З 16 лістапада на Міншчыне ўводзіцца абавязковы масачны рэжым

COVID-19 Безопасность и здоровье Главное

На гэту тэму выступіў з тлумачэннямі старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ.

МАСАЧНЫ РЭЖЫМ НАЛЕЖЫЦЬ ВЫКОНВАЦЬ УСІМ І АБАВЯЗКОВА.

Ён прынцыповы ў пытанні зніжэння колькасці хворых на COVID-19.

– Ні для каго не сакрэт, што сітуацыя з захворваннем COVID-19 у краіне складаецца сур’ёзная. І хоць яна кантралюемая – хапае і ложкавага фонду, і неабходных лекаў, а таксама масак і сродкаў індывідуальнай абароны, – кожнаму з нас усё ж варта больш адказна падыходзіць да засцярогі сябе і блізкіх ад небяспечнай хваробы.

Напрыканцы мінулага тыдня кіраўнік Мінскай вобласці падпісаў рашэнне № 982 ад 13.11.2020 года, адным з пунктаў якога стала патрабаванне забяспечыць з 16 лістапада увядзенне выкарыстання насельніцтвам сродкаў аховы органаў дыхання у грамадскіх месцах на тэрыторыі сталічнага рэгіёну.

У ахоўных масках людзі павінны быць не толькі на сваіх працоўных месцах. Выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі) неабходна на аб’ектах (нерухомых і рухомых) і ў арганізацыях усіх формаў уласнасці: магазінах, гандлёвых кропках, аб’ектах грамадскага харчавання (за выключэннем часу непасрэднага прыёму ежы), аптэках, установах аховы здароўя, установах адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спартыўных аб’ектах, адміністрацыйных будынках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты, аб’ектах бытавога абслугоўвання, установах культуры, грамадскім транспарце (у тым ліку маршрутных і звычайных таксі), а таксама на іншых аб’ектах, дзе цяжка ці немагчыма забяспечыць сацыяльнае дыстанцыраванне.

Адказнасць за людзей, якія грэбуюць падобнай засцярогай ад каронавіруснай інфекцыі, будуць несці кіраўнікі арганізацыі, дзе выявілі парушальніка.

Заклікаю ўсіх дбайна падысці да выканання гэтага рашэння – усур’ёз паклапаціцца пра ўласнае здароўе, здароўе блізкіх людзей і тых, хто знаходзіцца побач з вамі!