Дзень добры, слаўны горад!

Важное Общество

Нядаўна ў Валожын завітала група жанчын, што з’яўляюцца слухачкамі Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту – сацыяльнага праекта, які рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” з мэтай паляпшэння якасці жыцця пажылых (ва ўзросце пасля 60 гадоў) грамадзян праз нефармальную адукацыю, валанцёрскую дзейнасць, стварэнне ўмоў для развіцця сацыяльных кантактаў і творчай актыўнасці.

Ужо не першы раз кіраўнік групы “Краязнаўства” і клуба “Падарожнік”, што таксама працуе пры ўніверсітэце, Софія Абрамаўна Верцяліб і валанцёр-выкладчык Святлана Мікалаеўна Машчанка, якая падтрымлівае пастаянную сувязь з супрацоўнікамі Валожынскага музея, звяртаюцца з просьбай арганізаваць знаёмства аматараў гісторыі з найбольш адметнымі мясцінамі нашага раёна.

Па словах Святланы Мікалаеўны, кірунак краязнаўства – самы запатрабаваны ва ўдзельнікаў праекта, якія любяць падарожнічаць. Вось і на гэты раз у Валожын завіталі тыя, хто з задавальненнем звяртаецца да мінуўшчыны і хоча як мага больш ведаць пра Беларусь у цэлым і пра яе асобныя населеныя пункты. Валожын – адзін з малых гарадоў нашай краіны, дзе літаральна кожны будынак дыхае даўніной. І гэта вельмі ацанілі шаноўныя госці.

Вандроўнікі пабывалі ў музеі, дзе пазнаёміліся з яго экспазіцыяй. Дырэктар установы Наталля Паўлаўна Лоўчая правяла для іх відэапрэзентацыю пра фотамастака Бенядзікта-Генрыха Тышкевіча, чые жыццё і творчасць былі цесна звязаны з Валожыншчынай на прыканцы ХIХ стагоддзя. Затым Ніна Уладзіміраўна Бобрык запрасіла групу на экскурсію па вуліцах райцэнтра. Сярод слухачак Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту ёсць людзі розных нацыянальнасцей і рэлігійных кірункаў.  Таму яны палічылі горад, што заўсёды існаваў на сутыкненні культур, – адным з самых цікавых месцаў на карце Беларусі. Асаблівыя эмоцыі ва ўдзельніц экскурсіі выклікалі культавыя пабудовы – касцёл, царква, іешыва. Прыйшлі ў захапленне яны і ад палацава-паркавага ансамля графа Тышкевіча.

На гэты раз сярод візіцёраў аказалася ўраджэнка Валожына Антаніна Раманаўна Шакун, дзяцінства якой прайшло на вуліцы Леніна. Жанчына таксама падзялілася сваімі ўспамінамі пра родны горад.

Наступнымі пунктамі падарожжа сталі экалагічная сцежка ў Налібоцкай пушчы і аграсядзіба “Налібоцкія васількі”, дзе гаспадары Васіль і Марыя Шакуны пачаставалі гасцей стравамі беларускай кухні.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара