Можна – Гельнар, а можна проста… Валя

Главное Люди и судьбы

Яна даўно лічыць сябе беларускай, хоць з’явілася на свет у татарскай сям’і, дзе сярод сваякоў можна адшукаць туркаў, азербайджанцаў, рускіх… Апошнія 15 гадоў Гельнар Галіеўна МІШКАВЕЦ жыве ў вёсцы Мінці і адгукаецца і на імя, што значыцца ў пашпарце, і на больш звыклае для нас – Валя. Менавіта так калісьці назваў будучы муж. Ёй спадабалася, ды і родныя не былі супраць, нават матуля Валяй калі-нікалі клікала.

Дзяцінства яе прайшло ў Паволжжы, непадалёку горада Ульянаўска. Бацька быў вельмі адукаваным чалавекам, размаўляў на некалькіх мовах, працаваў у дзяржорганах. Матуля ж, наадварот, граматы не ведала, але была выключнай прыгажуняй і цудоўнай гаспадыняй, нарадзіла 12 дзяцей, з якіх выжылі 10.
Гельнар было сем гадоў, калі пачалася Вялікая

Айчынная вайна. Бацька запісаўся ў добраахвотнікі, а ў 1943 годзе вярнуўся інвалідам. Пасляваеннае жыццё запомнілася цяжкім, галодным і халодным. Каб выжыць, шмат працавалі. Матуля – майстрыха на ўсе рукі – навучыла дзяўчынак вязаць, шыць, плесці карункі. У 16 гадоў Гельнар ужо на раўне з дарослымі жанчынамі завіхалася на фабрыцы – стала ткачыхай. Аднойчы даведалася, што ваенкамат шукае моладзь для работы ў ваенных часцях, якія размяшчаліся за межамі СССР. Не доўга думаючы, юная, але смелая дзяўчына завітала ва ўстанову і хутка была зацверджана ў групу для адпраўкі ў Аўстрыю.

У заходняй краіне пражыла паўгода (у якасці афіцыянткі служыла ў сталовай лётнай часці), затым атрымала перанакіраванне ў Венгрыю, дзе сустрэла будучага мужа – прывабнага і прыемнага сяржанта-беларуса. Стварыўшы сям’ю, маладыя людзі яшчэ сем гадоў прабылі ў Венгрыі. У 1956 годзе ў свеце склалася даволі напружаная сітуацыя, і многія савецкія грамадзяне вярнуліся на радзіму. Муж прывёз жонку ў Пінск. Там і прайшло іх далейшае сумеснае жыццё. Мішкаўцы выгадавалі дзвюх дочак, якія падарылі ім унукаў і праўнукаў.
24 гады таму яе верны спадарожнік пайшоў з жыцця. Пасля смерці мужа сёстры ўгаварылі вярнуцца ва Ульянаўск. Але пераезд не падарыў Гельнар душэўнай раўнавагі, наадварот, моцна засумавала па Беларусі і зноў рушыла ў дарогу… Набыла дом у Мінцях і адразу палюбіла гэты прыгожы куток Валожыншчыны. Гаспадарыць у сваім жыллі і на прасторным участку разам з дачкой, якая, як і маці, удава. Безумоўна, мужчынскіх рук жанчынам не хапае, але яны, дбайныя гаспадыні, спраўляюцца. У іх утульным доме цёпла і светла. Падворак таксама дагледжаны, чысты.

Няўрымслівай і працавітай татарцы Гельнар (адначасова беларусцы Валі) сумаваць няма часу. Калі ж, стаміўшыся ад паўсядзённых клопатаў, вырашае даць сабе хвіліну адпачынку, у руках яе будзе кніга. Цікава, што перавагу аддае дэтэктывам. Вельмі любіць здагадкі наконт таго, хто ж вінаваты ў галоўнай інтрызе. Навучылася чытаць па-беларуску, таму часта бярэ ў рукі наша выданне.

Гельнар Галіеўна заўсёды гатова падтрымаць іншых людзей, сябруе з суседзямі. З радасцю супрацоўнічае са спецыялістамі ТЦСАН – удзельнічае ў сацыяльных праектах. З асаблівай удзячнасцю ўзгадвае экскурсійную паездку ў Мірскі замак, калі больш глыбока праніклася ў беларускую гісторыю і адначасова пазнаёмілася з цікавымі прадстаўнікамі Валожыншчыны.

Нашай гераіні ні за што не дасі яе 86 гадоў. Прывабная, з густам апранутая жанчына частуе мяне фірменнымі цукеркамі (у былога повара безліч шыкоўных і арыгінальных рэцэптаў), а я разглядаю яе пацеркі, якімі гаспадыня ў гонар госці дапоўніла свой убор. Дарэчы, падобных упрыгажэнняў у яе цэлая калекцыя.

Падчас няспешнай гутаркі мілая і гаваркая суразмоўца дае шчырыя адказы на ўсе пытанні. Напрыклад, мяне цікавіць яе стаўленне да нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці. Прызнаецца, што ў гэтых кірунках праблем не мае. Яна татарка, чые бацькі былі мусульманамі. Замуж выйшла за хрысціяніна. Дочкі таксама ахрышчаны ў царкве. Яна ж сама, так бы мовіць, балансуе між дзвюх культур. І, самае дзіўнае, адчувае сябе камфортна. Шчыра любіць краіну, што стала радзімай. Беларусаў лічыць самымі добрымі і прыгожымі людзьмі ў свеце. Знаёма з асноўнымі палажэннямі Карана і Бібліі, таму ўпэўнена: Бог адзін, а ў жыцці самае галоўнае – пры любых абставінах заставацца сумленным, добрым і шчырым чалавекам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара