ПРАІГНАРАВАЛІ – НЯШЧАСЦЕ СПАЗНАЛІ

Закон и порядок

Са стыхіяй не жартуюць. У гэтым нядаўна на ўласным горкім вопыце пераканаліся работнікі УП “Івянецкая крыніца”, бяссільна гледзячы на рэшткі аднаго з гаспадарчых будынкаў, у які трапіла маланка…

Вынікам апошняй праверкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у адносінах да цялятніка ў вёсцы Раднікі стала прадпісанне ліквідаваць выяўленыя парушэнні. Сярод іншага значыўся там і пункт “абсталяваць будынак спраўным маланкаадводам”. Кіраўніка УП “Івянецкая крыніца” нават прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за шматлікія недахопы ў арганізацыі пажарнай бяспекі на падведамных аб’ектах. На жаль, прынятыя меры не здолелі засцерагчы сельгаспрадпрыемства ад няшчасця.

Трывожны званок у цэнтры аператыўнага ўпраўлення РАНС раздаўся ў 21 гадзіну: маланка ўдарыла ў страху цялятніка. Драўляныя перакрыцці загарэліся, як порах, полымя пачало хутка шырыцца, і неўзабаве дах рухнуў унутр. Работнікі гаспадаркі напачатку спрабавалі вывесці жывёл, якія заставаліся ў будынку, але непрафесіяналам не пад сілу было на роўных змагацца з магутнай вогненнай стыхіяй… З гэтай задачай справіліся каманды 6 аўтацыстэрнаў, якія аператыўна прыбылі на месца. Пажар быў ліквідаваны ў 22 гадзіны 45 хвілін.

Цана, якой гаспадарка расплацілася за ігнараванне прадпісанняў, – 55 загінуўшых цялят і напалову знішчаны агнём будынак. Калі перакласці панесеныя страты на грошы, той сумы хапіла куды б на большае, чым проста паставіць маланкаадводы або закупіць новыя сродкі пажаратушэння на ўсе “штрафныя” аб’екты. Ці варта было закрываць вочы на ўказаныя супрацоўнікамі РАНС парушэнні? Адказ відавочны…

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий