Памяць пра Рушчыца жыве. Цяпер — і ў паштовай марцы

"Минщина, мы тобой гордимся!" Год малой Родины Культура

Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір МАКЕЙ (у цэнтры), першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел ТКАЧ, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый ГРАМАДА.

На працягу года ў Мінску і ў вёсцы Багданава праходзілі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 150-годдзя з дня нараджэння нашага знакамітага земляка – мастака Фердынанда Рушчыца. Адным з цэнтральных элементаў святкавання юбілею стала афіцыйная цырымонія гашэння паштовай маркі, падрыхтаванай Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі «Белпошта» ў рамках тэматыкі Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі – «дзеячы мастацтваў».

Цырымонію адкрыў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей. У выступленні ён адзначыў, што ўключэнне 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем сусветнага прызнання яго творчасці. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна, што ў нашай сумеснай гісторыі з іншымі краінамі ёсць такія адметныя асобы, культурная спадчына якіх выступае як мова міжнацыянальных зносін, спрыяе развіццю сяброўскіх адносін.

Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ткач прывітаў гасцей і адзначыў, што прэзентацыя паштовага праекта праходзіла ўпершыню ва ўтульным «Паштовым салоне» ў будынку Галоўпаштамта, які адкрыўся літаральна за месяц да гэтай падзеі – у пачатку кастрычніка.

Па словах намесніка міністра, выданне паштовых марак – гэта ўнікальная магчымасць папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі. З 1992 года і па цяперашні час выпушчана ў абарачэнне 1400 паштовых марак і многія з іх прысвечаны нацыянальнай культуры, архітэктуры, літаратуры, мастацтву.

«Фердынанд Рушчыц шмат падарожнічаў па Беларусі, а паштовая марка, падарожнічаючы па ўсім свеце, будзе дэманстраваць унікальны стыль і творчасць Майстра!» – адзначыў Павел Ткач.

Беларуская пошта падрыхтавала да гэтай падзеі экспазіцыю, якая прадэманстравала паштовыя выпускі на тэмы, уключаныя ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Нагадаем: рашэнне аб уключэнні ў гэты Каляндар на 2020 год 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца было прынята на 40-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у лістападзе выпусціла ў абарачэнне паштовую марку «Фердынанд Рушчыц» з эмблемай Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі (РСС).

Дызайн распрацаваны Аленай Мядзведзь. Друк афсетны, поўнакаляровы. Папера мелаваная, гуміраваная. Зуб. грэб. 13:131/2. Памер маркі 52х29,6 мм. У лісце сем марак і адзін купон. Памер ліста 180х109 мм. Тыраж маркі – 35 тысяч, друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Т. Непагодзіна».

Намінал маркі «M» адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай паштовай карткі прыярытэтнай.

Праект падрыхтаваны па матэрыялах з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Літвы і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска было праведзена спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц (10.12.1870-30.10.1936) – мастак-пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы і Літвы. Валодаў выключным дарам каларыста: сучасныя мастацтвазнаўцы завуць мастака «майстрам чатырох стыхій». Акрамя поспеху ў станковым жывапісе, Рушчыц набыў сабе славу цудоўнага афарміцеля спектакляў, кніжнага графіка, ілюстратара часопісаў; ён рабіў эскізы медалёў, штандараў, тэатральных касцюмаў, афіш; з’яўляўся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, шмат ездзіў па Беларусі, рабіў замалёўкі старадаўніх замкаў і іх руін.

Фота з інтэрнэт-крыніц