Больш за паўтара кіламетра гарадскіх дарог у Валожыне займелі новае асфальтавае пакрыццё. Сродкі ў суме 147 тысяч рублёў выдаткаваны з мясцовага бюджэту.
Работы былі запланаваны РУП “Валожынскі жылкамунгас” на III і IV кварталы згодна з графікам правядзення бягучага рамонту дарог у 2020 годзе. Субпадрадчыкам стаў філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”.
Дзе і якія ўчасткі патрабуюць неадкладнай ліквідацыі пашкоджанняў, вызначылі камісійна яшчэ летась. У выніку ў спіс патрапілі дарогі па вуліцах М. Горкага (327,5 метра), Дзяржынскага (250 метраў), Гагарына (254 метры), Беларускай (604 метры), стаянка ля дома № 8 па вуліцы Міру (100 метраў). Новае паверхневае асфальтавае пакрыццё складае 4-5 сантыметраў.
Сродкі амаль што асвоены – засталося добраўпарадкаваць прыдамавую тэрыторыю ля дамоў № 14 і № 16 па вуліцы Міру.
Наколькі больш камфортнай стала паездка на транспарце, безумоўна ж, адразу адчулі вадзіцелі. Аднак і звычайныя пешаходы ўжо вокам заўважылі прыемныя змены. Нездарма ж кажуць: “Добрая дарога – карацейшы шлях”.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА