Дзеці і ёсць шчасце!

Главное

Таццяна АКУШКА з Валожына цвёрда ўпэўнена: сын Уладзіслаў, дачушкі Дар’я і Аглая і ёсць галоўныя каштоўнасці яе жыцця.

Таццяна Вітальеўна нарадзілася ў вёсцы Чабаі. У яе выхаванні, акрамя бацькоў, актыўны ўдзел прымала бабуля Кацярына Валянцінаўна Іванчык – настаўніца пачатковых класаў. Яна часта брала маленькую ўнучку з сабой на працу. Магчыма таму юная Таня адчувала сябе сваёй у школе. Уменне роднага чалавека па-майстэрску ўпраўляцца з дзецьмі выклікала захапленне. Дзяўчынка старанна пераймала бабуліны паводзіны, манеры, запамінала і пры магчымасці выкарыстоўвала пэўныя выразы. Відавочна таму падчас гульняў з сяброўкамі заўсёды брала на сябе ролю старэйшай. Калі дочкі-маці, то маці абавязкова – яна, калі настаўнік-вучань, то вучань – хтосьці іншы. Зараз Таццяна са смехам каментуе былыя падзеі: “Што ж зробіш, я з маленства любіла быць мамай”.

Якую прафесію магла выбраць дзяўчына з такімі памкненнямі? Безумоўна, настаўніцкую. Скончыла Нясвіжскі педагагічны каледж і, як і бабуля, стала настаўніцай пачатковых класаў. Працавала ў Пяршайскай школе, Валожынскай школе-інтарнаце. Пазней перайшла на працу ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і займела статус студэнткі ўніверсітэта імя Максіма Танка. Дарэчы, дыплом па спецыяльнасці “Сацыяльная работа” абараняла, калі чакала свой трэці жыццёвы падарунак – малодшую дачку.

Нарачонага яна сустрэла выпадкова. Аляксандр Вітальевіч  ужо быў супрацоўнікам РАУС і часта нёс службу па ахове правапарадку на дыскатэках. Аднойчы падчас такога мерапрыемства ў кінатэатры “Юнацтва” малады чалавек звярнуў увагу на бязмежна абаяльную, прыгожую і ўсмешлівую дзяўчыну. З той пары яны разам. Ствараць шматдзетную сям’ю не планавалі, аднак сёння не ўяўляюць свайго жыцця без горача любімых траіх нашчадкаў.

У гэтай сям’і пануюць давер і павага. Тут кожны – асоба, кожны мае права на выказванне думкі. Аднак усе прызнаюцца, што менавіта яна, маці і жонка, і ёсць галоўнае звяно ў іх моцным ланцужку. Таццяна і сапраўды валодае якасцямі, што лічацца лідарскімі. Энергічнасці, рашучасці можна толькі пазайздросціць. А колькі творчых задумак і арганізатарскіх здольнасцей у гэтай маладой жанчыны! Яе жыццёвае крэда – рух уперад. Яна павінна пастаянна быць чымсьці занятай. Вось завіхаецца на кухні, каб смачна накарміць сваю немалую каманду, вось – на веласіпеднай прагулцы з дзецьмі ці ў час заплыву ў басейне з мужам. Да таго ж яна з задавальненнем займаецца вязаннем і час ад часу бярэ ў рукі баян.

Ва ўтульнай кватэры Акушкаў цёпла і весела. Тут, калі госці, то ўсё ад душы – і пачастункі, і забавы, і сюрпрызы. Яны любяць настольныя гульні, часта спяваюць у караоке, ладзяць сямейныя святы – у першую чаргу дні нараджэння, Новы год, Каляды, Вялікдзень.

Галоўнае, да чаго імкнуцца бацькі, – каб дзеці былі здаровымі, шчаслівымі і сябравалі паміж сабой. Паназіраўшы за тым, як старэйшыя Уладзіслаў і Даша няньчаць маленькую пястушку Аглаю, у іх узаемнай схільнасці немагчыма ўсумніцца.

Уладзіслава ўвогуле можна лічыць дарослым. У свае 15 гадоў ён даволі, самастойны, сур’ёзны чалавек. Хоць па натуры спакойны, але мэтанакіраванасць – нібы ў маці. Стараецца паспяваць адразу ў некалькіх сферах. Добра вучыцца, скончыў музычную школу па класе трубы, з’яўляецца пастаянным удзельнікам  школьных мерапрыемстваў і аматарскіх спекталяў, чытае матывацыйную літаратуру і марыць стаць перакладчыкам з нямецкай мовы.

Прыгажуня Даша выклікае ўражанне поўнай самадастатковасці. Прызнаецца, што нічога не мае супраць артыстычнай кар’еры ці рэалізацыі сябе ў сферы, дзе дапамагаюць з пошукам уласнага стылю. Таму аддае перавагу такім заняткам, як спевы, маляванне, фотамастацтва. Пры гэтым цудоўна паспявае па ўсіх школьных прадметах. А яшчэ яна іграе на цымбалах, захапляецца біялогіяй і часта разам з матуляй стварае кулінарныя шэдэўры.

Што тычыцца Аглаі, то ў гэтай дзяўчынкі таксама ёсць і характар, і харызма. Яна ў два з палавінай гады не толькі добра размаўляе, але і спявае. Можа нават прадэманстраваць даволі складаныя гімнастычныя практыкаванні. Вызначаецца неўласцівай для дзяцей такога ўзросту камунікабельнасцю і стараецца ні ў чым не адставаць ад старэйшых браціка і сястрычкі, з якіх, па словах маці, перыядычна “ўе вяроўкі”.

Старэйшага мужчыну ў сям’і дома я не застала, але жонка і дзеці, расказваючы сваю сямейную гісторыю, раз-пораз звяртаюцца да яго аўтарытэту. Таццяна паведаміла, што ў адносінах з другой палавінай стараецца захаваць давер і шчырасць. Аляксандр імкнецца да таго ж. Таму пра іх пару можна смела сказаць: яны не проста муж і жонка, а самыя сапраўдныя, верныя сябры і аднадумцы.

Любячае сэрца маладой жанчыны – безумоўны падмурак, на якім трымаецца гэта сям’я. Таццяна нібы нарадзілася на свет для таго, каб быць берагіняй для тых, каго любіць. Настолькі гарманічна ўпісваецца яна ў чароўны вобраз. Напярэдадні цудоўнага свята шматдзетная матуля папрасіла перадаць найлепшыя пажаданні ўсім жанчынам, якія гэтак жа, як і яна, знайшлі сваё шчасце ў мацярынстве.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара