай і Ларысай Гладчанка. Удзельнікі хору і клуба прадэманстравалі сапраўдны талент. Яны падарылі прысутным шмат музычных нумароў і яркія святочныя эмоцыі, праявілі артыстызм і паказалі добрыя вакальныя даныя. Асабліва каларытна гучалі песні ў выкананні мужчын – Рыгора Гладчанкі і Іосіфа Сухавецкага. Акампанаваў самадзейным артыстам на баяне і спяваў разам з імі Антон Таўгень.

Завяршылася свята танцавальна-забаўляльнай праграмай. Прысутныя прынялі самы актыўны ўдзел у гульнях і з задавальненнем патанцавалі пад прыгожую музыку.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара