Каронавірус побач! Пра асаблівасці другой хвалі хваробы расказвае намеснік галоўнага ўрача ЦРБ

COVID-19 Безопасность и здоровье Важное

Напэўна не памылюся, калі скажу: зараз няма чалавека, у блізкім акружэнні якога хтосьці б не “падчапіў” COVID-19. Вядома, што цячэнне гэтага захворвання ў кожнага рознае. Адным шанцуе перанесці яго даволі лёгка, часам увогуле бессімптомна. Іншыя і ворагу не пажадаюць перажыць той “незабыўны” стан. Хварэлі і мае знаёмыя. Некаторым нават давялося пабываць у рэанімацыйным аддзяленні. Дзякуй Богу і медыкам, усе выжылі, але былыя пацыенты пераканаўча просяць мяне: “Пішы пра тое, якімі мы былі бяспечнымі, як бяздумна ставіліся да свайго здароўя і дазволілі сабе рызыкаваць здароўем блізкіх”.

Каб даведацца наконт сённяшняй сітуацыі з аказаннем дапамогі хворым з каранавірусам у Валожыне мы паспрабавалі з дапамогай тэлефона звязацца з кіраўніцтвам часовага шпіталя, што разгорнуты на базе гінекалагічнага корпуса ЦРБ.

На сувязь выйшаў намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Альфрэд Зянонавіч НЕХВЯДОВІЧ. На працяглую гутарку мы не разлічвалі, разумелі: доктару, хутчэй за ўсё, не да нас. Аднак Альфрэд Зянонавіч змог удзяліць раённай прэсе некалькі хвілін і адказаў на асноўныя пытанні, што пастаянна чуем ад сваіх чытачоў.

– Альфрэд Зянонавіч, на чым пры падрыхтоўцы чарговага артыкула на тэму COVID-19 раіце спыніць увагу?

– На прафілактыцы! Людзі павінны ведаць: другая вірусная хваля цяжэйшая. Па-першае, хварэюць часцей, па-другое, захворванне працякае больш складана. Нават тыя, для каго самыя непрыемныя моманты – ужо гісторыя, яшчэ доўга адчуваюць наступствы захворвання. Яны не могуць пазбавіцца ад млявасці, праблем з дыханнем, аднавіць апетыт і паўнацэнны сон. Таму кожны павінен выкарыстаць любую магчымасць, каб не дапусціць заражэння. Даўно даказана: сродкі, што закрываюць органы дыхання, – добрае выйсце. Калі пры гэтым пазбягаць людных месцаў, а падчас наведвання магазінаў ці іншых устаноў (толькі пры неабходнасці!) ні да каго блізка не падыходзіць, заражэння не адбудзецца. Маскі, антысептыкі, дыстанцыраванне – не істэрыя, а шанц хаця б запаволіць імклівае распаўсюджанне віруса і тым самым не дапусціць калапсу работы медустаноў.

– Вядома, што ў нашым шпіталі аказваецца дапамога і жыхарам іншых раёнаў, таму валожынцы турбуюцца, ці хопіць месцаў нашым людзям – вельмі ж не хочацца ў цяжкую часіну аказацца далёка ад родных мясцін. Дома ж і сцены дапамагаюць…

– Апошнім часам захварэўшыя ў асноўным шпіталізуюцца па месцы жыхарства. І трэба ведаць, што лячэнне – гэта працэс: хтосьці паступае ў стацыянар, хтосьці выпісваецца.

– Нас непакоіць аснашчанасць шпіталя абсталяваннем і медыкаментамі.

– Калі маеце на ўвазе апараты ІВЛ, іх хапае. У дадзены момант, напрыклад, усе свабодныя. Дарэчы, людзі часта кажуць: “На кіслародзе” і тым самым блытаюць дадатковую падачу кіслароду праз інгалятары ці насавыя канюлі са штучнай вентыляцыяй лёгкіх. Гэта розныя рэчы. Апарат ІВЛ – сродак рэанімацыйны, выкарыстоўваецца тады, калі чалавек губляе здольнасць дыхаць самастойна. Што тычыцца лякарстваў, тут праблем няма. А вось сродкаў індывідуальнай аховы не хапае. Вясной нас вельмі добра падтрымалі валанцёры. Было б нядрэнна, каб зараз гэта работа актывізавалася.

– Ва ўсіх на слыху слова “КТ”. Многія кідаюцца праходзіць гэта даследаванне пры першых сімптомах недамагання…

– Камп’ютарная тамаграфія робіцца па паказчыках. Калі яна патрэбна, высвятляе ўрач. Галоўнае пры дыягностыцы кавіднага запалення лёгкіх, на якім узроўні трымаецца сатурацыя (працэнт насычэння крыві кіслародам). У норме павінна быць не ніжэй за 95%. Калі паказчык зніжаецца – дрэнна, можа спатрэбіцца інтэнсіўная тэрапія. Таксама пры каранавірусе неабходна сачыць за тэмпературай цела і быць на пастаяннай сувязі з медыкамі. Вельмі важна не панікаваць. Тым, хто лечыцца дома, паказана шчодрае піццё, для зніжэння тэмпературы – парацэтамол. Каб пазбегнуць застойных з’яў у лёгкіх пры запаленні, неабходны хаця б мінімальны рух, выкладванне на жывот (можна пад верхнюю частку грудзей і пад таз падкладваць валікі, каб грудзі не сціскаліся). Але яшчэ раз  нагадваю: каранавірус, як і іншае захворванне, лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Таму: будзьце пільнымі!

– Дзякуй! Поспеху Вам, Вашым калегам і пацыентам!

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ