СТВАРЫЛА СВОЙ РАЙ…

Культура

Калі ў Эдэмскім садзе жыць забаранілі, дзе ж яшчэ застаецца Еве будаваць сваё зямное шчасце, як ні ў сціплым Багданаве? Сюды яшчэ маладым спецыялістам настаўніцу фізікі Еву Віктараўну Дубніцкую лёс прывёў пасля заканчэння ў сталіцы колішняга інстытута імя Максіма Танка.

У адрозненне ад сваёй біблейскай цёзкі Ева Віктараўна Дубніцкая навучылася адрозніваць дабро ад зла і набыла пачуццё эстэтыкі, не еўшы яблыка з Дрэва Пазнання. Лепшым настаўнікам для яе сталі жыццёвыя перыпетыі, якіх хапіла з лішкам.

Чамусьці ў цяжкіх 50-х гадах не лічылася за сорам пры жывых бацьках аддаваць дзяцей на выхаванне ў дзіцячы дом. Бацькі Евы развяліся, маці-калгасніца гадавала пецярых дзяцей адна. Таму, мабыць, вяскоўцы не надта асуджалі, калі малую Еву на пяць гадоў уладкавалі ў тагачасны Ракаўскі дзіцячы дом. Родных, якія засталіся жыць у Іўеўскім раёне, дзяўчынка бачыла нячаста.

Свой смутак Ева засланіла музыкай. Калі аднойчы ўзяла ў рукі акардэон, больш з ім не расставалася. Ігру на музычным інструменце асвоіла самастойна. Лёгка пакарыліся яе рукам і струны гітары.

У інстытут дзяўчына ехала з цвёрдым намерам паступаць на літаратурна-музычны факультэт. Аднак усе карты пераблытаў выкладчык, які, паглядзеў на яе выдатныя адзнакі ў школьным атэстаце і запрасіў на факультэт фізікі. Маўляў, фізікі нам больш патрэбны, ды і зарабляюць яны больш, чым лірыкі.

Ева біблейская была першай жанчынай, якая сказала: “Мне зусім няма чаго апрануць!” Ева багданаўская, маючы дакумент швачкі, ніколі не перажывала, як прыдбаць новую абноўку. У маладосці заўсёды апраналася стыльна і з густам. Уборы, за якія атрымлівала безліч кампліментаў, шыла сама. У прыгожай вясёлай дзяўчыны ад паклоннікаў не было адбою,  шмат хлопцаў  дабіваліся яе ўвагі і прыгожае старазапаветнае імя яе запаміналі назаўсёды.

“Лепш жыць за брамай раю з ёй, чым у раі без яе”, – мабыць так разважыў малады муж, калі адправіўся ўслед за жонкай на невядомую Валожыншчыну.

…Старазапаветная Ева была, мабыць, адзінай жанчынай, якая гаварыла чыстую праўду. Ева Віктараўна таксама стараецца не крывіць душой. Часам нават залішне прамалінейная, што цягне за сабой ланцужок нядобразычліўцаў. Праўда ж вочы коле.

Шмат гадоў жанчына настаўнічала ў мясцовай школе, тлумачыла падлеткам і аб уласцівасцях і будове матэрыі. Дадаткова вяла ўрокі матэматыкі, працы і музыкі. Школьны ансамбль пад яе кіраўніцтвам заўсёды быў жаданым госцем на раённых канцэртах і ў шматлікіх конкурсах займаў першыя месцы. Не рассталася Ева Віктараўна са школай і, калі пайшла на заслужаны адпачынак, выкладае фізіку ў Вайганаўскай базавай школе. А малых выхаванцаў Багданаўскага дзіцячага садка, дзе Ева Віктараўна паралельна працуе музычным кіраўніком, жанчына вучыць танцаваць каласічны вальс, кракавяк, польку, танга і падэспань. Пад акампанемент баяна малыя непаседы з вялікім задавальненнем развучваюць народныя і сучасныя песні.

Ева Віктараўна зараз жыве адна. Нядаўна пахавала любімага мужа. Аднак застацца ў самоце ёй не даюць шматлікія родзічы, якія любяць пагасціць у маляўнічых багданаўскіх мясцінах. Ды і ўнуку-мінчаніну падабаецца адпачываць у клаптлівай бабулі.

Энергічная і працавітая жанчына трымае сваю сядзібы ў ідэальным парадку. Вакол хаты – узорная чысціня. На дрэвах пунсавеюць глянцавыя яблыкі, сведкі поўнай таямнічасці нашай маці-прыроды.

Свой рай можна стварыць і на зямлі, калі пастарацца.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий