Адчулі сябе сапраўднымі ліцэістамі

Важное Молодежный курьер

Сёлета Валожынскі сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй прыняў у сваю дружную сям’ю 67 новых дзяўчат і хлопцаў. На мінулым тыдні для гэтых маладых людзей ва ўстанове адукацыі адбыўся Дзень першакурсніка.

Гэта адна з самых значных падзей у жыцці кожнага навучэнца. Цырымонія прысвячэння ў першакурснікі стымулюе ўчарашніх школьнікаў адчуць сябе сапраўднымі ліцэістамі.

Урачыстая праграма “Прысвячэнне ў рэзерв працоўнага класа” пачалася з прадстаўлення візітовак. Навучэнцы, што яшчэ нядаўна пераступілі парог установы адукацыі, стараліся вынесці на суд гледачоў неардынарныя эфектныя выступленні, знаходзілі цікавыя, арыгінальныя спосабы заявіць пра сябе. Дапамаглі ім у гэтым куратары і майстры навучання Святлана Яравіцына, Вольга Язубчык, Наталля Белановіч, Вольга Жылевіч, Вікторыя Пятрэнка, Павел Вадзейша. Дэбюты адбыліся. Нягледзячы на тое, што нумары былі рознымі па форме, іх аб’ядноўвала адна галоўная ідэя – юнакі і дзяўчаты прыйшлі ў ліцэй за прафесіяй!

Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўручэнне першакурснікам вучнёўскіх білетаў.

Падчас мерапрыемства традыцыйна прайшоў і конкурс “Ліцэй шукае таленты!”. Трапяткім і хвалюючым быў першы выхад на сцэну для кожнага самадзейнага артыста. Але падтрымка сяброў, цяпло і дабрыня ў вачах журы дапамаглі рабятам справіцца з гэтымі адчуваннямі. Свята прынесла шмат яркіх эмоцый і сюрпрызаў. У гэты дзень запаліліся новыя “зорачкі” ліцэйскай эстрады: у жанры тэатральнай мініяцюры і вакалу, танца і дэкламавання вершаў. І перад журы стаяла нялёгкая задача – вызначыць лепшых. Самым моцным у вакале прызнаны дуэт Надзеі Ажгірэй і Ганны Карпека. Таксама хочацца адзначыць Мікіту Салано-Пірагова, які пакарыў усіх сваімі нязмушанасцю, лёгкасцю і прастатой, ігрой на гітары і атрымаў узнагароду за артыстызм. Хочацца верыць, што першыя дыпломы стануць добрым стымулам для далейшага творчага росту, пройдзе зусім няшмат часу, і менавіта гэтыя таленавітыя маладыя людзі будуць адстойваць гонар ліцэя на разнастайных творчых фестывалях і конкурсах.

Фінальным акордам свята стала дыскатэка, падчас якой, як заўсёды, было шмат конкурсаў, танцаў і весялосці.

Ад усяго сэрца віншуем першакурснікаў! Жадаем паспяхова вучыцца і ў тым жа складзе сустрэць свой выпускны.

Анжэла РАДЫНА