Акно ў прыроду

Важное Кругозор

Працягваем рубрыку “Акно ў прыроду” на 2020 год. Штомесячна будзем друкаваць матэрыялы аб назіранні прыродных з’яў, згодна з народнымі прыкметамі, па якіх можна прадказаць надвор’е: якой будзе наступная пара года, якім будзе ўраджай пладоў і ягад, грыбоў. Пазнаёмімся з ягадным і грыбным календарамі. Раскажам цікавыя звесткі пра тую ці іншую расліну, па якой можна прадказаць стан надвор’я на бліжэйшыя дні. Карыснымі будуць парады садаводу і агародніку.

Кастрычнік

Мноствам прыкмет праяўляе сябе ў кастрычніку восень. Задумлівы лес палае на сонцы разнастайнымі фарбамі. Бярозы, асіны і ліпы адліваюць бронзава-жоўтымі тонамі. На іх фоне выдзяляюцца залаціста-аранжавыя клёны, радуюць вока пунсовыя плямы спелай рабіны і каліны. У празрыстым, ціхім і цёплым паветры некалькі дзён лятае павуцінне “бабінага лета”. Але так бывае не заўсёды. Учора мы любаваліся пышным блакітам кастрычніцкага неба, а сёння на світанку нечакана заімшэў дождж, падзьмуў сцюдзёны вецер, зрываючы з дрэў яшчэ неаджыўшае лісце, можа нават закружыцца ў паветры мокры снег. Такія змены надвор’я ў кастрычніку не рэдкасць. Нездарма ж кажуць: “Восень – на дні пагод восем!”.

 

КАРЫСНЫЯ ПАРАДЫ

САДАВОДУ

У гэты час збіраюць апошнія яблыкі позніх сартоў, здымаюць лоўчыя паясы: з саломы і паперы – спальваюць, а з мешкавіны – кіпяцяць, каб знішчыць вусеніц пладажэркі, сушаць і захоўваюць да наступнага года. Пасля таго, як знялі плады з дрэў, збярыце падпоркі, прадэзынфікуйце іх хлоркай і пастаўце на зімовае захоўванне.

Уносяць гной або кампост і фосфарна-калійныя мінеральныя ўгнаенні на прыствольныя кругі, перакопваюць іх лапатай або віламі. Абнаўляюць пакрыццё ран на штамбах і суках маслянай або водаэмульсійнай фарбай. Калі дрэвы хварэюць, іх, яшчэ пакуль не ападае лісце, апырскваюць растворам аміячнай салетры ці мачавіны з разліку 700-800 грамаў на вядро вады.

Яблыні, вішні, слівы і грушы, што адпладаносілі 10 гадоў і больш (чорныя парэчкі і агрэст – 6-8 гадоў), і якасць пладоў у якіх пагоршылася, можна выкарчаваць і на іх месца пасадзіць новыя. Пры магчымасці пажадана садзіць сад на іншым месцы, каб адпачыла зямля. Можна памяняць месцамі куставыя расліны з дрэвамі, а суніцы – з агароднымі культурамі.

У кастрычніку звычайна набываюць саджанцы для закладкі новага саду або рамонту старога. Маліну, парэчкі і агрэст садзяць на пастаяннае месца восенню, а яблыні, грушы, слівы і іншыя пладовыя дрэвы лепш садзіць вясной да распускання пупышак. На зіму іх глыбока прыкопваюць з паўночнага боку гаспадарчага будынка, у напрамку з захаду на ўсход на глыбіню 50 сантыметраў – саджанцы кладуць вяршыняй на поўдзень і засыпаюць зямлёй да самай кроны. Калі карані саджанцаў пры транспарціроўцы падсохлі, іх перад тым, як прыкапаць, на дзень-два ставяць у ваду. Таксама пажадана карані абмакваць у гліняную баўтушку, падрыхтаваную загадзя. Саджанец ад саджанца кладуць у яму на адлегласці 5 сантыметраў, каб не падапрэлі карані. Для аховы ад трусоў на саджанцы асцярожна накідваюць яловыя лапкі. Зімой засыпаюць снегам і сочаць, каб яго не знесла ветрам. Калі ўтворацца лішкі адліжнага снегу, то яго скідваюць.

АГАРОДНІКУ

У першай палове кастрычніка заканчваюць уборку бульбы і караняплодаў, а ў другой – убіраюць познюю белакачанную капусту. Здаровыя па выглядзе і форме, з добрым лісцем качаны захоўваюць цэлымі, астатнія квасяць.

Пасля ўборкі ўраджаю ўчасткі старанна ачышчаюць ад рэшткаў раслін: паражоныя хваробамі спальваюць, астатнія складваюць на кампост.

Складаюць план падзімніх пасеваў морквы, буракоў, пятрушкі, салаты, цыбулі. Грады рыхтуюць загадзя, а насенне высяваюць пасля першых асенніх маразоў, калі наступае ўстойлівае халоднае надвор’е, каб яно набрыняла, але не прарасло. Плануюць і пасевы будучага года (веснавыя). Пад караняплоды і цыбулю адводзяць участкі з-пад бульбы, пад капусту – з-пад караняплодаў і памідораў. Памідоры і агуркі размяшчаюць пасля гароху і ранняй капусты. Самі агуркі – добры папярэднік для ўсіх культур, а іх пажадана не высяваць пасля морквы і фасолі, таму што гэтыя культуры паражаюцца той жа белай гніллю.

Участкі пад кожную культуру пераворваюць ці перакопваюць, ачышчаюць ад пустазелля, лічынак майскага хрушча (белыя мясістыя) і жука-шаўкуна (тонкія жоўтыя). Пад капусту і бульбу восенню ўносяць гной або кампост, а пад караняплоды, радыску, салату, цыбулю, кроп дадаткова заворваюць у глебу на адзін квадратны метр па 30 грамаў (дзве сталовыя лыжкі) хлорыстага калію і простага суперфасфату. Калі няма мінеральных угнаенняў, можна ўносіць на адзін квадратны метр 3-4 шклянкі драўнянага попелу.

Калі ўчастак яшчэ не асвоены і асенняя апрацоўка першая, то пад яе на адзін квадратны метр уносяць паўвядра гною або кампосту. На кіслых глебах, дзе растуць шчаўе, трыпутнік, хвошч, да арганічных угнаенняў дадаюць 400-500 грамаў вапнавых матэрыялаў. Гліністыя глебы ўгнойваюць торфам, перагноем, прымешваючы трохлітровы слоік чыстага рачнога пяску.

 

 

 

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

НА ЗАЎТРА

Пеўні спяваюць на дождж. Каты збіраюцца на шасток або ляжаць, скруціўшыся каля печы, – на холад. Гусі хаваюць галовы пад крыло – пахаладае. Цецерукі сядзяць на верхавінах дрэў – да сонечнага надвор’я. Галкі збіраюцца зграямі і крычаць – будзе яснае сонечнае надвор’е.

Воблакі плывуць з поўначы на поўдзень – на добрае сонечнае надвор’е, а з поўдня на поўнач – на непагадзь. Нізкія цёмныя хмары прадвяшчаюць сцюжу, а, можа, і снегапад. Месяц бачыцца мутным і бледным – да дажджу, магчыма – да марозу і снегу. Калі сонца ўзышло хутка і свеціць ярка – надвор’е пераменіцца. Неба вечарам чыстае, але каля месяца бачны вялікія кругі – будзе мароз, а калі гэтыя кругі чырванаватыя і расплыўчатыя – магчымы снегапад і вецер.

НА БОЛЬШ ПРАЦЯГЛЫ ЧАС

Кожны год бачны высока ў небе трохкутнікі адлятаючых на поўдзень жураўлёў і дзікіх гусей. Калі іх крыкі даносяцца з вышыні ў першыя дні месяца – зіма настане хутка і будзе доўгай, сцюдзёнай. Калі ж птушкі не спяшаюцца пакідаць розныя мясціны – наадварот. Праз тры тыдні пасля адлёту жураўлёў абавязкова прыціснуць першыя начныя замаразкі. Гусі ляцяць высока – снегу будзе шмат, нізка – пачатак зімы будзе марозны і снегу выпадзе мала. Калі жураўлі ляцяць нізка, хутка і моўчкі – перад скорым пахаладаннем.

Лісце з дрэў ападае хутка – скора настане сцюжа, і зіма будзе суровай. Калі лісце застаецца зялёным і доўга трымаецца на дрэвах – да кароткай зімы з невялікімі маразамі.

Калі пчолы шчыльна закрываюць ляток воскам, пакідаючы невялікія адтуліны, – чакай марозную зіму.

Кастрычніцкія і лістападаўскія туманы – прадвеснікі зімовых адліг і позняй вясны.

Позна ўвосень з’явіліся камары – зіма прадбачыцца мяккая.

 

 

ЗГОДНА З ДАТАМІ НАРОДНАГА КАЛЕНДАРА

1/18. Арына. Калі на Арыну паляцелі першыя жураўлі, то на Пакровы чакай першага марозу. Калі пустазелле вырасла высокае і на гэты дзень не палягло – будзе многа снегу. Арына – шыпшынніца: збіралі ягады шыпшыны і сушылі.

2/19. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца – мароз на Пакровы ўдарыць.

3/20. Астап (Астаф’я). Прыкмячалі: калі ў гэты дзень вецер дзьме паўночны – на холад, паўднёвы – на цяпло, заходні – на дождж, усходні – на сухое надвор’е.

4/21. Пранцішак (Францішак). Лічылася, што надвор’е гэтага дня без змен пратрымаецца чатыры тыдні.

7/24. Гэты дзень арыентаваны на вызначэнне “бабінага лета”. Займаліся варожкамі.

8/25. Сяргей. Казалі: “З Сяргея пачынаецца зіма”. Калі ў гэты дзень выпадаў сухі снег – лета будзе харошым.

10/27. Саўкі (Савасцей). У цёплую восень хавалі вуллі ў амшанік, хаця звычайна гэта рабілі ў Зосімаў дзень.

14/1. Пакровы (Пакроў, Трэцяя Прачыстая) – свята глыбокай восені, пасля якога пачынаецца зіма. “Калі на Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні”, “На Пакроў мароз – сей пад кустом авёс”, “Як на Пакровы дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача”, “Як на Пакроў маладзік стане – зіма будзе лёгкай, калі ў ветаху стане – цяжкай”, “На Пакровы да паўдня восень, а пасля паўдня – зіма”, “Пакровы пакрываюць зямлю дзе лістом, дзе снегам”.

21/8. Трыфан, Палагея. “Трыфан, Палагея золкім ветрам вее”, “Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа”.

23/10 Аўлампій. У народзе прыкмячалі: калі на Аўлампія рогі месяца паказваюць на поўдзень – будзе позняя зіма, на поўнач – суровая.

24/11. Зміцер – прысвятак. “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”.

31/18. Лука (Лукаш). Хто сее азіміну на Лукі – не будзе мець ні хлеба, ні мукі”. Позняя сяўба без толку.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,
жыхар аграгарадка Ракаў