Інтэрв’ю з парламентарыем

Главное Официально

Алег СЕМЯНЧУК: “39 сустрэч, 17 прыёмаў, 10 “прамых ліній”. За гэтымі лічбамі – людскія праблемы, якія неабходна было дапамагчы вырашыць”.

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання працуюць 14 пастаянных камісій, асноўная задача якіх – заканатворчая дзейнасць. Работа дэпутацкага корпуса праходзіць на фоне сур’ёзных змен, якія закранаюць увесь свет. Супрацьстаянне дзяржаў, ускладненае наступствамі пандэміі і адсутнасцю канструктыўнага міжнароднага дыялога, непазбежна адбілася і на сітуацыі ў Беларусі. Гэта абумовіла напружаны характар парадку дня і складанасць тых задач, якія парламентарыям даводзілася вырашаць падчас папярэдніх трох сесій. На гэту і іншыя тэмы мы пагутарылі з народным абраннікам ад Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі № 73 Алегам Семенчуком.

 

– Алег Аляксеевіч, на чым была засяроджана ўвага заканатворцаў за час Вашай дзейнасці ў Парламенце?

– Са снежня 2019 года па бягучы момант разгледжана больш за 90 пытанняў. У першым чытанні прыняты 26 праектаў законаў, у тым ліку два кодэксы, больш за пяцьдзясят законапраектаў у другім чытанні, ратыфікавана амаль сорак міжнародных дагавораў і пагадненняў. Значная частка законапраектаў была накіравана на стымуляванне дзелавой ініцыятывы, паляпшэнне ўмоў гаспадарання ў краіне і прасоўванне эканамічных інтарэсаў Беларусі за мяжой. Быў працягнуты курс на лібералізацыю асобных сфер заканадаўства. Дэпутацкі корпус непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы новых рэдакцый Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У пастаянных камісіях было прааналізавана каля 800 прапаноў, якія паступілі ад выбаршчыкаў. Прыняты закон «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», які даў шанс шматлікім асуджаным, у тым ліку і па 328-м артыкуле Крымінальнага кодэкса, вярнуцца да нармальнага жыцця ў грамадстве.

– А над чым працавалі непасрэдна Вы? Якія задачы дзяржаўнага ўзроўню стаяць перад дэпутатам Семенчуком сёння?

– Я з’яўляюся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях. Мы падрыхтавалі для разгляду Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6 законапраектаў. Цяпер працуем над падрыхтоўкай для разгляду на чацвёртай сесіі праектаў законаў: “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, “Аб змяненні законаў па пытаннях пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, “Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь”. Таксама рыхтуем змяненні ў Закон аб занятасці насельніцтва.

У Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь сёмага склікання сфарміраваны 72 рабочыя групы па супрацоўніцтве з парламентамі замежных краін, Міжпарламенцкая камісія па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Арменія, а таксама 12 дэлегацый для работы з міжнароднымі арганізацыямі. Я ўваходжу ў склад рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Інданезія, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Каралеўства Тайланд і Фінляндскай Рэспублікі.

– Да канца года яшчэ адзін квартал. Якія планы ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на гэты час і ўвогуле на перспектыву?

– Дэпутацкі корпус павінен выкарыстоўваць усе прававыя магчымасці для садзейнічання выхаду Беларусі з зоны грамадска-палітычнай і эканамічнай нестабільнасці, процідзеяння ў разгойдванні сітуацыі ў краіне і расколу грамадства.

Мы актыўна падключыліся да работы  па фарміраванні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучую пяцігодку, удасканаленні выбарчага заканадаўства, мясцовым кіраванні і самакіраванні, іншых ключавых прававых актаў, якія тычацца палітычнага ўстройства нашай дзяржавы.

Дэпутацкаму корпусу сёмага склікання ўпершыню трэба будзе разгледзець пакет бюджэтных дакументаў краіны на будучы год. Дэпутаты ўжо ўдзельнічаюць у рабоце над рэспубліканскім бюджэтам на 2021 год і зменамі ў Падатковы кодэкс.

Сёння ў грамадстве пачынаецца абмеркаванне магчымых змяненняў заканадаўства аб палітычных партыях. Павышэнне ж ролі палітычных партый запатрабуе адпаведнай карэкціроўкі Выбарчага кодэкса, у тым ліку магчымага ўкаранення элементаў прапарцыянальнай сістэмы.

Асаблівую ўвагу надаём законапраектам, накіраваным на паляпшэнне бізнес-клімату. Адпаведныя папраўкі будуць унесены ў мытнае заканадаўства, законы па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, гандлю і грамадскага харчавання, аграпрамысловага комплексу і некаторыя іншыя. Большасць з гэтых дакументаў рыхтуецца да другога чытання.

У першым чытанні будзе разгледжаны праект прынцыпова новага Закона «Аб самарэгулюемых арганізацыях». На заключным этапе знаходзіцца рэалізацыя даручэння Прэзідэнта па падрыхтоўцы праектаў новых Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Працягваем работу па ўдасканаленні заканадаўства аб ахове здароўя, правах інвалідаў, пытаннях пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Міністэрства адукацыі анансавала карэкціроўку Кодэкса аб адукацыі, над гэтым таксама будзем працаваць.

Нельга паслабляць работу па барацьбе з каранавірусам. У падтрымцы па-ранейшаму маюць патрэбу інваліды, адзінокія пажылыя людзі, шматдзетныя сем’і.

Сёння нам, як ніколі, важна прыслухоўвацца да грамадскіх ініцыятыў на месцах і знаходзіць агульную мову з моладдзю. Бо менавіта яна не заўсёды можа аб’ектыўна ацаніць тыя дзеянні, на якія яе падштурхоўваюць. Хаця ў цэлым магу адзначыць, што беларусы ў пераважнай большасці рэалістычна ацэньваюць сітуацыю і адказна выконваюць свой грамадзянскі абавязак. Яны галасавалі за сваё права жыць у суверэннай краіне, спакойна працаваць і самастойна вызначаць сваю будучыню.

– Адным з самых важных аспектаў паспяховай работы народнага абранніка з’яўляецца работа з электаратам, у акрузе. Што ўжо зроблена і да чаго яшчэ трэба прыкласці намаганні?

– У адпаведнасці з зацверджаным планам работы, штомесяц адзін тыдзень я праводжу ў выбарчай акрузе. Тэрытарыяльна ў яе ўваходзяць частка Маладзечна ў межах мікрараёна Залінейны, гарпасёлак Радашковічы і ўсе сельсаветы Маладзечанскага раёна, а таксама Валожын, Івянец і сельсаветы Валожыншчыны. Прынцыпам работы з’яўляецца адкрытасць і даступнасць для выбаршчыкаў. Па меры магчымасці, ва ўмовах неспрыяльнай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі, сустракаюся з людзьмі ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства. Праводжу асабістыя прыёмы грамадзян як у райцэнтрах, так і выязныя ў пассельвыканкамах. У практыку ўвайшло правядзенне “прамых тэлефонных ліній”.  Прымаю ўдзел у працы мясцовых органаў кіравання і самакіравання, ва ўрачыстых мерапрыемствах, ініцыірую і прымаю ўдзел у дабрачынных акцыях. Пра ўсё гэта можна прачытаць у сродках масавай інфармацыі, на афіцыйным сайце http://semenchuk.house.gov.by/ru/news-ru/.

За справаздачны перыяд праведзены 39 сустрэч з выбаршчыкамі. Яны праходзілі ў арганізацыях, размешчаных у Маладзечне і Валожыне, Івянцы, пасёлку Сасновы Бор, аграгарадках Бярэзінскае, Гарадок, Лебедзева, Ракаў, Вішнева, Доры, Пяршаі, вёсках Краснае, Пятроўшчына, Выганічы.  Было арганізавана 17 асабістых прыёмаў грамадзян і 10 прамых тэлефонных ліній.  У сукупнасці за гэты перыяд я разгледзеў 118 вусных і пісьмовых зваротаў грамадзян, некаторыя звароты – з выездам на месца. За гэтымі лічбамі – людскія праблемы, няпростыя жыццёвыя сітуацыі, нявырашанасць бытавых пытанняў, просьбы растлумачыць палажэнні законаў, прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і па паляпшэнні жыцця ў раёнах.

– Якія пытанні Вы маглі б назваць найбольш характэрнымі для нашых рэгіёнаў?

– Большасць звязана з праблемамі ў жыллёва-камунальнай сферы, станам і рамонтам вулічна-дарожнай сеткі, добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, водазабеспячэннем і водаадвядзеннем, транспартным і гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва. Узнімаліся таксама праблемы зямельных і арэндных праваадносін, уносяцца і прапановы па змяненні дзеючага заканадаўства.

26 пытанняў вырашаны станоўча, па 68-і дадзены тлумачэнні, 24 – узяты на працяглы дэпутацкі кантроль, бо патрабуюць дадатковага фінансавання і планавання ў бюджэтах раёнаў на наступныя гады.

Работу па вырашэнні праблем выбаршчыкаў я арганізоўваю сумесна з Маладзечанскім і Валожынскім раённымі выканаўчымі камітэтамі, узаемадзейнічаю з Мінскім аблвыканкамам і іншымі структурамі розных узроўняў у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй, у тым ліку з рэспубліканскімі. Напрыклад, жыхары абодвух раёнаў агучылі праблему, звязаную з устаноўкай электракатлоў для ацяплення ўласных жылых дамоў. Існуючыя электрасеткі не разлічаны на такія нагрузкі, і людзям адмаўляюць у задавальненні іх зваротаў. Каб дапамагчы, абазначыў гэту праблему ў Палаце прадстаўнікоў, далейшае абмеркаванне пытання вядзецца цяпер ва ўрадзе краіны. Запыт быў адпраўлены і ў РУП «Мінскэнерга». Мы ведаем, што кіраўнік дзяржавы даў даручэнне пачаць распрацоўку адпаведнай праграмы. Турбуе насельніцтва і закрыццё ў аграгарадках аддзяленняў ААТ «ААБ Беларусбанк». Па праблеме звярнуўся да старшыні праўлення банка. Гэтыя пытанні застаюцца ў мяне на кантролі.

З прапановамі па заканадаўча неўрэгуляваных нюансах, звязаных з утрыманнем дамашніх жывёл, звяртаўся ў Міністэрства ЖКГ. У доўгатэрміновай перспектыве знаходзіцца і шэраг аспектаў, звязаных з рамонтам дарожных пакрыццяў і газіфікацыяй сельскіх населеных пунктаў, якія з’яўляюцца найбольш актуальнымі для Валожынскага раёна і па якіх супрацоўнічаю з абласнымі структурамі.

У рамках гэтай размовы ўсе запыты грамадзян, якімі я займаўся, пералічыць немагчыма. Але хачу адзначыць, што кожны зварот дэталёва прапрацоўваю, пры неабходнасці выязджаю на месца. Да рашэння заўсёды аператыўна падключаюцца кіраўнікі адпаведных службаў. Так, не ўсе жаданні могуць быць выкананы. На гэта ўплываюць розныя фактары. Але важна падкрэсліць, што асноўная частка праблем знаходзіць рашэнне менавіта на мясцовым узроўні. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць Маладзечанскаму і Валожынскаму райвыканкамам на чале са старшынямі Ю. М. Горлавым і Я. М. Круковічам, раённым Саветам дэпутатаў і іх кіраўнікам А. А. Паукшта і П. І. Бібіку, усім раённым службам, старшыням пассельвыканкамаў, кіраўнікам грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў за супрацоўніцтва, гатоўнасць паглыбляцца ў праблемы і прымаць сумесныя меры для іх вырашэння.

– Вы ў пачатку размовы згадвалі пра дабрачынныя акцыі, дапамогу грамадскім арганізацыям…

– Стараюся сумесна са сваімі выбаршчыкамі шчыльна ўдзельнічаць у грамадска-палітычных і святочных мерапрыемствах, валанцёрскай і дабрачыннай дзейнасці, рабоце з моладдзю і пажылымі людзьмі. На Валожыншчыне ў рамках навагодняй акцыі «Нашы дзеці» віншаваў выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната, удалося зрабіць ім прыемныя падарункі. Вясной і ў пачатку лета гэтай установе, а таксама Ракаўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату, сацыяльнай установе «Сямейны прычал» у Вайганах перадаў сродкі для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. У Маладзечанскім раёне наведваў аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян у пасёлку Сасновы Бор, неаднаразова сустракаўся з актывам ветэранскай арганізацыі. Прымаю ўдзел у пасяджэннях райвыканкамаў і сесіях раённых Саветаў дэпутатаў. Усё гэта дае магчымасць быць бліжэй да людзей і глыбей ведаць, чым жывуць рэгіёны.

На працягу года інфармацыя пра канкрэтныя мерапрыемствы, якія праводзіў у акрузе або ў якіх прымаў удзел, асвятлялася на старонках «Маладзечанскай газеты», «Працоўнай славы», праз радыёвяшчанне і тэлебачанне. Выказваю словы шчырай удзячнасці калектывам мясцовых СМІ за супрацоўніцтва!

– Цяпер у розных крыніцах інфармацыі актыўна абмяркоўваецца тэма падрыхтоўкі да ўнясення змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Калі ласка, “праліце святло” на сітуацыю з пазіцыі непасрэднага ўдзельніка гэтых працэсаў.

– Непасрэдныя ўдзельнікі – усе грамадзяне нашай краіны: гутарка ж ідзе пра Асноўны Закон. Напэўна, няма такога чалавека, хто пажадаў бы застацца ўбаку ад абмеркавання будучых паправак. Аднак іх неабходна спачатку сфарміраваць і сфармуляваць. А гэта можна зрабіць толькі разам. Хачу звярнуцца да сваіх выбаршчыкаў і прапаную сумесна абмеркаваць абнаўленне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь! Запрашаю жыхароў Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў (выбарчая акруга № 73) да абмеркавання асноўных палажэнняў Канстытуцыі. Буду ўдзячны, калі падзеліцеся сваімі ідэямі, накіруеце пэўныя канструктыўныя прапановы. Я буду прымаць іх да 25 кастрычніка бягучага года. Дасылайце допісы на маё імя – Семенчуку Алегу Аляксеевічу па адрасе: вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, або на электронную пошту semenchuk@house.gov.by (прашу ўлічыць, што гэтыя прапановы не будуць лічыцца зваротамі грамадзян).

Пры накіраванні мне папяровых ці электронных пісем прашу ўказаць свае кантактныя даныя (прозвішча, імя, нумар тэлефона, электронную пошту), фармулёўку артыкула дзеючай Канстытуцыі і прапанаваную Вамі яе рэдакцыю. Па магчымасці дайце абгрунтаванне, чаму менавіта такую фармулёўку Вы прапануеце.

– Алег Аляксеевіч, што б Вы пажадалі сваім выбаршчыкам напрыканцы нашай гутаркі?

– Па-першае, хачу падзякаваць усім за аказаны давер і падтрымку, за наказы, парады і прапановы, за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Спадзяюся на далейшае цеснае і плённае супрацоўніцтва, накіраванае на эфектыўнае развіццё Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў.  Разам нам важна зберагчы дасягнутае і забяспечыць развіццё нашай свабоднай і незалежнай Беларусі!

– Дзякую за размову.

 

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ