СОЛЬ ВАЛОЖЫНСКАЙ ЗЯМЛІ

Важное Люди и судьбы Общество

…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект пад назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.
На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

 

Яўгенія Іванаўна АЎСЯННІКАВА: “Хто панюхаў сургучу, той абавязкова вернецца сюды…”

9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты. 60 гадоў таму Беларусь далучылася да Сусветнага паштовага саюза. Але ж афіцыйна адзначаць прафесійнае свята менавіта ў гэты дзень у нас сталі ў 1995 годзе, калі адбылося раздзяленне сувязі на паштовую і электрасувязь. І сёлета “Белпошта” святкуе свой 25-ы дзень нараджэння!
У асяроддзе паштавікоў трывала ўвайшоў выраз: “Хто панюхаў сургучу (сумесь для накладвання пячатак), той абавязкова вернецца сюды”. Прапісная ісціна, правераная і пацверджаная не адным пакаленнем работнікаў. Калі хтосьці пераходзіў на іншую працу, незадоўга ізноў вяртаўся. Былі такія выпадкі і ў калектыве валожынскай пошты.
Гераіня ж творчага праекта “Соль зямлі” прыйшла ў гэту сферу паслуг выпадкова, але раз і назаўсёды. Яўгенія Іванаўна Аўсяннікава 37 гадоў адпрацавала на раённым вузле сувязі: пачынала інструктарам, далей была начальнікам страхавога ўчастка, намеснікам начальніка, а ў 1995-м узначаліла паштовую сувязь раёна. Прафесійнае станаўленне сённяшніх кіраўнікоў дзвюх галін сувязі – Людмілы Леанідаўны Шаўрэй і Валерыя Уладзіміравіча Барадакі – адбывалася пры ёй. Мудры, спакойны, ураўнаважаны кіраўнік, вельмі граматны спецыяліст – так узгадваюць пра свайго начальніка тыя, хто працаваў побач.

Нарадзілася Я. І. Аўсяннікава ў Самарскай вобласці Расіі. Бацька па нацыянальнасці беларус – ураджэнец Мікалаеўшчыны, што ў Стаўбцоўскім раёне. Падчас вайны па броні вадзіцелем патрапіў у суседнюю краіну: там сустрэў жонку і пражыў усё жыццё. Жэня была самай старэйшай з траіх дзяцей. Жылі ва ўласным доме, небагата, даводзілася шмат працаваць. Маці і бабуля былі стараверамі, таму ў сям’і існавалі строгія правілы: быць сумленным, добрым, ніколі не браць чужога, не ашукваць, гаварыць праўду, бо гэта – вялікі грэх. У дзяцінстве на летніх канікулах дзяўчына ездзіла ў Мінск, дзе жылі бацькавы брат і сястра: так яе заахвочвалі за паспяховую вучобу. Сталіца вельмі спадабалася расіянцы, і яна вырашыла, што ў будучым абавязкова вернецца да сваіх беларускіх каранёў.

Пасля школы разам з сяброўкай надумаліся паступаць у педінстытут, але не прайшлі па конкурсе і вярнуліся дадому. Трэба было некуды ісці працаваць. Уладкавалася паштальёнам. “Участак дастаўся вялікі, – успамінае Яўгенія Іванаўна. – Накладу поўную сумку газет, часопісаў, пісьмаў, пенсій і іду ў кожны дом. Нахаджуся за дзень, аж ногі адвальваюцца: прыйду дадому і адразу ж кладуся спаць… Праз паўтара года мяне перавялі на аператара, а праз пару месяцаў начальнік выклікаў да сябе і кажа: “Трэба табе расці па прафесійнай сцежцы далей”. Так стала студэнткай Куйбышаўскага тэхнікума – адзінай у Савецкім Саюзе навучальнай установы паштовай сувязі. Пасля заканчэння я з дзвюма аднакурсніцамі па размеркаванні патрапіла ў Беларусь. У Мінскім абласным упраўленні мяне накіравалі інструктарам у Валожын: у 1963-м раён рэарганізавалі, а праз два гады ізноў аднавілі. І вось з 1965 года па 2002-і і адпрацавала на раённым вузле сувязі.

Пошта размяшчалася на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Беларускай у невялікім будынку, дзе зараз месціцца раённая дзіцячая бібліятэка: на першым паверсе быў тэлеграф і кліенцкая зала, на другім – абсталяванне электрасувязі і невялічкі кабінет начальніка, які на той час займаў Фелікс Рыгоравіч Нікановіч. Кіраўнік з вялікай літары: вельмі добра разбіраўся ў рабоце, гэтак жа ставіўся і да людзей. Мне ён шмат дапамагаў і многаму навучыў. Жыла разам з сяброўкай з Растова ў ведамасным інтэрнаце, што па вуліцы Максіма Горкага, дзе, дарэчы, ён размяшчаецца і да цяперашняга часу. У мае абавязкі ўваходзіла праверка сельскіх аддзяленняў сувязі, якіх тады налічвалася 28: правярала дакументацыю, касу, як абслугоўваюць насельніцтва.

Памятаю першыя ўражанні пра Валожын. Маленькі зялёны горад, парк насупраць Дома Саветаў і адна з галоўных асаблівасцей, ды і славутасцей – мясцовая воінская часць. Тут па выхадных праходзілі сустрэчы моладзі, ладзіліся святы і знакавыя падзеі. Тут сустрэла і свайго абранніка – ён служыў салдатам. Мы ажаніліся, муж пайшоў працаваць у сельгастэхніку і ад прадпрыемства атрымаў кватэру.

Адпрацаваўшы два гады інструктарам, мяне накіравалі начальнікам страхавога ўчастка, асноўная работа на якім – сартаванне, прыём і адпраўка пошты. Усё рабілася ўручную. Праз пяць гадоў прызначылі намеснікам начальніка. Я вяла ўсю паштовую сувязь, адкрывалі новыя аддзяленні – пад 90-я гады іх было 32. Адказвала за тэхніку бяспекі, захаванасць грошай, суправаджэнне зброі. Адначасова вяла і грамадскую работу: спачатку сакратара камсамольскай арганізацыі, затым – старшыні прафкама, 15 гадоў з’яўлялася нявызваленым сакратаром партыйнай арганізацыі.

Горад рос, напрыканцы сямідзясятых яго насельніцтва складала 48 тысяч чалавек. У той час насычанасць перыядычнымі выданнямі была вельмі вялікая. Людзі выпісвалі і чыталі шмат – на кожнага прыходзілася па адной газеце! Павялічылася і абсталяванне электрасувязі, таму наспела неабходнасць у будаўніцтве новага памяшкання. У пачатку 1981 года па вуліцы 1 Мая, 3 быў здадзены ў эксплуатацыю трохпавярховы будынак раённага вузла сувязі. Кіраваў калектывам, у якім працавалі пад 300 чалавек, Леанід Леанідавіч Кулеша, якога ў далейшым змяніў Валерый Уладзіміравіч Барадака.

Самымі цяжкімі ў рабоце сталі ліхія дзевяностыя, калі затрымлівалі пенсіі, пастаянна пераносілі даты выплат. Людзі стаялі ў чарзе перад маім кабінетам, сварыліся – яны лічылі, што ўсё залежыць менавіта ад пошты. Памятаю, як прыйшла жанчына і стала плакаць, што ў яе няма за што купіць хлеба. Адкрыла свой кашалёк і дала ёй грошай. Яна пасля мне іх вярнула, хаця я пра гэта зусім не думала.

1 студзеня 1996 года пошту падзялілі на паштовую (засталася большая частка – за 200 чалавек) і электрасувязь. Кіраваць паштавікамі даручылі мне. Давялося ў прамым сэнсе выжываць: уводзіць гандаль, аказваць паслугі насельніцтву, нанова вучыцца працаваць самой і вучыць усяму людзей. Я заўсёды добрасумленна і адказна ставілася да сваіх абавязкаў і да работнікаў: старалася іх зразумець, не выносіла даносчыкаў. Калектыў быў моцны, здаровы. Невялікая цякучка назіралася сярод паштальёнаў: аднак большасць тых, хто звальняўся, вярталіся ізноў. Аддадзенымі нялёгкай прафесіі засталіся паштальёны Марыя Казіміраўна Касоўская, Антаніна Іванаўна Мышлён, галоўны бухгалтар Ніна Арсенцьеўна Рындзевіч, бухгалтар Марыя Іосіфаўна Скадорва, фельд’егер Барыс Барысавіч і аператар Ванда Іванаўна Таўгяні, начальнікі Каменскага аддзялення сувязі Жанна Станіславаўна Сакалоўская, Сівіцкага – Валянціна Паўлаўна Карпанава, Пяршайскага – Наталля Георгіеўна Маркоўская, Пугачоўскага – Ала Міхайлаўна Раманчык, Адамоўскага – Валянціна Трафімаўна Садоўская, Івянецкага – Марына Чаславаўна Нелюб. У 1998 годзе паштовая сувязь Валожына заняла ганаровае 1-е месца ў вобласці.
Паважаныя калегі! Карыстаючыся магчымасцю, віншую сённяшніх работнікаў, ветэранаў працы з прафесійным святам. Жадаю здароўя, дабрабыту, з годнасцю перажыць няпросты час, прыносіць добрыя весткі і быць жаданымі ў кожнай хаце”.

…На сённяшні дзень раённы вузел паштовай сувязі з’яўляецца ўчасткам Маладзечанскага РВПС РУП “Белпошта”. Працуюць 19 аддзяленняў сувязі і мотадастаўка, калектыў налічвае 75 чалавек. Але, як бы ні развіваўся рынак паштовых паслуг, усё адно з намі на доўгія гады застануцца цёплыя і светлыя эмоцыі, якія прыносяць паштальёны ў пісьмах і паштоўках. Пошта па-ранейшаму звязвае людзей!

Алена ЗАЛЕСКАЯ