КАНФІСКАВАНА АМАЛЬ ТОНА САМАГОНУ

Закон и порядок

За паўгода супрацоўнікамі РАУС канфіскавана па раёне амаль тона самагону і спіртаўтрымліваючай вадкасці. Уся прадукцыя знішчана.

4 жніўня каля гадзіны два мужчыны з ліку адбываючых адміністрацыйны арышт выносілі поўныя бітоны і каністры і вылівалі іх у каналізацыю. “Водар” стаяў такі, што рэспіратар не зашкодзіў бы. Сведкі, якія выпадкова трапілі на працэдуру знішчэння вадкіх рэчавых доказаў, не маглі стрымаць жахлівых пачуццяў: “Гэта ж усё магло б быць прададзена і выпіта! Не гарэлку тут выліваюць, а магчымыя слёзы, бойкі, сямейныя скандалы і смерць, якую хавае ў сабе несанкцыянаваны алкаголь”.

І гэта сапраўды так. Сёлета ад атручвання алкаголем памерлі 5 чалавек, 25 асоб, якія ў выніку злоўжывання амаль страцілі чалавечы воблік, накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, у стане алкагольнага ап’янення ўчынены 34 злачынствы і больш за дзве тысячы правапарушэнняў. Дарэчы, сёлета назіраецца зніжэнне супрацьпраўных дзеянняў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення. Магчыма, што сваю ролю адыграла своечасовае выяўленне і канфіскацыя такой вялікай колькасці саматужнай гарэлкі.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий