Шкода курэння кальяна

Безопасность и здоровье Важное

Многія думаюць, што гэты модны трэнд менш шкодзіць здароўю, як звычайныя цыгарэты. Але ў рэчаіснасці адбываецца зусім не так.

Тэхніка курэння кальяна прадугледжвае больш глыбокае ўдыханне дыму ў параўнанні з цыгарэтамі. Удыхаць неабходна з высілкам, каб стварыць адмоўны ціск унутры прыбора, пры якім забяспечваецца праходжанне дыму праз вадкасны фільтр.

Курэц на працягу звычайнага гадзіннага сеанса можа ўдыхнуць столькі тытунёвага дыму, колькі змяшчаецца ў больш чым 100 цыгарэтах. Акрамя таго, вуглі ў кальяне награваюцца да 600 градусаў, і разам з дымам у лёгкія паступае не толькі нікацін, але і іншыя небяспечныя рэчывы: чадны газ, фармальдэгід, солі цяжкіх металаў, свінец, мыш’як і шмат іншага. Асабліва небяспечны сярод іх – бензапірэн, які з’яўляецца канцэрагенам і можа стаць прычынай анкалагічных захворванняў.

Памяшканне, дзе кураць кальян, насычана тытунёвым дымам і дымам ад вуголля. Навакольныя, што яго ўдыхаюць, таксама падвяргаюцца інтэнсіўнаму ўздзеянню. Як пры курэнні цыгарэт, так і кальяна, наступствы могуць быць вельмі цяжкімі для здароўя чалавека: рак лёгкіх, парушэнні функцый лёгкіх, захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, нізкая вага немаўляці пры нараджэнні, бясплоддзе.

Святлана МАРЧЫК,
урач-гігіеніст Валожынскага РЦГіЭ