15 лістапада — свята рупліўцаў аграпрамысловага комплексу. Расказваем пра лепшых.

Аграрный сектор и промышленность Важное

Іван Леанідавіч РАГЕЛЬ працуе ў КСУП “Сакаўшчына-Агра” амаль 30 гадоў. Спачатку паспрабаваў сябе ў ролі шафёра, а затым асвоіў прафесію механізатара. Зразумела, справа гэта нялёгкая. Але за што мужчына ні возьмецца, усё ладзіцца ў яго руках. У мінулым годзе вопытнаму работніку прадаставілі новы «МТЗ 1221». На ім і шчыруе Іван Леанідавіч круглы год ад цямна да цямна, нярэдка без выхадных. Вясной быў задзейнічаны на сяўбе, затым касіў, восенню вазіў сілас. Але ў асноўным заняты з такім агрэгатам, як прэс-падборшчык рулонны з абмотчыкам «ППРО-155». Прэсуе салому, сена, сянаж, каб захаваць іх на доўгую зіму на корм і подсціл жывёле. Вопыт і прафесіяналізм дапамагаюць яму дасягаць у сваёй справе добрых вынікаў.

    Зараз ён прычапіў да МТЗ кормараздатчык і задзейнічаны на абслугоўванні жывёлаводчых комплексаў. Кіраўніцтва гаспадаркі цэніць работніка, а яго адказнасць, акуратнасць і самаадданасць выклікаюць сапраўдную павагу ўсяго калектыву. Мужчына разумее, што лёгкага хлеба нідзе не бывае. Каб дабіцца добрага выніку і мець прыстойны заробак, трэба працаваць з максімальнай аддачай, не шкадуючы сіл.

Усяго тры гады працуе на Валожынскім вытворчым участку ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” Анатолій Іванавіч ЗЕНЬКА, а ў калектыве не засталіся незаўважанымі яго старанне, добрасумленнасць, адказнасць. Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу сырароб III разраду ўзнагароджаны Ганаровай граматай КУП “Мінаблмясамалпрам” – кіруючая кампанія холдынгу “Мясамалпрам”, што вельмі пачэсна і адказна.

Анатолій Іванавіч шчыруе ў сырным цэху: ходзіць у змены па ўпакоўцы. Кожная з іх доўжыцца 12 гадзін, улічваючы перапынак на абед. На штабялёры мужчына адвозіць ужо запакаваныя сыры ў склеп, дзе размяшчае іх на паліцах. Дысцыплінаваны работнік пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў не парушае тэхніку бяспекі, правілы ўнутранага працоўнага распарадку, заўсёды ў тэрмін і якасна спраўляецца з аб’ёмам даручаных работ.

Хочацца дадаць, што наш герой – былы воін-афганец. Брыгада, у якой мужчына служыў вадзіцелем, дыслацыравалася на ваеннай базе ў Баграме. Зразумела, што там выпрацаваліся многія чалавечыя якасці, якія і цяпер дапамагаюць Анатолію Іванавічу ў паўсядзённым жыцці.

Токарам у рамонтнай майстэрні ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” працуе Андрэй Канстанцінавіч БАНДАРЫК. Прыйшоў сюды юнаком, толькі скончыўшы восем класаў.

Усім “прамудрасцям” работы на такарным станку вучыўся ў прафесіянала – Віктара Пятровіча, які без слоў, але па-майстэрску перадаваў навуку. Поруч з жалезным памочнікам непрыкметна праляцелі больш чым тры дзясяткі гадоў, за якія колішні вучань сам стаў спецыялістам з вялікай літары, мае 5-ы кваліфікацыйны разрад. Яму пад сілу з неймавернай дакладнасцю ператварыць бясформенную грубую загатоўку ў патрэбную дэталь з гладкай паверхняй, інакш механізм не запрацуе. Кіраўніцтва характарызуе Андрэя Канстанцінавіча як адказнага, добрасумленнага работніка, чалавека справы – як і яго настаўнік, шмат гаварыць ён не любіць.

На прадпрыемстве ўтварылася сямейная дынастыя Бандарыкаў: жонка Алена Іванаўна шмат гадоў працуе ліцейшчыцай у цэху пластмасавых вырабаў; сын Дзмітрый адразу ж пасля школы ўладкаваўся сюды слесарам, а пасля, адслужыўшы ў арміі, вярнуўся зноў у калектыў.

Галіна Чаславаўна СІЗОВА – адна з лепшых работніц ААТ “Валожынскі льнокамбінат” – прыйшла на вытворчасць, калі ёй толькі-толькі споўнілася сямнаццаць гадоў. За гэты час старанная, кемлівая, справядлівая жанчына засвоіла навыкі, што патрабуюцца на кожным з этапаў працэсу апрацоўкі льну.

Сёння майстар змены падрабязна можа растлумачыць і наглядна паказаць сутнасць работы аператараў сушыльнага абсталявання, закладчыкаў і раскладчыкаў сыравіны, аператара кудзельна-падрыхтоўчага агрэгата і г. д. Падчас змены яна нясе адказнасць за ўсю брыгаду, што шчыруе ў цэху асноўнай вытворчасці. Менавіта ад Галіны Чаславаўны залежыць, як спрацуюць падначаленыя, якім будзе вынік каманднай работы і ці парадуе сума, пазначаная ў разліковым лістку, кожнага з працаўнікоў.

Так, лёгкай работу гэтага прафесіянала не назавеш, аднак яна ні ў якім выпадку не збіраецца яе мяняць. Вядома ж, камбінат даўно стаў другім домам, а яго дружны калектыў – сям’ёй.

Алёна Аляксандраўна ІШЧАНКА – галоўны ветэрынарны ўрач ААТ “Агра-Дубінское”.

Шэсць гадоў таму маладая жанчына разам з сям’ёй пераехала ў Беларусь з Данецкай вобласці. На радзіме спецыяліст з педагагічнай адукацыяй працавала ў школе. Муж-шахцёр шчыраваў на шахце. Рашэнне аб пераездзе ў Беларусь – вымушанае. Сям’я стамілася ад нестабільнасці і страху. Сваякі, якія жывуць у Маладзечне, падказалі: у Дубіне ёсць магчымасць знайсці сябе ў сельскай гаспадарцы, займець жыллё…  Сапраўды, дырэктар Генадзій Вацлававіч Каспяровіч пацвердзіў: прадаставім і работу, і дом, але з умовай – працаваць будзеце ад душы. Яны ж нагрузак не баяліся. У сельгасвытворчасці, да якой раней не мелі дачынення, гатовы былі выконваць любую работу. І гэта ацанілі. Працавітасць Алёны Аляксандраўны, адукаванасць, імкненне спасцігаць штосьці новае натхніла кіраўніцтва на думку: яе неабходна вучыць – можа стаць добрым спецыялістам. Таму перад намі – студэнтка каледжа. Пазней плануецца паступленне ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.

За зусім непрацяглы час Алёна Аляксандраўна паспела не толькі падняцца па кар’ернай лесвіцы. Скончыла аўташколу  (пры яе рабоце – абавязковая ўмова), літаральна на памяць вывучыла безліч падручнікаў, інструкцый, рэкамендацый па ветэрынарыі. Цэніць парады, што пастаянна атрымлівае ад сваёй папярэдніцы Ірыны Вацлаваўны Шатроўскай, галоўнага ветэрынарнага ўрача райветстанцыі Алега Аляксандравіча Жалняровіча і яго каманды. Наладзіла цудоўныя стасункі з калегамі-падначаленымі – вопытным спецыялістам Раісай Чаславаўнай Чыркевіч і больш маладымі Русланам Уладзіміравічам Рындзевічам і Святланай Аляксандраўнай Майбінай. Апроч усяго, яна – шматдзетная матуля. Двое старэйшых дзяцей нарадзіліся яшчэ ва Украіне, малодшыя – на другой радзіме. 

Сёння галоўны ветэрынарны ўрач самай паспяховай гаспадаркі – пасада значная. А. А. Ішчанка цэніць аказаны давер, старанна працуе, удасканальваючы веды і ўменні.

Хутка два гады, як Аляксей Мар’янавіч МІШУК працуе інжынерам у ААТ “Суднікаўскі”. Родам малады спецыяліст з Івянца. Тэхніка яму падабалася з дзяцінства – дома пастаянна знаходзіўся ля бацькі, калі той штосьці рамантаваў: прыглядаўся, цікавіўся, а калі падрос, то і дапамагаў. Таму вырашыў паступаць на інжынерна-тэхнічны факультэт Беларускага аграрнага ўніверсітэта.

Тэарэтычныя веды атрымаў добрыя, але адзначае, што практыкі не хапала. “У гаспадарцы адказваю за ўсё, што рухаецца і круціцца, – усміхаючыся, кажа ён. – Адразу, як прыйшоў, было вельмі складана. Не саромеўся запытацца ў больш вопытных механізатараў: яны падказвалі, дапамагалі. Цяпер стала прасцей”.

Сакрэты поспеху яго прафесійнай дзейнасці зусім простыя: каб тэхніка была на хаду, працавала без паломак і збояў, хапала запчастак і механізмаў для своечасовага рамонту. Чалавечы фактар, лічыць Аляксей Мар’янавіч, таксама адыгрывае важную ролю – без узаемаразумення, падтрымкі і цярпення рабіць будзе цяжка.

Святлана Іосіфаўна САБАЛЕЎСКАЯ працуе загадчыкам зернясховішча ў КСУП “Янішкі”.

У гаспадарку жанчына прыйшла ў 1986 годзе, калі закончыла Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “Заатэхнік”. Больш за 20 гадоў была загадчыкам свінафермы, а калі ў 2013 годзе яе расфарміроўвалі ў сувязі з афрыканскай чумой свіней, кіраўніцтва прапанавала адказнаму работніку месца на зернясховішчы. Так і адбыўся яе пераход, як кажа сама Святлана Іосіфаўна, з галіны жывёлагадоўлі ў раслінаводства.

На зернясховішчы работы хапае ў любую пару года, але найбольшая нагрузка, зразумела, падчас уборачнай кампаніі, калі штодзённа паступаюць сотні тон зерня. У зімовы час вядзецца падрыхтоўка насення да веснавой пасяўной. У абавязкі загадчыка ўваходзяць прыём і водпуск зерня, яго ачыстка, пратручванне. У дапамогу спецыялісту накіроўваюцца ад аднаго да шасці рознарабочых, у залежнасці ад запланаванага аб’ёму работ. Для іх жанчына праводзіць інструктаж, раіць, як лепш выканаць тую ці іншую задачу. На зернясховішчы ў Святланы Іосіфаўны заўсёды парадак, а ўсе заданні выконваюцца ў тэрмін.

Валянціна Анатольеўна СУЛІМАВА прысвяціла сваё жыццё жывёлагадоўлі.

Пасля таго, як у 90-я гады пераехала ў вёску Пугачы з Магілёўскай вобласці, пайшла працаваць на мясцовае сельгаспрадпрыемства, цяпер гэта КСУП “Валожынскае”. Спачатку ўладкавалася даяркай, а гады тры назад перайшла на цялятнік малочна-таварнага комплексу “Дварэц”. Калі ў аграрыяў зімой надыходзіць хоць якая, ды перадышка, то ў жывёлагадоўлі такое немагчыма. Працаваць трэба на працягу круглага года, без выхадных і свят. У абавязкі жанчыны ўваходзіць нанасіць сена, прыбраць старое, канцэнтраты раздаць, папаіць малачком, сцены пачысціць, падаслаць. Калегі гавораць, што яна няньчыцца з малымі жывёламі, як з дзецьмі. Тыя заўсёды чыстыя і сытыя, а адсюль высокія прывагі і добрая выжывальнасць, лепшыя ў гаспадарцы. І справа не ў асаблівым малацэ ці корме, а ў добрасумленным падыходзе і ласкавым слове. Падапечныя здалёк пазнаюць сваю карміцельку ўжо па голасе. Па тым, як цягнуцца да цялятніцы жывёлы, як аблізваюць ёй рукі, зразумела, што такія паводзіны для іх – норма, а жанчына не-не ды і пагладзіць асабліва няўрымслівых. Валянціна Анатольеўна нязменна своечасова і якасна спраўляецца з аб’ёмам даручаных работ, валодае станоўчымі асабістымі якасцямі, умее дзейнічаць у камандзе, а таму карыстаецца ў калектыве павагай і аўтарытэтам.

Жывёлавод фермы “Пяршаі” КСУП “Пяршаі-2014” Пётр Аляксеевіч СУХОЙ лепшым па прафесіі становіцца не ўпершыню. З адказнасцю заўважае: “Альбо любіш гэту справу, альбо не – інакш працаваць, ды яшчэ паспяхова, не зможаш”.

Ён даглядае цялушак, якія, набраўшы патрэбную вагу, пераводзяцца ў статак, каб у далейшым стаць пяршачкай. На рабоце, як кажуць, з шасці раніцы да шасці вечара. Раздаць корм жывёле, падсцяліць, пачысціць – здавалася б, простыя спрадвечныя сялянскія клопаты, але ад таго, як якасна ўсё гэта будзе зроблена, залежыць агульны стан маладых рагуль. Хоць і нямая істота, але нутром адчувае, хто і як да яе адносіцца: за клопат і старанне адплачвае высокімі прывагамі.

На добрым рахунку старанны працаўнік і ў кіраўніцтва гаспадаркі: разам з жонкай, якая, дарэчы, працуе загадчыцай фермы, ім выдаткавалі добраўпарадкаванае жыллё. На падворку таксама ёсць жыўнасць. “Пад ляжачы камень вада не цячэ, – кажа Пётр Аляксеевіч. – Трэба не ленавацца, а больш працаваць. Тады і настрой з’явіцца, і вынікамі будзеш задаволены”.

Пра Наталлю Васільеўну ЖУКОЎСКУЮ мы пісалі не аднойчы. Яе лёс – годны прыклад таго, як пры ўмове вялікага жадання і старання можна рэалізаваць сябе ў новай справе і на новым месцы, значна павысіць адукацыйны ўзровень, займець павагу і трывалы аўтарытэт у вялікім калектыве.

Сёння гэта ўсмешлівая прыгажуня – намеснік дырэктара ААТ “Агра-Дубінское” па жывёлагадоўлі. Яе прыход у прафесію быў няпростым. У свой час давялося на поўным сур’ёзе даказваць: сельгасвытворчасць – яе лёс і прызванне. Не прайшло і дзесяцігоддзя з той пары, як былая гараджанка кардынальным чынам змяніла жыццёвы вектар. Моцную духам маладую жанчыну няпростая праца на ферме не напалохала. Трэба цялятніцай – буду цялятніцай, патрэбны аператары машыннага даення? Магу і аператарам… Але тое, што гэта будучы спецыяліст, бачна было адразу.

Спачатку скончыла Смілавіцкі  каледж, затым замахнулася і на вышэйшую адукацыю. У снежні Наталля Васільеўна стане ўладальніцай дыплома Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Дыпламаваны спецыяліст-заатэхнік разам са шматлікай камандай жывёлаводаў пастаянна клапоціцца пра павелічэнне пагалоўя статка, рост надояў і якасць атрыманага малака. На ўтрыманні на 9 фермах прадпрыемства знаходзяцца 4000 галоў БРЖ. У авангардзе, безумоўна, малочнатаварныя комплексы “Дубіна Вяршыцкая” і “Дубіна Юрздыцкая”. За мінулы год на адну галаву атрыманы 5980 кг малака. Гэта добры паказчык нават на рэспубліканскім узроўні. Вынікі бягучага года таксама абяцаюць заставацца на ўзроўні. У апошні час асобны гонар дубінскіх сельгасвытворцаў, у тым ліку і чалавека, які нясе адказнасць за працу каманды жывёлаводаў,  – дагавор на пастаўку малака на Нясвіжскі камбінат дзіцячага харчавання. Вядома ж, для таго, каб прадукт мог лічыцца прыдатным для кармлення немаўлят, ён павінен адпавядаць вельмі высокім стандартам, а значыць, вырабляцца з самай якаснай сыравіны. Толькі такая пастаўляецца ў Нясвіж з Дубіны.

Фота галоўнага агранома ААТ “Багданаўскае” Віктара Пятровіча ТРУСА па выніках работы за 2019 год занесена на раённую Дошку гонару.

У свой час ураджэнец вёскі Варані скончыў  Гродзенскі сельгасінстытут па спецыяльнасці “Аграномія”. Пачаў працоўны шлях у Гародзьках, затым, як кажуць, асеў у Багданаве, дзе шмат гадоў адказвае за намалоты і нарыхтоўку кармоў. Землі ў гаспадарцы складаныя, а калі яшчэ, як, напрыклад, у мінулым годзе, умовы надвор’я паўздзейнічаюць негатыўна, то ўраджайнасцю пахваліцца бывае цяжка. Аднак апошняе жніво парадавала. Зерневых (азімыя пшаніца, жыта, трыцікале, яравыя авёс, ячмень, зернебабовыя) сабрана 5037 тон з ураджайнасцю 40 ц/га, што на 1200 тон больш, чым у мінулы сезон. Нядрэнна склалася і з кармамі. Нарыхтавана 5239 тон сенажу (на 466 тон больш, чым у мінулым годзе) і 7063 сіласу (+180 тон).

Каб будучы ўраджай парадаваў яшчэ больш, механізатарамі гаспадаркі пасеяна 280 га азімага рапсу і 880 га азімых зерневых. Павялічаны на 60 га плошчы, на якіх плануецца вырасціць азімую пшаніцу (380 га).

Марына Антонаўна ВНУК нарадзілася і вырасла ў Сівіцы. Пасля атрымання дыплома адрабіла патрэбныя два гады ў Маладзечанскім раёне і вярнулася ў родныя мясціны. Быў гэта 1989 год. Вось з тае пары і працуе тэхнікам-нарміроўшчыкам і дыспетчарам у КУП “Сівіца”.

Гаспадарка перажывала розныя часы – былі і ў перадавіках, і ў ліку апошніх, аднак Марыну Антонаўну ніколі не пакідала надзея на лепшае. Вось і зараз маленькімі крокамі сельгаспрадпрыемства стараецца ўпэўнена стаць на ногі. Безумоўна ж, не хапае і рабочых рук, і гаруча-змазачных матэрыялаў, але самае важнае, што застаўся касцяк, на якім усё і трымаецца: галоўны інжынер, заатэхнік, ветфельчар, асемянатар і яна.

Кожны дзень, без выхадных і святочных, з шасці раніцы М. А. Внук ужо, як кажуць, на баявым пасту. Свае абавязкі ведае дакладна: выпісаць дарожныя лісты вадзіцелям, сабраць зводкі па малацэ, палявых работах і зрабіць справаздачу, налічыць зарплату механізатарам і яшчэ многае іншае, што здаецца самым будзённым і звычайным, але без чаго не будзе зладжанай работы ўсяго калектыву.

Таццяна Іванаўна КАРАНІК – адна з шасці аператараў МТФ “Подберазь” КСУП “Падбярэззе”. Штодня жанчына нясе адказнасць за групу з 60 дойных кароў, што знаходзяцца на прывязным утрыманні. Даводзіцца даглядаць і ад 17 да 30 цялят да 2-х месяцаў. За 9 месяцаў бягучага года працавітай жанчынай надоена на адну галаву 2425 кг малака вышэйшага гатунку (лічба па гаспадарцы – 2177 кг).

Не так даўно прадстаўніц яе прафесіі называлі даяркамі, зараз гэта – аператары машыннага даення. Безумоўна, з цягам часу і з прыходам у жывёлагадоўлю тэхнічнага прагрэсу ў іх рабоце адбылося шмат станоўчых змяненняў, але сутнасць тая ж, што і раней. Сваімі працавітымі рукамі яны здабываюць адзін з самых каштоўных прадуктаў харчавання – малако.   

Па словах выконваючай абавязкі дырэктара гаспадаркі Вікторыі Валер’еўны Стасіловіч, Т. І. Каранік – работнік, якіх пашукаць. Яе працавітасць, адданасць справе, акуратнасць выклікаюць павагу і жаданне не адставаць, а гэта для работы ў калектыве вельмі важна.

Таццяна Іванаўна – шматдзетная  матуля, якая нарадзіла і выхавала восем дзяцей. Амаль усе яны дарослыя і самі ўжо гатовы атуляць клопатам роднага чалавека.

Менавіта пра такіх, як Іосіф Уладзіміравіч ГРЫНКЕВІЧ, гавораць: залаты чалавек. І сапраўды, вадзіцеля КСУП “Гародзькаўскае”, які большую частку жыцця правёў за рулём аўтамабіляў, раз’язджаючы па палях роднай гаспадаркі, цэняць і калегі, і кіраўніцтва.

Ураджэнец вёскі Гародзькі жыве ў Забрэззі. У наваколлі славіцца як цудоўны сем’янін, гаспадар, добразычлівы чалавек. Яго можна назваць тыповым беларусам – працавіты, памяркоўны, грунтоўны ў любой справе і неверагодна цярплівы.

Жыццё вадзіцеля ў сельгасвытворчасці простым быць не можа. Не паспелі адсеяцца, надышла пара сенакосу… Яшчэ ва ўсю нарыхтоўваюцца кармы, а ўжо наблізілася жніво… А там і ўнясенне ўгнаенняў, і падвоз кармоў, і рамонтныя работы… Так кожны год. Але Іосіф Уладзіміравіч прывык, працуе з душой, таму і мае рэпутацыю аднаго з лепшых работнікаў. Не аднойчы праца чалавека, які ўжо тры гады мог бы лічыцца толькі пенсіянерам, ацэньвалася на ўзроўні раёна. За выключнае стаўленне да работы шчыраму працаўніку ўручана нямала грамат, падзяк, каштоўных падарункаў.

Раіса Іванаўна НАВІЦКАЯ – сапраўдная гаспадыня на малочнатаварнай ферме “Даўбені” СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”. Працуе загадчыцай: тут у самым прамым сэнсе ёй падпарадкоўваецца ўсё і ўсе. Прыйшла, калі было адно памяшканне, малочны блок, 200 кароў, 8 работнікаў. У 2013 годзе пачалася маштабная рэканструкцыя, якая доўжылася шэсць гадоў. Даводзілася кіраваць не толькі працэсам вытворчасці малака, але падчас і работай будаўнікоў, якіх налічвалася больш за сотню. Справілася, хоць было вельмі складана.

На сёння – гэта сучасны жывёлагадоўчы комплекс з пагалоўем у 1100 галоў, пачынаючы ад нованароджаных цялятак і заканчваючы паўнацэнным малочным статкам. Звычайны малакаправод замяніла даільная зала, а колькасць падначаленых павялічылася да 28 чалавек. З гумарам заўважае, што вынікі залежаць ад таго, які настрой калектыву задасць загадчыца. “Рабіць стала камфортна, кіраўніцтва клапоціцца, каб мы былі забяспечаны ўсім неабходным. Толькі ад нашага старання і адносінаў кожнага да свайго ўчастка залежыць агульны поспех”, – упэўнена Р. І. Навіцкая.

Пасля заканчэння Навапольскага сельскагаспадарчага тэхнікума Іна Валянцінаўна ПАЧКОЎСКАЯ ў 1990 годзе ўладкавалася ў бухгалтэрыю гаспадаркі, якая ў той час мела назву “Праца”. У выніку некалькіх рэарганізацый цяпер гэта КСУП “Валожынскае”.

Нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні, Іна Валянцінаўна заставалася на сельгаспрадпрыемстве і працягвала добрасумленна працаваць. Бухгалтар па раслінаводстве вядзе першасны падлік на ўсіх участках. Дарэчы, іх у гаспадарцы тры: Ракаў, Доры, Пугачы. Таму аб’ём работы вялікі, як і кола функцыянальных абавязкаў. Спецыфіка раслінаводства ў тым, што гэта галіна адрозніваецца сезонным характарам работ. Жанчына добра ведае, дзе і колькі чаго пасеяна, выдаткі на вырошчванне, а падчас збору ўраджаю апрыходуе атрыманую прадукцыю і адсочвае яе рэалізацыю. Работнікі цэнтральнай бухгалтэрыі гаспадаркі, і не толькі, паважаюць калегу за прафесіяналізм, адказнасць, спагадлівасць, уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі.

Тэхнік-асемянатар ААТ “Агра-Дубінское” Франц Эдвардавіч БІТЭЛЬ – адзін з самых старэйшых і вопытных работнікаў гаспадаркі. Нягледзячы на мадэрнізацыю і ўсялякія новаўвядзенні, на работу ездзіць, як і трыццаць гадоў таму, на кані. Праўда, змянілася іх нямала, аднак больш надзейнага памочніка і транспартнага сродку, па яго словах, няма. Цяперашняя кабыла Машачка чуе свайго гаспадара здалёк – пакуль мы размаўлялі, стаяла ўвесь час, навастрыўшы вушы ў наш бок.

Аб’езд у іх вялікі: на абслугоўванні ў Франца Эдвардавіча да тысячы галоў дойнага статка. “Самі разумееце, прафесія гэта тонкая і далікатная, – тлумачыць ён. – Рабіць усё трэба вельмі акуратна, нават правесці своеасаблівыя матэматычныя разлікі, інакш будуць страты. У мяне на комплексе ёсць памочніца, бо аднаму справіцца з такім аб’ёмам складана. Стараемся – вось і вынік добры маем. Дапамагаюць у справе і даяркі, і даглядчыкі: яны таксама зацікаўлены, каб кароўка своечасова асемянілася, бо тады будуць і надоі. Мы ўсе ў адным ланцужку”.

Над матэрыяламі працавалі Алена ЗАЛЕСКАЯ, Валянціна КРАЎНЕВІЧ, Анжэла РАДЫНА, Сяргей БОБРЫК