Давайце задумаемся!

COVID-19 Безопасность и здоровье Важное

Аўтарскія правы на здымак — Claudio Furlan/LaPresse via AP

Хіба толькі немаўля ці зусім ізаляваны ад грамадства чалавек не ведае: нашу краіну, як і ўсю планету, накрыла другая хваля COVID-19. Здавалася б, на гэты раз набыты мінулай вясной вопыт дапаможа кожнаму з нас падрыхтавацца фізічна і эмацыянальна для таго, каб годна супрацьстаяць інфекцыі, якая каласальна ўскладніла жыццё ўсяго свету. Што тычыцца медыкаў, безумоўна, так і ёсць. Распрацаваны пэўныя схемы аказання дапамогі і санітарнага нагляду. А вось ці ўключыліся ў барацьбу за сваё жыццё і жыццё тых, хто побач, мы з вамі, паважаныя валожынцы? Ці трымаем дыстанцыю, ці закрываем органы дыхання ахоўнай маскай, а рукі пальчаткамі, ці карыстаемся антысептыкамі? Паназіраўшы за жыхарамі райцэнтра на вуліцах, у магазінах і іншых установах, дазволю сабе сцвярджаць, і са мной згодны супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і раённай бальніцы, вакол нас у гэты складаны час пануюць бяспечнасць, абыякавасць, нават бяздумнасць.

Давайце разам пройдземся па горадзе і зазірнём у асобныя кропкі.

Невялікі прыватны магазін. Гаспадыня – у масцы, як і дзве пажылыя пакупніцы. Заходзіць маладая пара – ніякіх ахоўных сродкаў. Падступаюцца зусім блізка да прадаўца, тая адступае, а мужчына і жанчына прасоўваюцца ўслед. Адна з наведвальніц робіць заўвагу. Рэакцыя даволі бурная. Па-першае, як пасмелі? Па-другое, мы не хворыя, а вы, калі баіцеся, сядзіце дома, смяшыце людзей. Мне здалося, што яны быццам наўмысна краналі ўсё, да чаго маглі дацягнуцца, смяяліся, размаўлялі. Пасля жанчына гучна чыхнула і, нічога не набыўшы, разам з мужам пакінулі памяшканне.

Магазін, дзе гандлююць харчовымі таварамі. Тут маюцца раздзяляльныя лініі. Але ж калі ў мінулы сезон людзі іх прытрымліваліся, то зараз літаральна лезуць адзін аднаму на плечы. Адна даволі ёмкая кабета шчыльна ціснецца да мяне. Выказваю незадаволенасць. У адказ – крыўда. Я што, грэбую? Баюся? Вось ад такіх, як я, толькі паніка. Большасць пакупнікоў становяцца на мой бок. Жанчына пакідае чаргу, а людзі, азіраючыся адзін на аднаго, стараюцца ўстанавіць дыстанцыю. Толькі бліжэй да касы ўсе іх намаганні зводзяцца на нуль. За касай два прадаўцы і яны імкнуцца абслугоўваць з дапамой адзіных вагаў і тэрмінала двух пакупнікоў. У выніку чатыры чалавекі літаральна дыхаюць адзін аднаму ў твар. Здагадайцеся, хто ў магазіне, акрамя прадаўцоў, у масцы? Правільна, толькі я.

Пра рынак ужо і гаварыць няма чаго. Не менш за 80% наведвальнікаў здаецца і не чулі ні пра якія вірусы. Цікава, што знешне большасць выглядаюць даволі інтэлігентнымі людзьмі. Многіх ведаю. Тут і педагогі, і прадстаўнікі вытворчасці, і пенсіянеры, і жыхары вёскі…

Я і да каранавіруса не разумела, чаму людзям так падабаецца церціся адзін аб аднаго, а зараз ад убачанага становіцца проста страшна – у чаргу камар носа не ўцісне. Апафеозам лічу ненарок падслуханую ў натоўпе эмацыянальную размову трох жанчын (усе без масак). Яны з даволі моцным павышэннем голасу з упэўненасцю ў тым, што маюць на гэта маральнае права, абмяркоўваюць стан валожынскай сістэмы па аказанні дапамогі хворым з COVID-19 і, у прыватнасці, лячэнне агульнай знаёмай (трапіла ў рэанімацыю). Суразмоўцы аперыруюць лічбамі (адкуль іх узялі?), медыцінскімі тэрмінамі (зусім, як кажуць, міма нот). Я не стрымліваюся, прадстаўляюся і прашу адказаць на некалькі пытанняў. На асобную добразычлівасць не разлічвала, але і шчырага, так бы мовіць, ад душы хамства не чакала. “Чаго чэпішся? Што тыя маскі дапамогуць, чаму я павінна некуды адыходзіць?” – крычала адна з цётак, а іншыя проста… уцяклі.

Пабывала я і ў райпаліклініцы. Тут большасць наведвальнікаў выконваюць масачны рэжым. На ўваходзе  праходзяць праз пост тэрмаметрыі. Але ж між сабой адлегласць не вытрымліваюць. Ля ліфта сабралася цэлая група. Умешваюся, тлумачу людзям, што лепш бы падняліся пешшу, ці не заходзілі ўсе адразу. У адказ толькі погляды. А адзін з мужчын, здзекліва ўсміхаючыся, называе мяне істэрычкай.

Больш-менш выконваюцца парады медыкаў толькі перад кабінетамі, дзе вядзецца прыём хворых з сімптомамі рэспіраторнай інфекцыі, і ў аптэцы. Што ж, тут тыя, каму фанабэрыя і ігнараванне праблемы не дапамаглі…

Так, людзі хварэюць, і ніхто не хавае гэты факт. Урачы ЦРБ і РЦГіЭ ўжо стаміліся даваць бясконцыя рэкамендацыі. Падумайце толькі! За апошнія два месяцы санітарная служба зрабіла чатыры рассылкі ў кожную арганізацыю ўсіх форм уласнасці. Прычым для кожнага кірунку свае, з улікам спецыфікі прадпрыемства ці ўстановы, парады. А колькі артыкулаў з іх дапамогай выпусціла наша выданне! Але ж у час кантрольных мерапрыемстваў не змяншаецца колькасць выяўленых парушэнняў. Там рукі не апрацоўваюць, там паверхні. А дзе-нідзе ніяк не могуць набыць некалькі няшчасных дазатараў… І вось вынік – хварэюць. І ўсё ж, то тут, то там, гучыць: “Мне ў масцы цяжка”. Што ж, напэўна, пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх будзе лёгка…

На маю думку, многае залежыць ад кіраўнікоў арганізацый – лідараў калектываў. Там, дзе самы галоўны аказваецца самым дасведчаным, там і перасцярога наладжана, і захварэўшых ці няма ўвогуле, ці няшмат. Вельмі проста: на рабоце правялі “лікбез”, чалавек і ў прыватным жыцці зробіць высновы, і ад сваіх хатніх будзе патрабаваць выконваць, на мой погляд, нескладаныя правілы.

Часта хочацца проста ўголас крыкнуць: “Валожынцы, вы ж такія добрыя, разумныя, працавітыя? Вам жа няцяжка ахвяраваць сродкі на лячэнне часам незнаёмых людзей, з вясны да восені шчыраваць на сваіх дачах, а падчас сустрэч з сябрамі ладзіць спрэчкі на тэму палітыкі. Дык чаму так складана надзець тую маску, чаму лянуецеся лішні раз памыць рукі, а за дзвярную ручку ўзяцца праз сурвэтку? І што гэта за цяга віснуць адзін на адным?”

Яшчэ некалькі прыкладаў бяздумнасці, падгледжаных у Валожыне. Ля ўваходу ў райвыканкам адна з наведвальніц просіць у сяброўкі памаду (!), каб падмаляваць вусны. І тае дае! Вось ахоўнік пытаецца ў наведвальніка, ці мае той маску, а ў маладога, добра апранутага мужчыны выраз твару, быццам пытанне яму задалі, як мінімум, па-кітайску. Бачу і наступную карціну: да групы мужчын у скверы падыходзін яшчэ адзін знаёмы, і тут жа адбываецца рытуал, без якога нашы  любімыя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва не могуць жыць, – вітанне за руку. Не рызыкнула запытаць: “А можа б вы выжылі і без гэтага?” Пашкадавала нервы.

За час майго так званага рэйду стамілася ад негатыўных рэакцый. Таму з пачуццём крыўды і адчаю пішу гэтыя радкі. Мне прыкра, што вы, дарагія мае валожынцы, сваімі паводзінамі ствараеце сапраўды складаную сітуацыю і для медыкаў, і для работы прадпрыемстваў, і для тых, каго любіце. Ну вось паціснуў ты сябру руку і пашыбаваў да бацькоў, якім далёка за семдзесят і… усе захварэлі. У цябе, маладзейшага, здаецца, больш шанцаў, а яны… Завошта ж ты так з імі? А ты, прыгажуня з яўнымі сімптомамі так званай прастуды? Ты хоць на секунду б задумалася, што творыш, робячы любімы шопінг у такім стане? Калі раўнадушная да чужых, уяві на хвіліну, што за пакінутую табой рэч са слядамі каранавіруса, возьмецца дарагі табе чалавек. На 100 працэнтаў згаджаюся з медыкамі, якія сцвярджаюць: у наш час выйсці ў людзі, калі ёсць падазрэнне на захворванне, – сапраўднае злачынства, а хаджэнне па горадзе з пацверджаным дыягназам… Тут проста няма слоў!

Мне шчыра хочацца верыць, гэта бяздумнасць, што пануе пакуль у нашым грамадстве, вось-вось спынецца. Мы ўсе адумаемся, перастанем ківаць у бок урачоў, якія, дарэчы, працуюць без выхадных з каласальнай нагрузкай, і перастанем паводзіць сябе, быццам капрызныя дзеці, што гуляюць у дарослых. Спадзяюся, сціхнуць разважанні адносна таго, верыць хтосьці ў вірусную небяспеку ці не. Мае дарагія, справа ў тым, што вірус не рэлігія, тое, што тычыцца яго, не пытанні веры. Ён незалежна ад нашых, невядома адкуль узятых, скептычных поглядаў лютуе і, што і казаць, забівае.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ