Свята гумару і смеху

Важное Культура

У рамках пацвярджэння наймення “народны” ў раённым Цэнтры культуры прайшоў справаздачны канцэрт народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры”.

У праграме “Гумарыстычнае асарці” самадзейныя артысты прадэманстравалі песні-гулі, прымаўкі, жарты, гумарэскі, чым яшчэ раз паказалі свой талент і тое, якія вясёлыя людзі жывуць у Дубіне.

Агульны смех у гледачоў, што сабраліся ў зале, выклікалі мініяцюры з цыкла “Дубінскія субкультуры” – “Эма”, “Металісты” і “Шансон”. Шквал апладысментаў сарваў народны артыст Дубінскога балету Міхаіл Плуг, які выканаў песню “Валожынскі вакзал” разам з ансамблем сучаснай музыкі “Ангорскія трусы” і арыгінальным шоу-балетам “Тадзік”.
Вельмі спадабалася прысутным байка “Званок у бальніцу”, герой якой патэлефанаваў, каб даведацца пра здароўе жонкі, а трапіў на станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, у выкананні рэжысёра гурта Валерыя Мазуры.

Асаблівую прыхільнасць у гледачоў знайшла мініяцюра “Дубінское вяселле”, у якой прыняў удзел народны ансамбль народнай песні “Сваякі”.
Свята віравала, шмат цікавага, вясёлага і займальнага можна было пабачыць у той дзень. На заканчэнне праграмы артысты пажадалі прысутным: “Будзьце моцнымі, як вада, працавітымі, як пчала, прыгожымі, як вясна, як наша Дубіна!”.

Праз некалькі дзён “Дубінскія фанабэры” з канцэртнай праграмай “Мы вітаць вас сёння рады” наведаліся ў г. п. Юрацішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. У адказ іх артысты маюць намер творчага візіту ў Бабровіцкі культурна-спартыўны цэнтр.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара