АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ЖНІВЕНЬ 1966 ГОДА

Культура

ПРАЦОЎНАЕ НАПРУЖАННЕ

Вялікае працоўнае напружанне адчуваецца цяпер ва ўсіх паляводчых брыгадах сельгасарцелі імя Куйбышава. Галоўны клопат хлебаробаў – уборка ўраджаю. Таму і выкарыстоўваюць па-гаспадарску кожны пагодлівы дзень.

У спаборніцтве 1-е месца ўтрымлівае калектыў 4-й паляводчай брыгады, якой кіруе А. Язерскі. Хутка хлебаробы заканчваюць жніво. Усяго ў калгасе ўбрана больш за 200 гектараў азімых. На дзяржаўны нарыхтоўчы пункт адпраўлена каля 20 тон збожжа.

ЦУДОЎНАЯ КУКУРУЗА

Цудоўная кукуруза ўрадзіла сёлета ў саўгасе імя Маякоўскага. У асобных месцах вышыня раслін дасягае паўтара метра.

Усё гэта справа рук саўгасных кукурузаводаў Э. Рамана і М. Лужынскага. Яны не першы год вырошчваюць гэту каштоўную кармавую культуру і штогод атрымліваюць нядрэнныя ўраджаі. Сёлета звенні вырошчваюць кукурузу на плошчы 168 гектараў. У тэрмін правялі сяўбу, клапатліва даглядалі пасевы, пабаранавалі іх, падкармілі аміячнай вадой і салетрай. Таму і ўраджай будзе выдатны – старанні механізатараў не прапалі дарэмна.

НЕЗАБЫЎНАЯ ЭКСКУРСІЯ

Гэта лета вучні Шчалканаўскай васьмігодкі запомняць надоўга. У час канікулаў яны наведалі Брэст. Там пабывалі ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, убачылі цікавыя экспанаты, якія расказалі пра прыроду Беларусі, гісторыю роднага краю.

Але самай незабыўнай стала экскурсія ў цытадэль мужнасці – Брэсцкую крэпасць. Уважліва слухалі вучні расказ экскурсавода аб гераізме яе абаронцаў. Можна было пабачыць зруйнаваныя сцены, узарваную кулямі зямлю, якая калісьці патанала ў крыві. Яшчэ больш даведалася маладое пакаленне пра падзеі тых часоў, пабываўшы ў музеі. Вяртаючыся з Брэста, завіталі і ў Кобрынскі гістарычны музей А. В. Суворава, а таксама ў музей Ф. Э. Дзяржынскага ў Івянцы.

ПАРУШАЛЬНІКА – ДА АДКАЗУ

Большасць вадзіцеляў аўтатранспарту правільна разумеюць свае правы і абавязкі. Аднак ёсць і парушальнікі правілаў руху.

Да ліку іх адносіцца кладаўшчык саўгаса “Залескі” Л. Раманоўскі. На яго двойчы накладваліся адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафаў за кіраванне матацыклам без нумарных знакаў. Аднак і пасля гэтага ён не зрабіў патрэбных вывадаў. Зноў сеў на матацыкл у нецвярозым стане, за што і быў затрыманы міліцыянерамі. Пры гэтым парушальнік вёў сябе непрыстойна, зневажаў сведкаў. Пастановай народнага суда яго матацыкл перададзены ў камісійны магазін для рэалізацыі.

КНІГАНОШЫ Ў ДАРОЗЕ

Звыш 300 чытачоў налічваецца ў бібліятэцы Адамоўскага клуба. Часта наведваюцца сюды механізатары, работнікі ферм, паляводы, вучні мясцовых школ.

Загадчыца клуба М. І. Трапашка імкнецца зрабіць кнігу здабыткам і сябрам кожнага чалавека. Дабіцца гэтага нялёгка. Асабліва ў час пасяўной, сенаўборкі, жніва, калі калгаснікі з раніцы да вечара на рабоце. Але бібліятэкар знайшла выйсце. Яна вырашыла дастаўляць кнігі чытачам у поле, на ферму, дамоў. Разам са сваімі юнымі памочнікамі-кніганошамі з Няроўскай васьмігодкі загадчыца разносіць кнігі сельскім працаўнікам.

ЛЁН ВЫЦЕРАБЛЕНЫ

Добры ўраджай ільну вырасцілі сёлета льнаводы 4-й паляводчай брыгады калгаса “Беларусь”.

Тут было пасеяна 26 гектараў гэтай каштоўнай культуры. Як толькі лён дасягнуў васковай спеласці, члены звяна пад кіраўніцтвам Г. Шабар прыступілі да яго цераблення. Дружна працуючы, яны раней за ўсіх у калгасе выцерабілі лён на ўсёй плошчы. Цяпер вядзецца абмалот, хутка будзе рабіцца і рассціл ільносаломкі.

АРТЫСТЫ Ў ГАСЦЯХ У ХЛЕБАРОБАЎ

Цесная дружба ўстанавілася паміж хлебаробамі сельгасарцелі імя Карла Маркса і артыстамі сталічнага Тэатра юнага гледача, якія ўжо некалькі разоў ставілі спектаклі на сцэне мясцовага Дома культуры.

Гледачы заўсёды заставаліся вельмі ўдзячныя ім. Цёплай была сустрэча і на гэты раз. Зноў у зале пасля працоўнага дня сабралася шмат хлебаробаў, школьнікаў і дзяцей. Артысты тэатра паказалі спектакль “Над хвалямі Серабранкі”. Усе прысутныя шчыра дзякавалі майстрам сцэны, цёпла развітваліся з імі пасля выступлення. У сваю чаргу артысты паабяцалі ў далейшым не парываць сувязь з хлебаробамі гаспадаркі.

ВОЎНА ЗВЫШ ПЛАНА

Звыш тоны воўны прадалі дзяржаве жывёлаводы сельгасарцелі “Перамога”. Тут налічваецца 530 авечак, на якіх атрымалі добры настрыг шэрсці.

Дзякуючы развіццю авечкагадоўлі, павялічваюць вытворчасць мяса і воўны сельгасарцелі “Рассвет”, “Верны шлях”, імя М. Горкага і інш. Сельгасарцель імя Чапаева рапартавала аб новым поспеху. Яна выканала план продажу воўны на 129 працэнтаў. Перавыканалі гадавы план авечкаводы калгаса імя Куйбышава.

АТРАД ДЗЕЙНІЧАЕ

Механізатары атрада па барацьбе з захворваннямі і шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін аказваюць значную дапамогу калгасам і саўгасам раёна ў вырошчванні багатых ураджаяў збожжавых, тэхнічных і сіласных культур.

Сіламі атрада праведзена хімічная праполка 2508 гектараў ільну, амаль на 1500 гектарах знішчана льняная блыха.

НА КУБАК РАЁНА

У другі раз будзе разыгрывацца ў раёне кубак па футболу сярод сельскіх калектываў. На старт барацьбы за ганаровы трафей выходзяць каля 30 каманд калгасаў і саўгасаў.

У добрай спартыўнай форме і цяпер знаходзяцца футбалісты сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” – пераможцы фінальнай гульні мінулага года. Шмат працуюць над сабой, рэгулярна праводзяць трэніроўкі спартсмены калгасаў “Краіна Саветаў”, “Запаветы Ільіча”, саўгаса “Ракаўскі”. Бадай, паміж гэтымі калектывамі і разгарыцца асноўны спор за кубак. Ужо зацверджаны графік гульняў, першая адбудзецца ў Пяршаях.

“СТАЛОВАЯ, ЯКУЮ АБМІНАЮЦЬ”

Так ахарактарызаваў яе жыхар івянца А. Мазур. Гутарка ідзе пра сталовую № 3 Івянецкага сельпо, якая знаходзіцца ў цэнтры саўгаса “Радзіма”.

Нядаўна ён наведаўся туды ў час абеду. У меню значыліся толькі дзве стравы – гуляш і халаднік, а на трэцяе – чай. Халаднік яму прынеслі, а вось гуляш чамусьці не. Потым падышла загадчыца сталовай і паведаміла, што гуляш яны не прыгатавалі, бо няма дзе захоўваць мяса. “Можам спячы яечню”, – дадала яна. Такія ж адказы атрымалі і іншыя наведвальнікі – рабочыя саўгаса, якія хацелі паабедаць у свёй сталоўцы, а выйшлі адсюль ні з чым.

Многія прычыны перашкаджаюць работнікам сталовай працаваць, як належыць. І галоўная – няўвага да грамадскага харчавання з боку сельпо. Ужо паўгода на кухні не працуе халадзільнік. Псуецца мяса, каўбаса, тлушч, маргарын, агародніна. Падвал сталовай поўнасцю застаўлены тарай з бутэлькамі. Яны не вывозяцца каля паўгода.

ПРЫХОДЗІЦЬ ПАПАЎНЕННЕ

Заўсёды ажыўлена і мнагалюдна на базе раённага аб’яднання “Белсельгастэхніка”.

Тут калгасы і саўгасы раёна набываюць трактары, аўтамашыны, сельскагаспадарчыя прылады, запасныя часткі і іншыя тавары вытворчага прызначэння. Толькі сёлета гаспадаркам раёна прададдзена 27 гусенічных, 25 колавых трактароў, 17 збожжавых камбайнаў. Усяго з пачатку года прададзена розных машын на суму 1 мільён 421 тысяча рублёў. Новыя машыны нядаўна набылі калгасы “17 верасня”, “Радзіма”, саўгас “Залескі”. Зараз на палях Валожыншчыны працуюць 576 трактароў, 108 камбайнаў, звыш 400 аўтамашын, сотні прычапных і навясных сельскагаспадарчых прылад.

І ВУЧЫЦЦА ПАСПЯВАЮЦЬ

Калектыў Забрэжскай участковай бальніцы ў асноўным складае моладзь. Той, хто пабываў тут, пераканаўся, што дзяўчаты працуюць і медыцынскімі сёстрамі, і санітаркамі.

Тут нарадзілася добрая традыцыя працу сумяшчаць з вучобай. Былая санітарка бальніцы Т. Маскалік стала медыцынскай сястрой, урач Л. Аноцкая вучыцца ў аспірантуры, а фельчар С. Стралец закончыў інстытут і цяпер працуе ўрачом. Адміністрацыя бальніцы і мясцовы камітэт прафсаюза заўсёды ідуць насустрач тым, хто павышае свой агульнаадукацыйны ўзровень. Напрыклад, для работнікаў кухні быў распрацаваны спецыяльны графік. Згодна з ім, тыя, хто вучыцца, не былі заняты работай у вячэрнія гадзіны. Санітаркам дазволена крыху раней заканчваць працу.

УСЁ ГАТОВА

Школа № 2 Валожына гатова да пачатку заняткаў: тут зроблены рамонт памяшканняў, пафарбаваны парты, добраўпарадкаваны двор.

Праведзены ўлік і дзяцей школьнага ўзросту. У першым класе будуць займацца больш за 50 чалавек. Ужо добра ведаюць сваіх будучых вучняў настаўніцы А. Я. Лісава і Т. С. Віткіна. Школьных дапаможнікаў набыта сёлета аж на 900 рублёў. Многа папрацавала на геаграфічнай пляцоўцы В. Е. Даншына. Добры падарунак рыхтуе сваім сябрам група васьмікласнікаў. Пад кіраўніцтвам настаўніцы Т. Ф. Хахловай вучні абсталёўваюць пакой баявой і працоўнай славы.

УРАЧЫСТА І РАДАСНА

Каля 200 будаўнікоў Валожынскага міжкалгасбуда сабраліся ў сваім клубе, каб урачыста адзначыць прафесійнае свята – Дзень будаўніка.

Павіншаваў усіх са святам старшыня савета арганізацыі М. Р. Ліхач. Ён расказаў аб пачэснай прафесіі будаўніка, аб дасягнутых поспехах і лепшых людзях калектыву. У гонар свята 60 будаўнікам былі ўручаны каштоўныя падарункі, 7 з іх атрымалі ганаровыя граматы абласной арганізацыі міжкалгасбуда і 2 – граматы Галоўміжкалгасбуда. Слесару А. Невядомскаму, кіраўніку брыгады па вырабу зборнага жалезабетону В. Казакевічу і брыгадзіру компекснай брыгады будаўнікоў В. Зеньку былі ўручаны дыпломы майстроў “Залатыя рукі”.

СЕЗОННЫЯ КЛОПАТЫ

Распачаўся грыбны сезон. З кожным днём павялічваецца прыток гэтага багацця лесу на грыбаварныя пункты. Іх ужо дзейнічае ў раёне 37.

Толькі за некалькі дзён было адпраўлена на Маладзечанскі плодакансервавы камбінат звыш 4 тон баравікоў, падасінавікаў, падбярозавікаў і іншых грыбоў.

Старонкі газеты гартала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий