Працуюць, каб жыць ва ўтульнасці

Важное Культура

Гаспадары аднаго з самых прывабных падворкаў вёскі Ганчары Вішнеўскага сельсавета Ганна Міхайлаўна і Алег Іванавіч Зюзікавы – людзі сціплыя і працавітыя. Абое – супрацоўнікі лясгаса. Жонка – адказная за навядзенне парадку ў памяшканнях мясцовага лясніцтва, муж шчыруе на вытворчым участку «Клім».

Дом, у якім жывуць з 1991 года, атрымалі ад калгаса. Абое працавалі ў сельскай гаспадарцы і ўжо мелі дваіх дзяцей. Радасці ад таго, што займелі ўласнае жыллё ў добрым месцы, не было краю. Разам прыводзілі ў парадак спачатку дом, затым і ўчастак. Жонка ўпэўнена, што галоўная заслуга ў добраўпарадкаванні іх жылля належыць мужу. Ён сапраўды – чалавек з залатымі рукамі. Да таго ж Алег Іванавіч вызначаецца цудоўным густам і фантазіяй. Любіць і ўмее маляваць, выразаць з дрэва. Што тычыцца рамонту, тут яму нават памагатыя не патрэбны. Усё робіцца толькі самастойна. Многія прыдумкі ў любячага дзядулі нарадзіліся з падачы ўнукаў. Вось, напрыклад, арэлі ў альтанцы. Гэта грунтоўнае збудаванне, якое і двор упрыгожвае, і дорыць радасць дзвюм дзяўчынкам пяці і трох гадоў і чатырохгадоваму хлопчыку. Побач размясцілася зручная горка, каля яе – цэлая сямейка вясёлых грыбоў. Трошкі воддаль з-за куста выглядае нейкая сімпатычная істота з гарэзлівымі вачамі.


У выключным парадку ў дбайных гаспадароў і агарод, і гаспадарчыя пабудовы. Толькі дзіву даешся, калі яны ўсё паспяваюць? Да таго ж гэта сапраўдныя аматары ціхага палявання, асабліва муж. Усю восень ён у любую вольную хвіліну накіроўваецца ў лес. Жонка ледзь спраўляецца пераапрацоўваць здабытае. Але жанчына ўмее размеркаваць час так, што яго на ўсё хапае. На любімыя кветкі таксама. Шкада толькі, што асеннім днём нам не давялося занатаваць прыгажосць, што пануе ля дома ўвесь цёплы перыяд года, у поўным аб’ёме. У цэлым жа ад жыццёвай прасторы Зюзікавых узнікае ўражанне ўтульнасці, святла і прыгажосці. Іх і вяскоўцы хваляць, і любы прахожы адразу заўважае: вось тут жывуць адмысловыя гаспадары.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ