“Павіншуем маму разам!”

Важное Общество

Пад такой назвай прафсаюзы праводзяць традыцыйны добры флэшмоб, падчас якога можна бясплатна адправіць арыгінальныя віншавальныя паштоўкі любым матулям.

Акцыя была ініцыіравана Маладзёжным саветам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў 2015 годзе. Сёлета па 18 кастрычніка кожны можа звярнуцца ў сваю пярвічную прафсаюзную арганізацыю і запоўніць маляўнічую паштоўку для самага дарагога чалавека. Зрабіць гэта магчыма і ў электронным варыянце, дзеля чаго неабходна на інтэрнэт-партале Федэрацыі выбраць віншаванне, якое вам спадабалася, і адправіць яго на паштовы адрас ці ў сацыяльныя сеткі.

“Гэта цудоўная нагода яшчэ раз падзякаваць матулі за яе любоў і падтрымку, цярпенне і клопат, – адзначыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская. – Думаю, для кожнай жанчыны-маці будзе прыемнай нечаканасцю знайсці ў паштовай скрыні мілы і добры падарунак у дзень свята”.

Штогод у акцыі “Павіншуем маму разам!” прымаюць удзел больш за паўмільёна чалавек, летась паштоўкі атрымалі больш за 2 мільёны матуль Беларусі.

Вельмі актыўна ў яе ўключыліся ўстановы адукацыі раёна: у кожнай школе і ў дзіцячым садку аформлены спецыяльныя тэматычныя стэнды, а работнікі маюць магчымасць даслаць віншавальную паштоўку.

Федэрацыя прафсаюзаў праводзіць пастаянную работу па ўключэнні ў калектыўныя дагаворы дадатковых бонусаў для работнікаў, што выхоўваюць дзяцей. Напрыклад, на многіх прадпрыемствах краіны шматдзетныя матулі маюць права на адзін дадатковы выхадны на тыдзень з захаваннем сярэдняй заработнай платы; жанчыны, у сем’ях якіх падрастаюць двое дзяцей, – на адзін дадатковы выхадны ў месяц з захаваннем 50-працэнтнага сярэдняга заробку; 1 верасня бацькі атрымліваюць аплачваемы выхадны дзень, каб разам са сваімі школьнікамі пабываць на ўрачыстай лінейцы. Таксама да Дня маці ў некаторых калектывах матулі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу.

Згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на пачатак 2020 года ў Беларусі пражывалі 5061,9 тысячы жанчын (53,6 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва). Упершыню матулямі сталі 36,8 тысячы жанчын, нарадзілі другое дзіця – 37,1 тысячы, трэцяе – 14,5, чацвёртае і наступных – 5,7 тысячы. 1042 жанчыны нарадзілі двойні, 13 – тройні. Сярэдні ўзрост матулі пры нараджэнні першага дзіцяці склаў 26,7 года.

Алена ЗАЛЕСКАЯ