Мару, каб усе былі здаровымі…

Безопасность и здоровье Главное

Такой думкай падзялілася з намі Яна Іванаўна БУЙКО, што працуе ўчастковай дзіцячай медыцынскай сястрой у Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі. Сёння яна – жыхарка Багданава, хоць нарадзілася і вырасла ў шматдзетнай сям’і ў гарадскім пасёлку Гальшаны.

Амаль у садаўскім узросце дзяўчынка, сярод родных якой не было ніводнага медыка, пачала трызніць прафесіяй медыцынскай сястры. Аднойчы ўбачыла, як мясцовая фельчар робіць пацыенту ін’екцыю, і тут жа амаль захварэла ад жадання авалодаць падобным навыкам. Спачатку аж млела ад розных бутэлечак і шкляначак, у якіх захоўваліся лякарствы. З выкарыстаннем іх лячыла лялек, затым старанна аказвала дапамогу коцікам і птушачкам. Калі падрасла, імкнулася да сапраўдных медыцынскіх маніпуляцый. Як толькі хтосьці з родных ці сяброў прасіў забінтаваць паранены палец, яе шчасцю не было межаў. Вось так абышлася без хваляванняў, звязаных з выбарам будучай дзейнасці. Паспяхова скончыла Маладзечанскі медкаледж. Непрацяглы час працавала ў Дзяржынску (паспела выйсці замуж, нарадзіла дзіця). Менавіта муж Канстанцін стаў прычынай змены месца жыхарства. Таму зараз у вялікім утульным доме ў Багданаве жыве дружная сям’я, у якой цудоўна ўжываюцца побач прадстаўнікі чатырох пакаленняў – маладыя муж і жонка, бабуля і матуля Канстанціна, а таксама чатырохгадовая дачушка, унучка і праўнучка Карына.

Яна Іванаўна, нягледзячы на юныя гады, выдатная гаспадыня, якая ўмее і на агародзе завіхацца, і нарыхтовак назапасіць, і своечасова паклапаціцца пра дабрабыт родных. Прыемна, што пры гэтым маладая жанчына шчыра, апантана любіць сваю работу. Цудоўную характарыстыку ёй даюць і загадчык амбулаторыі Аліна Уладзіміраўна Круцько, і калегі. Што тычыцца мясцовых жыхароў, тут эпітэты наконт прафесійнай рэпутацыі і чалавечых якасцей сястрычкі Яначкі, як кажуць, зашкальваюць. Што і казаць, ветлівую, уважлівую прыгажуню немагчыма не любіць. Ды яна сама, здаецца, любіць усіх навокал. А гэты факт, безумоўна, узмацняе ўздзеянне медыцынскіх паслуг, што выконваюцца яе ласкавымі рукамі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара